Афіцыйны прадстаўнік ураду Нямеччыны Штэфэн Зайбэрт лічыць, што для ўрэгуляваньня драматычнай сытуацыі на мяжы Польшчы і Беларусі, у якой пакутуюць тысячы людзей, «мае сэнс гаварыць і з тымі, хто ў Менску можа зьмяніць сытуацыю. Нават калі размова ідзе аб кіраўніку, легітымнасьць якога Нямеччына, як і ўсе астатнія эўрапейскія краіны, не прызнае».
Такім чынам ён адрэагаваў на крытыку тэлефоннай размовы, якая адбылася 15 лістапада паміж выканаўцай абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангелай Мэркель і Аляксандрам Лукашэнкам.
Як паведаміў карэспандэнт DW, Зайбэрт растлумачыў, што Мэркель тэлефанавала ў Менск, «каб знайсьці гуманітарныя рашэньні; напрыклад, каб забясьпечыць доступ да мігрантаў Упраўленьня ААН у справах уцекачоў». Па словах прадстаўніка нямецкага ўраду, гэтае Ўпраўленьне ААН «гатовае падключыцца, і мы бачым, што першая дапамога пачала паступаць на месца».
Акрамя таго, адзначыў Зайбэрт, пазыцыі Брусэля і Бэрліна супадаюць, у тым ліку ў пытаньні санкцыяў у дачыненьні да Менску, які нясе адказнасьць за наплыў уцекачоў на зьнешніх межах ЭЗ.
Мэркель «узгадніла гэты званок з Эўракамісіяй і папярэдне апавясьціла важных партнэраў у рэгіёне», адзначыў прадстаўнік ураду. «Запэўніваю вас: калі канцлер робіць такія званкі, яна, зразумела, прадстаўляе ў іх вядомыя пазыцыі Эўразьвязу», — падкрэсьліў Зайбэрт.
Варшава крытыкуе Мэркель і Макрона
Польскія ўлады скрытыкавалі пасярэдніцкія намаганьні Ангелы Мэркель і прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона ў сувязі з сытуацыяй на зьнешніх межах ЭЗ. Варшаву трэба было загадзя праінфармаваць аб тэлефонных перамовах Мэркель — зь беларускім кіраўніком Аляксандрам Лукашэнкам, і Макрона — з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
Пра гэта заявіў прэсавы сакратар ураду Польшчы Пётр Мюлер.
Паводле яго, сам факт размовы з Лукашэнкам выклікае зьдзіўленьне, бо ў некаторым сэнсе легітымізуе беларускага кіраўніка, якога ЭЗ не прызнае прэзыдэнтам Беларусі. «Я разумею сытуацыю, але лічу, што гэта ня вельмі добры крок», — падкрэсьліў Мюлер.
Аналягічную думку выказаў дэпутат фракцыі «зялёных» і сябра камітэту Бундэстагу па міжнародных справах Амід Нурыпур. Ён назваў перамовы Мэркель з Лукашэнкам «жахлівым сыгналам» і адзначыў, што ЭЗ не прызнае легітымнасьць Лукашэнкі, аднак Мэркель, правёўшы гэтую размову, фактычна зрабіла гэтае прызнаньне.