Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Украіны пра заяву Лукашэнкі аб «расейскім Крыме»: «Няма сэнсу ацэньваць плынь сьвядомасьці»


Дзьмітро Кулеба
Дзьмітро Кулеба

Дзьмітро Кулеба пракамэнтаваў намер Аляксандра Лукашэнкі прыехаць у Крым.

30 лістапада ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Дзьмітрыю Кісялёву Аляксандар Лукашэнка заявіў, што лічыць Крым расейскім, і расказаў пра пляны наведаць Севастопаль, дадаўшы «гэта і мой Крым». Таксама ён сказаў, што зь Менску арганізуюць рэйсы самалётаў на акупаваны расейцамі паўвостраў.

Рэакцыя з Украіны пасьледвала ад шэфа МЗС краіны Дзьмітра Кулебы.

«Я мяркую, што няма сэнсу ацэньваць кожную праяву плыні сьвядомасьці, якую рэгулярна ажыцьцяўляе на розных мэдыйных плятформах Лукашэнка. Мы будзем ацэньваць яго дзеяньні», — цытуе міністра ukrinform.ua.

Кулеба заявіў, што калі ўлады Беларусі сапраўды прызнаюць незаконную акупацыю Крыма Расеяй, гэта нанясе непапраўны ўдар па ўкраінска-беларускіх дачыненьнях.

«Мы будзем дзейнічаць па поўнай праграме, Крым — гэта ня тое пытаньне, дзе мы дазваляем сабе стрыманасьць».

У інтэрвію Лукашэнка падкрэсьліў, што яго паездка ў Крым будзе азначаць яго канчатковае прызнаньне паўвострава расейскай тэрыторыяй.

Нягледзячы на шматмесячныя заявы чыноўнікаў і сілавікоў зь Беларусі пра Ўкраіну як «недружалюбную дзяржаву», абвінавачаньні ў пастаўцы зброі ў Беларусь і словы самога Лукашэнкі пра тое, што Беларусь будзе на баку Расеі ў выпадку новага этапу расейска-ўкраінскай вайны, Украіна не разарвала эканамічную супрацу зь Беларусьсю. Афіцыйны Кіеў працягвае закупляць у Беларусі дызэльнае паліва, бітум, электраэнэргію і іншыя тавары.

Паўвостраў Крым, які зьяўляецца аўтаномным рэгіёнам у складзе Ўкраіны, быў акупаваны Расеяй у 2014 годзе. Крэмль неадкладна разгарнуў там сваю палітыку перасьледу іншадумцаў: шмат праўкраінскіх дзеячоў, у прыватнасьці крымскіх татараў, на доўгія тэрміны адправіліся за краты па абвінавачаньнях, якія праваабаронцы лічаць палітычна матываванымі. Некалькі чалавек зьніклі бязь вестак. Міжнародная супольнасьць лічыць Крым тэрыторыяй Украіны і наклала на Расею за акупацыю тэрыторыі эканамічныя санкцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG