Мужчына расказвае, як зьмянілася ягонае стаўленьне да ўцекачоў, што ён пабачыў у лягеры і чаму мігранты спадзяюцца на Ангелу Мэркель.
«Некалькі гадзін у натоўпе, каб кашу атрымаць»
«Пра дапамогу ў лягеры цікава. Гарачую ежу можна атрымаць два разы на дзень. Вось з таго, што я бачыў: раніцай даюць толькі гарбату. А ў абед у іх у талерках ляжыць невялікая порцыя кашы зь нейкай лыжкай тушонкі. І гэта ўся бясплатная ежа гарачая.
А на абед там зьбіраюцца сотні людзей у жудаснай цісканіне. Некалькі гадзін трэба выстаяць у натоўпе, каб тую кашу атрымаць. У каго ёсьць грошы, могуць у шапіках купіць, якія там стаяць. Там выбар невялікі, але нешта ёсьць, нават цёплае адзеньне. У мяне не было магчымасьці кошты там глядзець, але нейкі дзед пры мне цёплую шапку купіў і сказаў, што заплаціў 10 рублёў. Здаецца, гэта нармальна.
Там антысанітарыя, хоць жанчыны стараюся венікамі нешта падмятаць. Гэта ж склад, па сутнасьці. Усе стараюцца завесіцца адзін ад аднаго, каб зрабіць хоць нейкі шалашык, можа, каб ня дзьмула. Але ўсё адно — гэта некалькі тысяч людзей, дзеці бегаюць, усе ходзяць туды-сюды, на вуліцы бруд.
Там на вуліцы нейкі шлянг, драўляны паддон, і жанчыны на холадзе сядзяць і мыюць нешта рукамі ў халоднай вадзе. Выглядае гэта жахліва. Мужчыны мыюць на холадзе з-пад гэтага ж шлянга галаву. І жанчыны таксама шмат хто. Бо ў іх у цэлым такая культура, як яны мне расказвалі, што чалавек павінен добра выглядаць. Асабліва мужчыны стараюцца за сабой сачыць.
Вось тут шмат хто кажа, што яны задобра як на ўцекачоў выглядаюць, а я бачыў, як яны самі адзін аднаго стрыгуць. Так што калі хто цікавіцца іх моднымі стрыжкамі, то гэта яны самі робяць, а ня ходзяць у барбэршопы ўсялякія. Таму яны гатовыя мыцца на холадзе, а ня бруднымі хадзіць.
Яны расказвалі, што ў лягеры ёсьць нейкая лазьня, але нібыта туды толькі жанчыны ходзяць і малыя дзеці. Групамі іх водзяць. Але я сам ня бачыў.
У лягеры ёсьць беларускія вайскоўцы. Я нічога кепскага пра іх сказаць не магу, нармальныя хлопцы. Хоць ад саміх уцекачоў рознае можна пачуць. Хтосьці казаў, што прасіў зарадзіць паўэрбэнк, а зь яго ўзялі за гэта 10 рублёў.
У іх галоўная праблема, што няма сувязі, разэтак там амаль няма. А людзей так шмат. Яны са сваякамі зьвязацца ня могуць. Яны да любога чалавека, які ў лягер трапляе, зьвяртаюцца.
«Хочам працаваць і жыць нармальна»
«У лясах, канечне, таксама людзі ёсьць. У іхных чатах пра гэта пішуць. Ня ўсе пайшлі ў лягер, многія ідуць проста ў лес, каб самім у Эўропу трапіць. А цяпер дужа холадна стала. Нават не ўяўляю, як яны там усё трываюць. Нядаўна знайшлі сям’ю ў лесе, якая ледзьве не загінула. Я нават думаю, што мы ніколі не даведаемся, колькі такіх людзей там загінула за гэты час.
Вялікія грошы зь іх „таксісты“ бяруць, каб да мяжы давезьці. Я сам чуў і пра 150, і пра 600 даляраў. Залежыць хіба ад колькасьці людзей, ад нахабнасьці кіроўцы. У сярэднім гэта каштуе 200–300 даляраў.
Канечне, не ўва ўсіх гэтых людзей ёсьць важкія прычыны, паводле якіх яны могуць падацца ў Эўропе на ўцякацтва. Але ёсьць і тыя, у якіх ёсьць такія доказы. Яны цяпер усе абмяркоўваюць, як у Курдыстане ідуць студэнцкія дэманстрацыі, як іх там прыціскаюць. Увогуле ў іх вельмі вялікія праблемы з адукацыяй у краіне, і многія нават ня могуць сабе яе дазволіць, бо дорага.
Таму калі расказваюць, чаму такое зь імі здарылася, так і кажуць, што мы не галадалі, але мы хочам мець добрую адукацыю, рабіць кар’еру, працаваць, жыць нармальна».
«Усур’ёз пытаюцца, якія ў нас заробкі»
«Ёсьць ужо і такія, хто хоча застацца ў Беларусі. Бо хтосьці перастаў чагосьці чакаць ад Эўропы. Яны таксама вельмі баяцца дэпартацыі. Казалі розныя рэчы, кшталту „лепш я тут памру, чым вярнуся“. Таму яны даведваюцца, як у Беларусі падацца на ўцякацтва.
Некаторыя на поўным сур’ёзе пыталіся, якія тут заробкі. Вось з мужчынам гаварылі, ён пытаецца, колькі можна на простай працы зарабляць, кшталту, у супэрмаркеце працаваць.
