Спачатку яна перамагла ў «птушыных праймэрыз» (анлайн-галасаваньні, у якім мог удзельнічаць любы чалавек) і стала адной з трох кандыдатак на званьне птушкі году разам са скапай і звычайнай туркаўкай. А пасьля на Зьездзе АПБ за яе змагалася цэлая агітацыйная група. У выніку белая сініца атрымала перамогу зь вялікім адрывам, паведамляе Ахова птушак Бацькаўшчыны.
Белая сініца гняздуе ў Беларусі і Ўкраіне толькі ў Палесьсі і нават узімку не пакідае яго. Птушкі канцэнтруюцца вакол Прыпяці і на яе прытоках. Тут белая сініца ўтварае ізаляваную папуляцыю. Асноўны ж арэал расьцягнуўся паласой ад Масквы да Японскага мора.
Гэта адзін з самых папулярных відаў беларускіх птушак за мяжой. Шмат турыстаў прыяжджаюць на Палесьсе, каб пабачыць менавіта яе. Птушка гэтая меншая за вераб’ёў: вага да 16 грамаў, размах крылаў да 21 см. Белая сініца ўключаная ў «Чырвоную кнігу Беларусі» яшчэ зь першага выданьня. Іх колькасьць у Беларусі апошні раз ацэньвалася ў 2015 годзе — усяго ў 500-800 пар.
Нацыянальную кампанію «Птушка году» АПБ праводзіць з 2000 году, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі іх праблемаў і неабходнасьці захаваньня тых месцаў, дзе яны жывуць.
Цягам году арнітолягі будуць адлоўліваць і пазначаць белых сініц каляровымі кольцамі. Паназіраць за працэсам кальцаваньня можна будзе ў Тураве на першай у Беларусі станцыі кальцаваньня.
У Палесьсі АПБ плянуе правесьці адмысловыя ўлікі ў месцах іх гнездаваньня і закласьці маршруты для будучага маніторынгу. Узімку ў межах кампаніі з дапамогай лесьнікоў і школьнікаў плянуюць зрабіць і разьвесіць сотні дамкоў для белай сініцы на Палесьсі. А каб паназіраць за белымі сініцамі змог любы ахвотны, АПБ паспрабуе зладзіць анлайн-трансьляцыю з кармушкі ў Палесьсі.