Сёньня на наша пытаньне адказвае Лявон Вольскі.
— Калі задумацца, дык нагодаў для радасьці было ня надта й шмат. Але былі. Парадавалі вандроўкі, хаця для іх цяпер ня вельмі зручны час. Тым ня меней, у параўнаньні зь мінулым годам мы шмат езьдзілі па Эўропе, і гэта было весела і цікава. Часам гэта спалучалася з канцэртамі, часам — не (напрыклад, у сярэдзіне лета мы на тыдзень выбраліся на мора).
Калі пра «прымусіла ўсьміхнуцца» — дык гэта шмат розных рэчаў, часам, ня вельмі вясёлых, таму ўсьміхаўся саркастычнай крываватай усьмешкай. Гэта новыя вельмі крэатыўныя ініцыятывы ўладаў, часьцяком інсьпіраваныя «сілавікамі». У розных галінах — працягу змаганьня са «змагарамі», «патрыятычнага выхаваньня» моладзі і падлеткаў, фільтрацыі тэатральнага і кінапрадукту, прыняцьця новых цікавых, можна сказаць, эксклюзіўных, законаў. Як тут крыва не ўсьміхнуцца! Здаецца, гэтыя людзі згубіліся ў прасторы й часе і зусім не разумеюць, у якім стагодзьдзі і ў якой краіне знаходзяцца.
Лявон Вольскі — музыка.