Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі суд у правах чалавека забараніў Расеі выдаваць беларуса Вадзіма Дубойскага


Вадзім Дубойскі
Вадзім Дубойскі

Берасьцеец цяпер знаходзіцца ў Белгарадзкім СІЗА ў Расеі, яму пагражае выдача на радзіму.

ЭСПЧ забараніў экстрадыцыю Вадзіма Дубойскага ў Беларусь, бо пагадзіўся з довадамі абароны пра перасьлед і магчымасьці катаваньняў беларуса з боку сілавікоў. Пра гэта naviny.online паведаміла сястра Дубойскага.

9 верасьня суд у Белгарадзе прыняў рашэньне выдаць Вадзіма беларускім уладам. Рашэньне не набыло моцы, бо адвакат яго абскардзіў у апэляцыйнай інстанцыі. Але супрацоўнікі СІЗА ў Белгарадзе «не разабраліся» і 22 верасьня пачалі працэс высылкі Дубойскага ў Беларусь. 23 верасьня экстрадыцыю спынілі ў Курску, за 150 кілямэтраў ад Белгараду.

31-гадовы Вадзім Дубойскі пад вартай з 16 красавіка. У жніўні 2020 яго пабілі ў падвалах Дома правасудзьдзя ў Берасьці, а затым ён стаў фігурантам справы паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу. Ён уцёк у Расею, адтуль плянаваў перабрацца ва Ўкраіну, але быў затрыманы расейскімі памежнікамі за спробу пераходу мяжы па-за пунктам пропуску.

У Беларусі яму пагражае да 8 гадоў калёніі за «масавыя беспарадкі». Дубойскі — адзін са шматлікіх беларусаў, якіх затрымалі расейскія ўлады за ўдзел у беларускіх пратэстах.

Расея раней, няглядзячы на рашэньне ЭСПЧ забараніць выдачу, перадала беларускаму боку палітвязьня Аляксея Кудзіна. Абарона апэлявала да таго, што Кудзіна на радзіме могуць чакаць катаваньні, але расейскі суд не пагадзіўся з рашэньнем міжнароднага суду і выдаў шматразовага пераможцу і прызэра прэстыжных спаборніцтваў у адзінаборствах.

Фактычна толькі аднаго чалавека з затрыманых пасьля жніўня 2020 году вызвалілі. Гэта блогер Мікалай Давідчык, які амаль 20 гадоў пражыў у Маскве. У Беларусі Давідчыка абвінавацілі ў грубым парушэньні грамадзкага парадку за адміністраваньне тэлеграм-чату Ліды і накіравалі запыт аб яго экстрадыцыі. У сакавіку Мікалая затрымалі супрацоўнікі ФСБ. Ён правёў паўтара месяца ў СІЗА, пакуль расейская Генпракуратура нечакана не адхіліла запыт. Пасьля вызваленьня ён пераехаў у Польшчу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG