Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень, які зьмяніў СССР


50 год таму выйшла аповесьць Аляксандра Салжаніцына «Адзін дзень Івана Дзянісавіча».

Адмыслова пішу «выйшла», а не «надрукаваная» — таму што дакладную дату публікацыі вызначыць цяжка. 15 лістапада 1962 году сыгнал 11-га нумару паступіў у рэдакцыю «Нового мира» — але яго пагарталі толькі некалькі чалавек, 17 лістапада часопіс пайшоў падпісчыкам (але дайшоў толькі празь некалькі дзён), 18 лістапада нумар адправілі ў кіёскі (але ёсьць сьведчаньні, што ў той дзень у кіёскі ён яшчэ ня трапіў)...

Вядома дакладна, што ўвечары 19 лістапада маршалы і акадэмікі, міністры і сакратары абкамаў, знатныя ткачыхі, сталявары і канструктары касьмічных караблёў, тыя некалькі сотняў «абраных», што сабраліся ў Крамлі на чарговы пленум ЦК КПСС, сталі ў чэргі, каб набыць нумар часопіса «Новый мир» з аповесьцю аўтара, імя якога ім нічога не казала. Літаратура — ці не апошняе, што іх цікавіла, але праігнараваць аповесьць было немагчыма: толькі што сам Хрушчоў з трыбуны назваў яе «важнай».

І вось менавіта ў гэты вечар, у Крамлі, «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» — колькасьцю аж у дзьве тысячы асобнікаў — пайшоў у народ (хоць наўрад ці хто ў СССР зь меншым правам мог называцца народам, чым члены ЦК КПСС).

А да гэтага аповесьць прачыталі члены Прэзыдыюму ЦК — на патрабаваньне Хрушчова ў рэдакцыі «Нового мира» ў адну ноч набралі і аддрукавалі 23 экзэмпляры. Як выпутацца з Карыбскага крызісу, калі хвіліны аддзялялі СССР і ЗША ад абмену ядзернымі ўдарамі, у тыя самыя дні Хрушчоў вырашаў самастойна — публікацыю ж аповесьці пра зэка абставіў як «калегіяльнае рашэньне». Хітры быў мужык Мікіта Сяргеевіч — і крамлёўскія саноўнікі, некаторыя зь якіх дзесяць-дваццаць гадоў таму санкцыянавалі сьмяротныя прысуды тысячам такіх вось зэкаў (дый сам Мікіта Сяргеевіч быў ня без граху), зразумелі настрой гаспадара і санкцыянавалі публікацыю, якая зьмяніла (яшчэ не разбурыла — але ўжо зьмяніла) Савецкі Саюз.

І якраз менавіта ў той вечар, у Крамлі, набыў некалькі асобнікаў часопіса яго галоўны рэдактар (да гэтага ён трымаў у руках толькі «сыгнал» з друкарні). Аляксандар Твардоўскі распрацаваў цэлую камбінацыю і выявіў майстэрства кулюарных інтрыгаў, каб машынапіс трапіў да кіраўніка камуністычнай імпэрыі.

Даючы санкцыю на публікацыю, Хрушчоў і не здагадваўся пра наступствы — як праз чвэрць стагодзьдзя Гарбачоў не прадбачыць вынікі абвешчанай ім «галоснасьці». Тое сьмелае рашэньне Хрушчова для камуністычнай сыстэмы будзе ня меншым, а можа, і большым ударам, чым ягоны даклад на ХХ зьезьдзе пра культ асобы Сталіна.

Для камунізму як ідэалёгіі і як сыстэмы скрышальным будзе іншы твор Салжаніцына — «Архіпэляг ГУЛаг», але ён ня меў бы такога розгаласу, калі б не ўсясьветная вядомасьць аўтара — а пачалася яна з гэтай невялікай аповесьці. З твору, які, як сьцьвярджалі людзі зь бездакорным літаратурным густам, адразу паставіў разанскага настаўніка фізыкі на адзін ровень з Талстым. Паўстагодзьдзя, якое прайшло з моманту публікацыі, падкарэктавала такія ацэнкі — скажуць, што «Чырвонае кола» нельга параўнаць з «Вайной і мірам», але, як на мой погляд, салжаніцынскі «Адзін дзень...» — бясспрэчна побач з «Хаджы-Муратам», які шмат хто лічыць вяршыняй талстоўскай прозы.




У чым адметнасьць аповесьці, дзе няма ні маштабнай статыстыкі рэпрэсій, ні апісаньня катаваньняў і зьдзекаў, дзе герой — не наркам, не камандарм, не «чырвоны прафэсар», а звычайны селянін? А вось менавіта ў гэтым — да Салжаніцына пісалі пра рэпрэсаваных камандармаў, прафэсараў, начальнікаў, пра ўсіх тых, каго было прынята называць элітай — дадаючы звычайна, што «Сталін эліту (палітычную, вайсковую, навуковую) выразаў». Салжаніцын паказаў простага чалавека, «ад зямлі», апісаў адзін ягоны дзень — без катаваньняў фізычных, але зь дзясяткамі такіх «драбніцаў», якія чалавеку, не пагружанаму ў пекла, падаваліся б пакутамі. У сваім дзёньніку Карней Чукоўскі прыгадаў, як у першыя пасьля публікацыі дні сустрэў у Перадзелкіне Валянціна Катаева, і той абрынуўся на Салжаніцына, што вось жа — аўтар ня выявіў пратэст селяніна супраць лягерных парадкаў. Дык у гэтым, адказаў Чукоўскі, і ёсьць сіла аповесьці — каты стварылі такія ўмовы, што чалавек прызвычаіўся, зьмірыўся, страціў адчуваньне справядлівасьці. А ў дзёньніку пазначыў: а ці шмат сам Катаеў пратэставаў, складаючы гімны Сталіну?

Салжаніцын паказаў: рэпрэсіі былі ня толькі супраць эліты, рэпрэсаваны быў — народ.

Магчыма, вось гэтую — мужыцкую — праўду і адчуў Хрушчоў, які сам недалёка адыйшоў у сваёй «шахцёрскай» (факт біяграфіі) прастаце, які мог «загнуць ня тое» на сэсіі ААН і якому ў нашыя дні гэта высоўвае папрокам падкантрольная Крамлю прэса — ну ведама, цяперашняга маскоўскага лідэра навучылі (дзе трэба) палітэсу. Але ўсё ж менавіта ён, Хрушчоў, вызваліў зь лягераў мільёны.

А яшчэ раней адчуў гэтую мужыцкую праўду ў салжаніцынскай аповесьці Твардоўскі. Але разгледзеў таксама і надзвычайны літаратурны талент аўтара, пра што і напісаў у тым самым 11-м нумары. Твардоўскі справядліва назваў свой тэкст «Замест прадмовы» — ня ў сэнсе жанру (бо паводле жанру гэта — клясычная прадмова), а па сутнасьці: «тэкст-паравоз», мэтай якога было працягнуць твор праз цэнзурныя перашкоды. У тэксьце Твардоўскага шмат адсылак да ХХII зьезду, да «савецкай законнасьці» і падобнага, але сказана і галоўнае: «гэта твор мастацкі, і з прычыны менавіта мастацкага асьвятленьня дадзенага жыцьцёвага матэрыялу ён зьяўляецца сьведчаньнем асаблівай каштоўнасьці, дакумэнтам мастацтва».

Вось якраз узровень мастацкасьці — разам з праўдай жыцьця — і паставіць аўтара «Аднаго дня Івана Дзянісавіча» ў адзін шэраг з найлепшымі пісьменьнікамі — і ня толькі ягонага часу.

І гэтае спалучэньне праўды і таленту празь некалькі гадоў убачыць Твардоўскі ў прозе супрацоўніка гарадзенскай абласной газэты, былога франтавога лейтэнанта, і надрукуе ў «Новом мире» «Мёртвым не баліць», «Атаку з ходу», «Круглянскі мост». А калі аўтара пачнуць цкаваць за «акопную праўду», дашле яму тэлеграму — «Усё пройдзе, праўда застанецца». Гэтую тэлеграму Быкаў будзе прыгадваць зь вялізнай удзячнасьцю ўсё жыцьцё.

Ну, а той вечар 19 лістапада 1962 году галоўны рэдактар «Нового мира» завяршыў у сваёй кватэры на Кацельнічаскай набярэжнай — з пачуцьцём зробленай справы. Наперадзе ў яго будзе яшчэ нямала клопатаў — і з новымі творамі Салжаніцына, і зь іншымі аўтарамі-аднадумцамі, будзе і супрацьстаяньне зь літаратарамі-сталіністамі, і выклікі на прачуханкі ў ЦК — усё гэта ў выніку загоніць яго ў 60 гадоў у магілу. Але ў той вечар аўтар «Васіля Цёркіна» адчуваў сябе пераможцам. Ён наліў сабе чарку гарэлкі — меў права. Твардоўскі аддаваў перавагу гэтаму «мужыцкаму» напою — як і любіў уставіць у гутарку грубаватую прымаўку, вельмі часта — беларускую (свайго паходжаньня не саромеўся). Сярод улюбёных прымавак Твардоўскага сёньня прыгадваецца вось гэтая: «Перажылі лета гарачае — перажывем і гаўно сабачае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG