Арганізатары онлайн-канфэрэнцыі адзначаюць, што з моманту сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў адбылося як мінімум 497 затрыманьняў журналістаў, а сярод больш чым 800 палітвязьняў знаходзяцца 29 працаўнікоў СМІ.
Міклаш Харасьці, спэцдакладчык ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі 2012-2018 заявіў падчас канфэрэнцыі: «Я спадзяюся, што сусьветная супольнасьць знойдзе нейкія дзейсныя рычагі, каб паўплываць на сытуацыю ў Беларусі. Пад увагай павінен быць ня толькі міграцыйны крызіс. Раней моцныя парушэньні правоў чалавека звычайна адбываліся раз на пяць гадоў пад час прэзыдэнцкіх кампаній. Цяпер арышты ператварыліся ў масавыя. Лукашэнка і далей будзе працягваць рабіць правакацыі кшталту міграцыйнага крызісу.
Лукашэнка ўжывае супраць апанэнтаў зразумелую эўрапейскай бюракратыі тэрміналёгію, напрыклад, экстрэмізм. Цяпер рэпрэсіям падверглася ўсё, што можна назваць публічным. Нават дэманстраваньне «забароненых колераў» у інтэрнэце абвешчана пікетам».
Беларуская журналістка Ганна Любакова адзначыла, што зьнішчэньне беларускіх незалежных СМІ прывяло да яшчэ большага ўплыву расейскай прапаганды.
Тэрэза Рыбэйру, прадстаўніца АБСЭ ў справе свабоды і мэдыяў, сказала, што АБСЭ чакае прапаноў ад незалежных журналістаў і што Ганна Любакова прапаноўвае запусьціць экстраную праграму падтрымкі незалежных журналістаў.
Рыбэйру адзначыла: «Беларусь у рамках АБСЭ падпісала дакумэнты, якія гарантуюць свабоду слова і СМІ. Цяпер мы бачым поўнае невыкананьне гэтых абавязаньняў. Мы спрабавалі ўлады заклікаць да дыялёгу, але ўсе нашыя спробы безвыніковыя».
Асноўныя тэмы онлайн канфэрэнцыі:
- Як журналістам весьці рэпартаж у такіх экстрэмальных умовах?
- Як лепш падтрымаць СМІ ўнутры Беларусі і ў выгнаньні?
- Якая роля міжнароднай супольнасьці ў спыненьні беспакаранасьці ў Беларусі?
- Якая будучыня журналістыкі ў Беларусі?
Сярод удзельнікаў знаныя беларускія журналісты Станіслаў Івашкевіч і Ганна Любакова, прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды мэдыя Тэрэза Рыбэйру, колішні спэцдакладчык ААН аб правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці і старшая супрацоўніца праграмы Эўропы і Цэнтральнай Азіі Article 19 Яанна Шыманьска.