24 лістапада памёр адзін з найбольш вядомых сучасных беларускіх архітэктараў Алег Варабʼёў. Пра сьмерць на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў ягоны сын Арсеній.
Прычына сьмерці пакуль не названая.
Алег Варабʼёў пачынаў працу ў 1980-я гады ў Салігорску, а пазьней ён спраектаваў шмат знакавых будынкаў у Менску.
Сярод асноўных працаў Варабʼёва:
- У Салігорску: навучальны камбінат Дзяржкамнафтапрадуктаў і АСК Белнафтабаза; дзіцячы комплекс (1981),
- 21-павярховы інжынэрны корпус ВА «Беларуськалій» (1984);
- у Менску: навучальна-аздараўленчы комплекс Белдзяржунівэрсытэту на вул. Кастрычніцкай,
- фірмовы салён-крама на праспэкце газэты «Праўда» (1986),
- гатэль «Арбіта» (1989–1991),
- крама «Кірмаш» на пр. Дзяржынскага (1990),
- Міжнародны адукацыйны цэнтар на пр. газэты «Праўда» (1994, у суаўтарстве),
- бізнэс-цэнтар на вул. Гікалы (2001),
- банк «Масква-Мінск» на вул. Камуністычнай (2003),
- рэканструкцыя і рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры XIX ст. па вул. Герцэна і Замкавай (2000);
- будынкі філіялаў «Прыёрбанку» ў Лідзе (2002) і «Беларусбанку» ў Маладэчне (2003),
- будынак Беларускай калійнай кампаніі ў Менску (2008)
На месцы зьнесенага выстаўнага цэнтру «Белэкспа» на вуліцы Янкі Купалы паводле праекту бюро «Варабʼёў і партнэры» будуюць гатэль.