У лесе каля памежнага польскага гораду Кляшчэлі валянтэры знайшлі сырыйскую сямʼю з дваімі дзецьмі. Яны трапілі ў Польшчу церазь Беларусь. Маладыя бацькі спадзяваліся, што ў Эўразьвязе іхны шасьцігадовы сын, хворы зь дзяцінства, зможа атрымаць лепшае лячэньне, чым у Сырыі, дзе ідзе вайна.
Яны нават у страшным сьне не маглі сабе ўявіць, што іх чакае на мяжы.
«Беларускія салдаты сказалі, што нам трэба выбіраць: або Польшча, або сьмерць. Мы пайшлі да польскіх памежнікаў і папрасілі іх дазволіць нам перасячы мяжу, бо дзеці галодныя, яны захварэлі, ім холадна. Але яны сказалі, каб мы вярталіся ў Сырыю», — расказала 25-гадовая мігрантка з Сырыі Ала Масіні.
Валянтэры выклікалі памежнікаў, а тыя ў сваю чаргу пазванілі ў хуткую дапамогу. Меншае дзіця пачуваецца блага.
Тут жа памежнікі знайшлі яшчэ аднаго ўцекача, які таксама скарыстаўся так званым «беларускім маршрутам». У сацыяльных сетках 24-гадовы Алі пабачыў абʼяву беларускай турфірмы. Падарожжа ў ЭЗ зь Лібану абышлося яму ў 4 тысячы даляраў і ледзь не каштавала жыцьця. Алі некалькі разоў спрабаваў перасячы мяжу і ледзь не замёрз у лесе.
«Кожны раз, калі мы вярталіся на беларускую мяжу, мы прасілі іх адвезьці нас назад у Менск, каб нас адтуль дэпартавалі ў Лібан. Яны казалі: „Не, у цябе два варыянты: памрэш тут альбо ідзі ў Польшчу“, — расказаў цырульнік зь Лібану Алі Абд Алварэт. — Так, гэта маё рашэньне, я сюды прыехаў, але гэта ня значыць, што са мной трэба так абыходзіцца. Добра, вы ня хочаце, каб я быў тут. У Беларусі мяне таксама ня хочуць бачыць. Тады дэпартуйце мяне дадому. Гэта ўсё, пра што я прашу. Я сам заплачу за білет.
Такога не пажадаеш заклятаму ворагу. Апошнія чатыры ночы я правёў у лесе. Гэта жах».
Паводле польскіх уладаў, грамадзянамі Іраку, Афганістана, Сырыі ды іншых краін было зроблена больш за 15 тысяч спробаў перасячы мяжу.
За 50 кілямэтраў ад Кляшчэляў, каля вёскі Сямёнаўка, знайшлі групу ўцекачоў з Самалі.
Махамуд, уцякач з Самалі:
— Я ішоў па вадзе.
— І вашыя ногі зьмерзьлі?
— Так, ад вады. Я ішоў пешшу 14 ці 15 дзён».
Ібрагім, уцякач з Самалі:
— На мяжы праблема. Я сем разоў перасякаў мяжу туды-сюды, зь Беларусі ў Польшчу.
— Зь якімі ўмовамі вы сутыкнуліся?
— Дужа холадна.
— Вы без абутку?
— Так, абутку няма. З нагамі праблема.
Траіх зь сямі самалійскіх уцекачоў забралі на машыне хуткай дапамогі праз праблемы са здароўем і сымптомы пераахалоджваньня. Рэшту зьвезьлі ў грузавіку памежнікаў.
Раней польскі парлямэнт прагаласаваў за легалізацыю выгнаньня мігрантаў на мяжы. Гэтае рашэньне раскрытыкавалі ў ААН. Яно дазваляе польскім уладам пакідаць без разгляду хадайніцтвы аб прыстанішчы, калі заяўнік прыбыў не наўпрост з зоны, дзе ягонае жыцьцё ці свабода знаходзяцца пад пагрозай.
Між тым сырыйскую сямʼю з хворым дзіцем зьвезьлі на машыне хуткай дапамогі. Чым скончыцца іхнае падарожжа з Сырыі ў ЭЗ церазь Беларусь, пакуль невядома.