Я кажу: „Ну, калі пашанцуе, даляраў 500 можна зарабіць“. Ён ізноў пытаецца: „А кватэру наняць колькі?“ Я кажу: „Ну, калі пашанцуе, за 200“. Ён пры мне пачаў лічыць: 200 на кватэру, 200 на ежу, застаецца 100. І ён пры гэтым так зьдзіўлена на мяне глядзіць. Я кажу: „Так, у нас так людзі жывуць“. І пайшоў ён разгублены далей думаць.
Я лічу абсалютна несправядлівым, калі кажуць, што гэтыя людзі па халяву едуць. Па відэасувязі паказвалі сваіх сваякоў, якія ўжо ў Эўропе даўно жывуць. Дык яны там працуюць у асноўным, ведаюць добра нямецкую мову, ангельскую. У мяне склалася ўражаньне пра курдаў вельмі добрае. Гэта не халяўшчыкі, а часта вельмі інтэлігентныя, адукаваныя людзі».
«Мы палякаў паважаем, яны абараняюць мяжу»
«Пра беларусаў вельмі добра там усе кажуць, што людзі ў нас вельмі добрыя. Жартуюць нават, што як трапяць у Нямеччыну, то вернуцца па жонак у Беларусь.
Увесь час пытаюцца, ці ёсьць якія навіны. А што я ім скажу? Часта нейкія прыдуманыя навіны пераказваюць, дзе толькі бяруць іх. То я тады і кажу, што гэта няпраўда. Але там людзі ў безвыходным становішчы, гэта як людзі ў турме амністыі чакаюць, нібыта цуд здарыцца зараз. Так і там.
Але яны добра разумеюць, чаму так адбываецца. Разумеюць, чаму Польшча так робіць. Некаторыя, канечне, вельмі злыя на палякаў. Але некаторыя хлопцы казалі пры мне, што мы іх, палякаў, паважаем, бо яны абараняюць мяжу сваёй краіны.
Чуў, як хлапец казаў: „Мы першыя пачалі, як канфлікт быў“. Гэта пра тыя камяні, што празь мяжу шпурлялі. Яны сябе не апраўдваюць. Таму ў мяне яны нават павагу выклікаюць. Не спрабуюць яны выкручвацца».
«Гэта замкнёнае кола»
«Я думаю, што ім найбольш патрэбная юрыдычная дапамога. Перакладчыка з курдзкай трэба, напрыклад. А іншых моваў яны ня ведаюць. Там многія і арабскай ня ведаюць. Адзін аднаму дапамагаюць, каб зь іншымі людзьмі размаўляць. Нават калі нехта хацеў бы ў Беларусі застацца, то яны і даведацца ня могуць, як ім дакумэнты аформіць ці запыт нейкі зрабіць. Гэта замкнёнае кола.
Шмат хто пытаецца, чаму яны легальна ня могуць трапіць у Польшчу ці ў Нямеччыну, а яны проста ня ведаюць, як гэта зрабіць, і даведацца няма як. Тут чалавеку, які разумее мову, цяжка, а калі зусім нічога ня ведаеш, што рабіць?
Як у лягеры людзям дапамагчы, я ня ведаю. Але ў Менску ці ў іншых гарадах можна мігрантам дапамагаць, як хто хоча.
Я думаю, што ў большасьці ўжо скончыліся легальныя візы, бо яны былі на кароткі тэрмін. Шмат у каго, я ведаю, былі групавыя візы — кшталту віза ў кагосьці аднаго, і яны мусяць такой жа групай і назад выехаць. І ў такіх у пашпарце і няма нічога, апроч штампа пра ўезд. То ім наняць кватэру ўжо немагчыма, нават хостэл ці гатэль мусіць іх зарэгістраваць.
Яны расказваюць, што ў Менску міліцыя падыходзіць да мігрантаў, правярае дакумэнты і адпраўляе на дэпартацыю. Таму яны ўжо баяцца па вуліцах хадзіць, стараюцца ня быць заўважнымі».
«Проста спадзяюцца на чалавечнасьць»
«Я вось па-простаму скажу: беларусы крыўдзяцца на ўцекачоў, што тыя не разумеюць, у якую краіну яны трапілі, і што яны ў нейкай палітыцы тут дапамагаюць. І я таксама нічога ня ведаў. Мне здавалася, што з курдамі ўсё больш-менш у парадку, жанчыны там у войску, народ больш дэмакратычны.
Але паслухаўшы іх, разумею, што там далёка ня ўсё так проста. Ім таксама крыўдна, што іх ніхто не разумее. А беларусам крыўдна на іх: маўляў, чаго вы сюды прыперліся, у нас тут свая дыктатура і свае праблемы. А насамрэч мы проста нічога ня ведаем адзін пра аднаго, і ніколі не цікавіліся нават.
Уцекачы спадзяюцца ўжо хоць на нешта. Найбольш паважаюць Мэркель. Кажуць, што яна добрая, што яна іх уратуе. Але некаторыя нават пытаюцца, ці ў Расею можна перабрацца. Яны проста спадзяюцца на чалавечнасьць.
Што нехта пабачыць, у якім яны стане, зразумее, што яны проста хочуць жыць нармальна, што яны не нахлебнікі, хочуць працаваць. Шмат у каго ёсьць прычыны не вяртацца. Таму яны гатовыя на ўсё, абы не назад».