Трывогу NATO выклікае канцэнтрацыя расейскай цяжкай тэхнікі і войскаў каля паўночнай мяжы Ўкраіны.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на мінулым тыдні заявіў, што яго выведныя службы раскрылі пляны дзяржаўнага перавароту, які падтрымліваецца Расеяй.
Расея адпрэчыла гэтыя заявы, як і сьцьвярджэньні аб тым, што яна плянуе ўварваньне ва Ўкраіну.
«Можна абмяркоўваць, якая верагоднасьць уварваньня — 20 працэнтаў ці 80. Гэта няважна. Нам трэба рыхтавацца да горшага», — заявіў Столтэнбэрг журналістам у сталіцы Латвіі Рызе пасьля старшынства на перамовах міністраў замежных спраў NATO, прысьвечаных пагрозе з боку Расеі.
«Няма ніякай дакладнасьці, ніякай яснасьці ў тым, якія намеры Расеі, і яны могуць разьвівацца і мяняцца», — заявіў генэральны сакратар NATO.
«Яны ўжо рабілі гэта раней», — сказаў ён, маючы на ўвазе захоп Расеяй украінскага Крыму ў 2014 годзе.
Адказваючы на пытаньне аб рашэньні NATO задзейнічаць сыстэму плянаваньня мераў па крызісным рэагаваньні, якая дапамагае аналізаваць патэнцыйныя крызісы і рыхтаваць меры ў адказ, ён сказаў: «Саюзьнікі згодныя з тым, што ў нас павінны быць падрыхтаваныя пляны, каб быць упэўненымі ў тым, што мы заўсёды можам абараніць саюзьнікаў ад любой патэнцыйнай пагрозы».
ЗША падзяліліся з эўрапейскімі саюзьнікамі выведнымі дадзенымі, якія папярэджваюць аб магчымым уварваньні. Эўрапейскія дыпляматы адзначылі перамяшчэньні расійскіх войскаў, але некаторыя краіны палічылі пагрозу, што ўварваньне можа пачацца неўзабаве, перабольшанай.
Якія б ні былі намеры Расеі, NATO ня зможа своечасова аказаць Украіне значную ваенную падтрымку, каб зьмяніць сытуацыю ў супрацьстаяньні расейскім сілам.
Столтэнбэрг падкрэсьліў, што Ўкраіна не зьяўляецца часткай альянсу і ня можа скарыстацца гарантыямі калектыўнай бясьпекі, якія дзейнічаюць для чальцоў NATO.