Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Валерыя Раеўскага; год таму — Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла Акт аб дэмакратыі і сувэрэнітэце Беларусі


Валеры Раеўскі
Валеры Раеўскі

Падзеі 19 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

19 лістапада 2011 году памёр Валеры Раеўскі, тэатральны дзеяч, былы рэжысэр Купалаўскага тэатру.

Паэт Ігар Шклярэўскі распавядаў мне, як здаваў за свайго сябра Валерыя ўступны экзамэн у тэатральна-мастацкі інстытут. Атрымаў, вядома, пяцёрку, але Раеўскі ацаніў дапамогу адно паблажлівым паляпваньнем па плячы: «Малойца». Шклярэўскі абурыўся: «Ты хоць чуў, што такое гіпэрбала?» Сябар адказаў: «Ведаю, ведаю. Карацей за два катэты».

Праўда гэта ці показка, я ў Раеўскага, калі мы пазнаёміліся, запытацца не адважыўся. Ён быў для мяне мэтрам, які чамусьці яшчэ пры канцы 1980-х даверыў мне, маладому літаратару, зрабіць для Купалаўскага тэатру некалькі перакладаў. Асабліва важным гэты давер стаўся праз дзесяцігодзьдзе, калі за, далікатна кажучы, неляяльнасьць да цяперашняй улады я быў звольнены з працы ў выдавецтве і аказаўся ў вельмі няпэўным фінансавым становішчы.

Неўзабаве затэлефанавала загадчыца літчасткі купалаўцаў Марына Бартніцкая: у Раеўскага ёсьць для вас п’еса на пераклад. Мы колькі разоў сустракаліся раніцой у яго кабінэце. «Каньячку?» — зазвычай пытаўся Валеры Мікалаевіч. Я адмаўляўся, ён быў салідарны. «Ты памятаеш, што можаш хадзіць на любы спэктакль без квіткоў? Будзем лічыць гэта сьціплай гуманітарнай дапамогай пацярпеламу ад разгулу стыхіі».

Раеўскі прыйшоў у Купалаўскі ў 1967 годзе, у 1973-м стаў галоўным рэжысэрам, а потым да 2009-га быў мастацкім кіраўніком. Ён стварыў блізу пяцідзесяці спэктакляў — ня толькі ў родных сьценах, але і на сцэнах іншых гарадоў і краінаў. У Беластоку паставіў гогалеўскага «Рэвізора», у Любляне — «Зацюканага апостала» Андрэя Макаёнка, у Бэлфасьце — «Парог» Аляксея Дударава.

Выдатна памятаюцца «Апошні шанец» паводле Васіля Быкава, «Што той салдат, што гэты» паводле Бэртольда Брэхта, дудараўскія «Радавыя». Знаўца тэатру Вячаслаў Ракіцкі лічыць: Раеўскі мог бы паставіць нашмат больш добрай і найперш беларускай драматургіі, ды не давалі, бо Раеўскі быў у тэатральным мастацтве «мяккім дысыдэнтам».

З мною ён, нават калі гэтага быццам бы вымагала сытуацыя, пра палітыку ніколі не загаворваў. Але ў 2006-м я сустрэў Раеўскага ў намётавым мястэчку на плошчы з двума цяжкімі пакетамі, дзе былі бананы і памаранчы.

Разьвітаньне з пасадай мастацкага кіраўніка і апошнія гады Валерыя Мікалаевіча былі афарбаваныя ў драматычныя колеры. Да ягонага 80-годзьдзя былыя калегі сабралі зробленыя ў розныя часы выказваньні Раеўскага, якія шмат каму дазволілі іначай убачыць гэтую асобу. «Адзін чалавек усё жыцьцё застаецца пацаном, а другі ўсё жыцьцё грае чыноўніка». «Самае цяжкае — трываць іншага: партнэра, суседа, жонку, маці, дзяржаву, кіраўніка...»

«Калі ў улады няма палітычнай апазыцыі, такой апазыцыяй павінна стаць мастацтва».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 616-617.

У гэты дзень год таму

  • Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі.
  • Міністры ЭЗ дамовіліся аб трэцім пакеце эўрапейскіх санкцыяў супраць беларускіх уладаў.
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу за раскрыцьцё вынікаў мэдычнага агляду Рамана Бандарэнкі.
  • Лукашэнка прызначыў палкоўніка міліцыі Мікалая Карпянкова намесьнікам міністра ўнутраных спраў — камандзірам унутраных войскаў. Раней Карпянкоў узначальваў Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй.

Гэты дзень у гісторыі

1190 — падчас Трэцяга крыжовага паходу ў Палестыне быў заснаваны Тэўтонскі ордэн.

1942 — савецкія войскі пачалі контрнаступ пад Сталінградам.

1962 — выйшла аповесьць Аляксандра Салжаніцына «Адзін дзень Івана Дзянісавіча».

1995 — былы камуніст Аляксандр Квасьнеўскі перамагае на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы дзейнага прэзыдэнта Леха Валэнсу.

Аляксандар Квасьнеўскі
Аляксандар Квасьнеўскі

У гэты дзень нарадзіліся

1784 — Міхал Баброўскі, славіст і ўсходазнавец, філёзаф, уніяцкі і праваслаўны сьвятар, першы беларускі скарыназнаўца, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту. Баброўскі спрыяў узьнікненьню беларусазнаўства, адкрыў і апісаў «Супраскі кодэкс», найбольш значны стараславянскі кананічны рукапіс.

Міхал Баброўскі
Міхал Баброўскі

1908 — Мікола Засім, беларускі паэт.

1927 — Міхась Ракевіч, удзельнік паваеннага антысавецкага Супраціву 1940-х, вязень ГУЛАГу.

Тая чэрвеньская раніца 1947 году была вельмі кінэматаграфічная. Міхась касіў луг каля бацькоўскае сялібы. Прыклаўшыся да барылкі зь бярозавікам, пачуў вуркатаньне машыны.

На жаль, гэта было не кіно.

Ён папрасіў у гэбіста дазволу прайсьці пракос да канца. Адказам быў зьдзеклівы рогат. У хаце ўжо рабілі ператрус, забіралі фатаздымкі й паперы. «Сыночак!» — галасіла маці.

Міхасю Ракевічу ішоў дваццаты год. У дзяцінстве вялікі ўплыў на яго мелі аповеды бацькі пра Амэрыку, дзе той быў у заробках і адкуль прывёз перакананьне, што там, за акіянам, чалавек — сапраўды вольны гаспадар свайго лёсу.

Бацькавы прыгады дапаўняў у дзіцячай сьвядомасьці дзядзька Мікола, студэнт Варшаўскага ўнівэрсытэту, які казаў, што прыйдзе час і Беларусь таксама будзе вольнай — без паноў, без камуны.

Выгнаньне немцаў у 1944-м Міхась не ўспрыняў як вызваленьне. Новыя савецкія начальнічкі, сярод якіх было шмат прыежджых, сьмяяліся зь беларускай мовы, абяцалі хутка пазачыняць цэрквы і касьцёлы ды палохалі аповедамі пра шчасьлівае жыцьцё ў калгасе.

У 1946-м на Слонімшчыне ўтварылася нелегальная антысавецкая арганізацыя «Чайка». Правай рукой яе кіраўніка Васіля Супруна стаў Ракевіч, якога прызначылі адказным за вайсковыя пытаньні.

На той час Міхась быў студэнтам Берасьцейскага чыгуначнага тэхнікуму, дзе стварыў падпольную групу й выдаваў зь сябрамі антысавецкія ўлёткі. Хлопцы выразалі з гумы літары, складалі словы і рабілі адбіткі на паперы. За год існаваньня «Чайкі» яе філіі ўзьніклі, апрача Слоніму й Берасьця, у Баранавічах, Ганцавічах, на Піншчыне й Маладэчаншчыне.

Суд адмераў Ракевічу тагачасны максымум: чвэрць стагодзьдзя зьняволеньня і пяць гадоў высылкі. Ён здабываў вугаль у жудасных, сырых і загазаваных шахтах Варкуты й Інты, дзе мусіў на доўгія гады застацца і пасьля вызваленьня.

Усе спробы ўладкавацца на радзіме, у шахтарскім Салігорску, нязьменна сканчваліся адмовай. Беларускі патрыёт да пэнсіі мусіў працаваць на расейскай Поўначы.

Ягоная карэспандэнцыя й у 1980-я праглядалася гэбісцкімі куратарамі: лісты і бандэролі заўсёды прыходзілі ўскрытыя і падкрэсьлена неахайна заклееныя.

Абвінавачаньні ў нацыяналізьме выклікалі нават дзяржаўныя беларускія газэты й часопісы, што Ракевіч выпісваў сабе ў Інту.

Міхась ня толькі пакутліва доўга ня мог вярнуцца на Бацькаўшчыну. Амаль дваццаць гадоў ён даглядаў прыкутую хваробай да ложка жонку. Аднак ніколі не наракаў на лёс, а казаў, што нават удзячны яму, бо адукаваных, разумных і сумленных людзей пабачыў у лягерах значна больш, чым на волі.

На ягонай магіле побач з помнікам гарыць зьнічом агеньчык шахтарскае лямпы.

Уладзімер Арлоў,«Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.382-383.

У памяці

1557 — Бона Сфорца, польская каралева і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта І Старога. Бона Сфорца праводзіла палітыку збліжэньня Беларусі з Заходняй Эўропай. З ініцыятывы каралевы Боны была праведзеная вялікая аграрная рэформа.

Мікола Гусоўскі і Бона Сфорца
Мікола Гусоўскі і Бона Сфорца

2007 — Язэп Сажыч, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, у 1982–1997 гадах старшыня Рады БНР.

Язэп Сажыч
Язэп Сажыч

2008 — Алег Лойка, беларускі паэт, пісьменьнік і літаратуразнаўца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG