Нямецкае выданьне Bild апублікавала дэталі размовы, якая адбылася ў панядзелак паміж выканаўцай абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангелай Мэркель і Аляксандрам Лукашэнкам. Выданьне спасылаецца на ўласныя крыніцы і дае наступныя пункты, якія нібыта назваў у размове Лукашэнка:
- Яго прызнаньня прэзыдэнтам — каб не было проста пагардлівага «спадар Лукашэнка» (менавіта так называлі Лукашэнку ў прэс-рэлізе нямецкага ўраду па выніках размовы.
- «Зьняцьця санкцый Эўразьвязу супраць яго краіны пасьля фальсыфікацыі выбараў, гвалту і катаваньняў супраць народу і згону самалёта Ryanair, зь якога ён выкраў блогера».
- Каб ЭЗ (асабліва Нямеччына) забраў палову мігрантаў, якіх ён прывёз у краіну, каб адправіць іх у Эўразьвяз і дэстабілізаваць Захад.
- Фінансавая дапамога для экстраных прытулкаў і дамоў для ўцекачоў, бо ён баіцца яшчэ большай хвалі бежанцаў з Афганістану празь Беларусь у Эўразьвяз.
Мэркель, паводле інфармацыі Bild, захоўвала жорсткую пазыцыю, «але паабяцала дыктатару вывучыць розныя рэчы і абмеркаваць іх з кіраўнікамі дзяржаў ЭЗ».
Выданьне адзначае, што можна было б гаварыць пра прыём некаторых мігрантаў, калі Лукашэнка забясьпечыць, каб астатніх мігрантаў даставілі назад у родныя краіны, і здыме ціск з памежнай агароджы з Польшчай.
Паводле інфармацыі Bild, Мэркель таксама цалкам ня выключыла ўскоснай фінансавай дапамогі на будаўніцтва жыльля для ўцекачоў.
Прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант заявіла РИА Новости, што Лукашэнка не абмяркоўваў з Мэркель санкцыі і «прызнаньне».
«Было б ніжэй за годнасьць прэзыдэнта Лукашэнкі ўздымаць падчас размовы падобныя пытаньні ці высоўваць падобныя ўмовы. Ніводнага слова пра санкцыі і тым больш пра нейкае „прызнаньне“ падчас размоваў сказана не было», — заявіла Эйсмант.