Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крэмль губляе галоўны інструмэнт вайны супраць Украіны». Дыплямат — пра імавернасьць уварваньня


Украінскае войска
Украінскае войска

Сустрэча міністраў замежных спраў АБСЭ праходзіць у Стакгольме на фоне вялікай колькасьці расейскіх войскаў на мяжы з Украінай. Менавіта гэта стала галоўнай тэмай асноўных пасяджэньняў і двухбаковых перамоваў.

Сяргей Лаўроў абвінаваціў Кіеў у зрыве рэжыму цішыні на Данбасе і невыкананьні Менскіх дамоўленасьцяў. Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітрый Кулеба нагадаў, што гэта Расея абстрэльвае Ўкраіну і блякуе працу спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ на Данбасе — зь ім пагадзіўся дзяржсакратар Энтані Блінкен. Пытаньне патэнцыйнай пагрозы расейскай агрэсіі ва Ўкраіне ўзьнімалася на ўсіх сустрэчах саміту. На Захадзе лічаць, што Расея можа рыхтаваць уварваньне.

Аляксандр Хара, дыплямат, экспэрт Цэнтру абаронных стратэгій з Украіны, лічыць, што імавернасьць уварваньня — гэта пагроза Расеі Захаду. У эфіры тэлеканалу «Настоящее время» ён патлумачыў, чаму так адбываецца.

— А вам як здаецца, наколькі імаверная гэтая спроба прамога ўварваньня Расеі ва Ўкраіну?

— Уварваньне пачалося фактычна ў сакавіку-красавіку 2014 году, і ёсьць акупаваныя і незаконна анэксаваныя тэрыторыі. Таму калі можам гаварыць, дык гэта толькі пра відавочную прысутнасьць, шырокамаштабныя нейкія дзеяньні, накіраваныя ня проста на, скажам так, захоп тэрыторый або іх легітымізацыю праз проксі-сілы, як гэта адбылося ў Данецку і Луганску. А [на тое], як бы падпарадкаваць цалкам тэрыторыю Ўкраіны і Кіеў — самае галоўнае, што неабходна Пуціну. І, у прыватнасьці, гэтыя заявы прэзыдэнта Пуціна спачатку перад дыпляматамі, пару дзён таму. Потым быў артыкул Фёдара Лук’янава, дзе абсалютна ўжо без усялякіх хітрыкаў было напісана ўласна патрабаваньне. Але і зараз ужо агучаныя патрабаваньні спадаром Лаўровым падчас паседжаньня АБСЭ.

Таму маскі зьнятыя: гэтым Расея паказвае, што ніякі гэта не грамадзянскі канфлікт на тэрыторыі Ўкраіны, таму што вельмі дзіўна сабе ўявіць данецкіх шахтароў і камбайнэраў, якія ваююць для таго, каб NATO не прысунулася да межаў Расеі, гэта, натуральна, нонсэнс.

Цяпер мы разумеем, што пад пагрозай прамой агрэсіі такія ўмовы выстаўляюцца Захаду. Па вялікім рахунку, трэба разумець, чаму гэта адбываецца цяпер і ў артыкуле Пуціна з прэтэнзіяй на ўсю Ўкраіну, і ў артыкуле Мядзьведзева, які кажа, што няма сэнсу размаўляць з прэзыдэнтам Зяленскім. Я ўжо не кажу пра ўсякія хамскія выказваньні дэпутатаў, віцэ-прэмʼераў Дзяржаўнай Думы Расейскай Фэдэрацыі наконт Украіны.

У Маскве разумеюць, што навязаць Украіне сваё прачытаньне Менскіх дамоваў немагчыма. І ў апублікаванай перапісцы Нармандзкай чацьвёркі абсалютна выразна прасочваецца гэтая пазыцыя, калі бачаньне Расеі як пасярэдніка абсалютна не праглядаецца. Няма гэтага інструмэнту, бо за апошні год украінская ўлада прыняла шэраг вельмі важных мер: у прыватнасьці, зачыненыя прарасейскія інфармацыйныя прапагандысцкія каналы, спадар Медзьвядчук фактычна абмежаваны ў магчымасьці ўплываць на ўнутраную палітыку, было прынята некалькі дастаткова важных заканадаўчых актаў, мы чакаем пра пераходны пэрыяд важны закон.

Усе гэтыя рэчы проста паказваюць, што Крэмль катастрафічна губляе самы галоўны інструмэнт вайны супраць Украіны — гэта ўнутраныя палітычныя разлады і інструмэнты, якія могуць падарваць стабільнасьць. Ну, і такім трывожным званочкам для Масквы было выкарыстаньне Ўкраінай «Байрактараў» — турэцкага баявога дрона, які на ўзбраеньні ўкраінскіх Узброеных сіл.

Гэтыя ўсе рэчы падштурхоўваюць да іншых крокаў — да эскаляцыі напружанасьці, пагрозы прамога ўварваньня. І калі вы пагледзіце на тое, што адбываецца на працягу апошніх 2-3 тыдняў, то крамлёўская інфармацыйная апэрацыя накіраваная не на Ўкраіну, а накіраваная на Злучаныя Штаты. Таму і павінен адбыцца ці то званок, ці то саміт паміж Байдэнам і Пуціным, дзе Пуцін хоча, як у свой час у Ялце, падзяліць сьвет: сказаць, што тут будзе жалезная заслона, і Украіна, Беларусь, і некаторыя іншыя дзяржавы трапляюць туды, і ня лезьце ў нашы справы.

Фактычна мы гаворым аб праве на волю на ўласнай тэрыторыі, а таксама на сумежных тэрыторыях. Гэта такі бэкграўнд, падстава, фон, на якім разгортваюцца, скажам так, канцэнтрацыя сіл і сродкаў на нашых межах, і пагрозы ўжо прамыя, абсалютна непрыкрытыя.

Дарэчы, мы павінны ўзгадаць сёмы разьдзел Статуту ААН, які рэгулюе тыя сытуацыі, калі ёсьць прамая пагроза міру, калі ёсьць пагроза прымяненьня сілы. І сёньня мы гэта бачылі абсалютна адкрыта ў выступе спадара Лаўрова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG