30 лістапада Эўразьвяз апублікаваў сьпіс фізычных асобаў і кампаній, якія трапілі ў пяты санкцыйны сьпіс. Акрамя прамысловых гігантаў кшталту «Гродна Азоту» і «Белшыны», у яго ўпершыню ўключылі беларускія турыстычныя кампаніі. Гэта вялікі дзяржаўны турапэратар «Цэнтаркурорт» і прыватная «Оскартур». Расказваем пра гэтыя кампаніі больш падрабязна.
Уладальнік сеткі аптэк і нацыянальнага брэнду Vetliva
Кампанія «Цэнтаркурорт» зарэгістраваная яшчэ ў 1994
годзе пад назвай Дзяржаўная ўстанова «Галоўнае ўпраўленьне лячэбна-прафіляктычных і санаторна-курортных установаў» Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. «Цэнтаркурорт» на 100% належыць дзяржаве, а дакладней, Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, «Цэнтаркурорт» зьяўляецца пасьпяховым прадпрыемствам. У яго няма запазычанасьцяў перад дзяржбюджэтам і выяўленых парушэньняў у дзейнасьці. За апошнія дзесяць гадоў кантрольныя органы прыходзілі ў «Цэнтаркурорт» шэсьць разоў, пры гэтым за апошнія пяць гадоў праверак у самым буйным дзяржаўным турапэратары не было ўвогуле.
На афіцыйным сайце турапэратара паведамляецца, што «Цэнтаркурорт» супрацоўнічае з шэрагам гатэляў у Беларусі, сярод якіх ёсьць менскія «Юбілейны», «Мінск» (таксама згадваецца як адзін з магчымых аб’ектаў заходніх санкцый. – РС), «Плянэта» і іншыя. Там жа можна знайсьці інфармацыю пра найбольш пасьпяховыя дзяржаўныя праекты, рэалізаваныя з удзелам «Цэнтаркурорту». Сярод іх правядзеньне чэмпіянату сьвету ў хакеі 2014 году і Эўрапейскія гульні ў Менску ў 2019-м.
«Цэнтаркурорт» актыўна ўдзельнічае ў дзяржаўных тэндэрах. Паводле той жа базы kartоteka.by, кампанія за час свайго існаваньня падпісала звыш паўтысячы кантрактаў у межах выкананьня дзяржзакупак. Турапэратар сярод іншага аказвае паслугі Рэспубліканскаму цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі», Рэспубліканскаму цэнтру падрыхтоўкі ў мастацкай гімнастыцы, Цэнтру падрыхтоўкі паралімпійцаў і іншым дзяржаўным структурам. Згаданыя дзяржаўныя кампаніі за дзяржаўны кошт праз «Цэнтаркурорт» купляюць чыгуначныя і авіяквіткі ў той жа «Белавія», якая таксама зьяўляецца дзяржаўнай кампаніяй.
Акрамя непасрэдна брэнду «Цэнтаркурорт», кампаніі належаць брэнды Vetliva (прасоўвае турыстычны брэнд Беларусі за мяжой. – РС) і «Государственная аптека +». Пад апошнім «Цэнтаркурорт» гандлюе лекамі праз сетку аптэк у Менску.
Кіруе «Цэнтаркурортам» Сьвятлана Кончыц, яна ўзначаліла кампанію адносна нядаўна, у 2019 годзе. Да яе «Цэнтаркурорт» больш за 20 гадоў узначальваў Алег Міхайлаў. Кончыц, якая паходзіць з Гомля, да пасады дырэктаркі некалькі гадоў працавала ў «Белгазпрамбанку», дзе яе начальнікам быў Віктар Бабарыка. Яшчэ раней яна ўзначальвала вядомы дзяржаўны санаторый «Альфа Радон».
Мікратурфірма, заснаваная выпускніком БДУІР
Пра таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Оскартур» вядома значна менш. Кампанія была зарэгістраваная ў канцы кастрычніка 2016 году ў падатковай інспэкцыі Ленінскага раёну Менску. Юрыдычны адрас на вуліцы Маркса, аднак фактычны офіс «Оскартура» знаходзіцца ў офісным будынку на вуліцы Ціміразева.
Згодна з афіцыйнымі дакумэнтамі, «Оскартур» зьяўляецца мікраарганізацыяй з колькасьцю супрацоўнікаў да 15 чалавек. Асноўны від дзейнасьці – турыстычная. Заснавальнік і кіраўнік «Оскартуру» (статутны фонд кампаніі складае 100 даляраў) – адзін і той жа чалавек, грамадзянін Іраку Аль-Асадзі Махайман Салах. Нумар яго мабільнага тэлефона таксама пазначаны на старонках «Оскартуру» ў сацсетках.
Імя Аль-Асадзі Махаймана Салаха можна знайсьці ў сьпісах выпускнікоў БДУІР за 2015 год. Пасьля чалавек з такім іменем працягнуў вучобу ў магістратуры і абараніў магістарскую працу пад назвай «Мэтодыка тэставаньня хаатычных генэратараў псэўдавыпадковых пасьлядоўнасьцяў для сыстэм абароны інфармацыі». З датай заканчэньня магістратуры супадае тэрмін рэгістрацыі «Оскартуру» ў падатковай інспэкцыі Менску. Прыкладна на той жа час прыпадае найбольшая актыўнасьць турагенцтва ў сацсетках, дзе актыўна запрашалі грамадзян Іраку наведаць Беларусь.
Пра сувязь «Оскартуру» з арганізацыяй нелегальнай міграцыі ў жніўні 2021 году паведаміла нямецкае выданьне Spiegel і цэнтар расьсьледаваньняў «Досье», які фінансуе Міхаіл Хадаркоўскі. Яны расказалі, што атрымалі ад мігрантаў, якія трапілі ў Нямеччыну з тэрыторыі Беларусі, дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што «Оскартур» афармляў грамадзянам Іраку беларускія візы з дапамогай «Цэнтаркурорту».
Яшчэ раней, у сярэдзіне чэрвеня, «Оскартур» трапіў у рэпартаж Свабоды з Нацыянальнага аэрапорту «Менск» пра сустрэчу аднаго з рэйсаў авіякампаніі Iraqi Airways. Прадстаўнікі кампаніі тады сустракалі дзясяткі грамадзянаў Іраку проста ў аэрапорце ля спэцыяльна арганізаванай стойкі, пасьля чаго вывозілі ўсіх аўтобусамі ў менскія гатэлі. Ад камэнтароў супрацоўнікі «Оскартуру» адмовіліся ў катэгарычнай форме.
«Цэнтаркурорт» і «Оскартур» – гэта ня ўсе турфірмы, якія могуць быць замешаныя ў арганізацыю нелегальнай міграцыі грамадзянаў Сырыі і Іраку праз Беларусь. Свабодзе вядомая назва яшчэ як мінімум адной зарэгістраванай у Менску турыстычнай кампаніі, якая хадайнічала аб атрыманьні грамадзянамі Сырыі групавой турыстычнай беларускай візы на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорту. Гэтая ж кампанія арганізоўвала побыт сырыйцаў у менскім гатэлі «Юбілейны».
Іншая турыстычная кампанія, «Дрым Джоб», афіцыйна паведамляла аб намеры самастойна вывезьці зь Беларусі грамадзян Іраку і Сырыі, якія трапілі ў Беларусь летам 2021 году зь яе дапамогай. Яе назва, як і пералік прыкладна дзесяці іншых кампаній, знайшлася ў апублікаваным на браме беларускай амбасады ў Дамаску сьпісе турфірмаў, якія афармляюць уязныя беларускія візы.
Улады Эўразьвязу ўжо анансавалі наступны, шосты пакет санкцый. Ён можа быць апублікаваны і падпісаны ў лютым 2022 году ў тым выпадку, калі ўлады Беларусі ня спыняць міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЭЗ.