Праблемы з магістральным інтэрнэт-каналам у бок Польшчы пачаліся пасьля беспарадкаў на памежным пераходзе ў Брузгах.
Як піша Reform.by са спасылкай на свае крыніцы ў гэтай галіне,
быў пашкоджаны магістральны канал Беласток — Горадня міжнароднага магістральнага апэратара сувязі RETN.
Кабэль быў пракладзены ў раёне памежнага пераходу Брузгі — Кузніца і доступ да яго ў цяперашняй сытуацыі немагчымы менавіта ў гэтым раёне. Пэўна, тэхнічныя праблемы зьвязаныя зь цяперашнімі «беспарадкамі» на мяжы.
«Белтэлекам» ужо пракамэнтаваў праблемы з кабэлем:
«У сувязі з пашкоджаньнем кабэлю ў кірунку партнэра ў Польшчы магчымыя цяжкасьці з доступам у сетку інтэрнэт да рэсурсаў „заходняга“ сэгмэнта. Прыносім прабачэньні за прычыненыя нязручнасьці», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным на сайце кампаніі.
Аб прычынах пашкоджаньня «Белтэлекам» нічога не паведамляе.