Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Афрыцы выяўлены небясьпечны штам каранавірусу. У некаторых раёнах ён выцесьніў «дэльту» за пару дзён


Кіраўніцтва Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) правядзе ў пятніцу экстраную нараду ў сувязі з выяўленьнем на поўдні Афрыкі новага штаму каранавірусу SARS-CoV-2, які выклікае асьцярогі ў спэцыялістаў.

Чакаецца, што па выніках сустрэчы можа быць прынятае рашэньне ўключыць гэты штам у сьпіс варыяцый каранавірусу, якія выклікаюць «цікавасьць» або «заклапочанасьць».

Шэраг адмыслоўцаў на падставе ўжо наяўнай інфармацыі лічаць, што штам B.1.1.529 можа быць небясьпечнейшы за усе іншыя раней ідэнтыфікаваныя штамы, уключаючы «дэльту», праз мноства мутацый. Яны, як мяркуюць навукоўцы, могуць дазваляць вірусу хутчэй распаўсюджвацца і пазьбягаць імуннага адказу. Ёсьць асьцярогі, што гэты штам пераадольвае абарону, якую ствараюць існыя вакцыны.

Вялікая Брытанія ў сувязі з паведамленьнямі аб новым штаме ўжо перапыніла авіязносіны з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай, а таксама краінамі, якія мяжуюць зь ёй. Такія ж захады прынялі Сынгапур і Ізраіль. На эўрапейскіх біржах у пятніцу адзначана падзеньне цэнаў.

Пакуль пацьверджаны сотні выпадкаў заражэньня новым штамам у ПАР, Батсване, а таксама ў Ганконгу — у падарожніка, які прыбыў з Афрыкі. Спэцыялісты адзначаюць, што ў шэрагу раёнаў новы штам выцесьніў шырока распаўсюджаную «дэльту» літаральна на працягу некалькіх дзён.

У САЗ падкрэсьліваюць, што пакуль аб новым штаме мала дадзеных, каб гаварыць з упэўненасьцю, што ён распаўсюджваецца хутчэй за існыя варыяцыі каранавірусу, што ён «абыходзіць» дзеяньне вакцын або што прыводзіць да больш цяжкага цячэньня хваробы.

  • Паведамленьні аб новым штаме паступаюць на фоне пагаршэньня сытуацыі з распаўсюджваньнем каранавірусу ў большасьці краін Эўропы. Некаторыя зь іх увялі локдаўн ці іншыя жорсткія меры з мэтай зьніжэньня колькасьці кантактаў паміж людзьмі.
  • У шматлікіх краінах, уключаючы Нямеччыну, ледзь не штодня дасягаюцца новыя максымальныя паказьнікі па колькасьці заражаных за суткі.
  • Колькасьць сьмерцяў, аднак, у цэлым застаецца ніжэйшай, чым мінулай восеньню і зімой.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG