На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў, былы дыплямат Павал Мацукевіч.
Мацукевіч
- У адказах МЗС Беларусі на пытаньні, зададзеныя ў межах Венскага мэханізму АБСЭ, няма нічога прынцыпова новага.
- Гэтыя адказы падобныя да многіх іншых, якія пішуцца беларускім бокам, калі ён катэгарычна не прызнае тыя рэчы, у якіх яго абвінавачваюць.
- У беларускага МЗС назапашаны вялікі досьвед такіх адказаў.
- Адказы на пытаньні, зададзеныя ў межах Венскага мэханізму АБСЭ, — гэта адказы ня толькі МЗС, некаторыя адказы рыхтавалі іншыя ведамствы.
- Там, дзе пытаньні тычыліся кампэтэнцыі МЗС, адказы больш разгорнутыя, дзе тычацца больш унутранай праблематыкі, яны зусім ляканічныя.
- Тое, што беларускі бок абвінавачвае аўтараў пытаньняў у неканкрэтнасьці, — гэта руціна.
- Ёсьць фарматы, у якіх Менску задаюць вельмі канкрэтныя пытаньні наконт канкрэтных выпадкаў парушэньня правоў чалавека.
- У абмеркаваньні беларускага пытаньня ў інстытуцыях ААН удзельнічалі канкрэтныя пацярпелыя людзі.
- І гэта не перашкаджала беларускаму боку адмаўляць сваю віну, адказваючы на падрабязныя і канкрэтныя папрокі.
- Я ня думаю, што тыя, хто рыхтаваў гэтыя пытаньні ў межах Венскага мэханізму, чакалі нейкай шчырасьці і прызнаньня ва ўсіх грахах ад Менску.
- У МЗС ёсьць устаноўка адбіваць усе папрокі. Што яны і робяць.
- Калі пытаньне не канкрэтызаванае, яны адмаўляюць наяўнасьць нават прадмету абмеркаваньня.
- Да таго ж МЗС валодае ня ўсёй інфармацыяй, і вельмі зручна спасылацца на адпаведныя кампэтэнтныя органы.
- Выкарыстаньне Маскоўскага і Венскага мэханізмаў АБСЭ — сьведчаньне таго, што заходнія палітыкі ў пэўнай разгубленасьці.
- І шукаюць, пакуль беспасьпяхова, любыя мэханізмы, пры дапамозе якіх можна было б паўплываць на сытуацыю.
- Спроба прамацаць беларускі бок празь Венскі мэханізм — ад бясьсільля.
- Пакуль беларускі бок не прызнае ніякія мэханізмы міжнароднага ўзьдзеяньня, яны не працуюць.
- Адказы МЗС на пытаньні ў межах Венскага мэханізму яшчэ ня самыя абуральныя.
- Калі вы бачылі дыскусію ў Жэнэве, аргумэнты нашага сталага прадстаўніка, — там было зусім ужо абуральна.
- Я ня бачу нічога добрага ў пасярэдніцтве Пуціна ў мігранцкім крызісе.
- Ён як мінімум зацікаўлены бок.
- Гэта як воўк будзе пасярэднічаць у дыскусіі двух парасятаў.
- Зразумела, чым гэта можа для іх скончыцца.
- І тое, што заходнія палітыкі шукаюць выхаду з гэтай сытуацыі ў Маскве, мне як дыплямату не падабаецца.
- У зьнешнепалітычнай лініі Аляксандар Лукашэнка са жніўня 2020 году абсалютна несамастойны.
- Усе свае крокі, у тым ліку і адносна міграцыйнага крызісу, ён узгадняе з Крамлём.
- Я мяркую, што тэлефанаваньне Мэркель Лукашэнку — гэта было б някепска (гутарка з П. Мацукевічам запісвалася да зьяўленьня інфармацыі пра званок Мэркель Лукашэнку).
- З улікам таго, што Мэркель ужо сышла з палітычнай сцэны, ёй ужо не абавязкова быць папулярнай.
- Яна можа сабе дазволіць рызыкнуць і паспрабаваць зрабіць нешта добрае.
- Я мяркую, што Пуцін, прапануючы заходнім палітыкам камунікаваць з Лукашэнкам, моцна какетнічае.
- Я б вітаў такі дыялёг.
- Мне як дыплямату больш падабалася б, калі б гэты крызіс паміж Захадам і Беларусьсю вырашаўся наўпрост паміж бакамі без такога пасярэдніка, як Расея, якая зацікаўленая ў разьвіцьці гэтага крызісу і шмат у чым стаіць за ім.
- Сёньня, у адрозьненьне ад жніўня 2020 году, калі Мэркель яму патэлефануе, ён возьме слухаўку.
- Гэта і ў інтарэсах Беларусі таксама.
- У такіх пытаньнях, як авіяцыйны і міграцыйны крызісы, бакі могуць адносна лёгка і без пасярэднікаў знайсьці рашэньне.
- І для Захаду павінна быць зразумела, што той шлях, па якім крызіс разьвіваецца, не вырашае ніводнай праблемы — ні вызваленьня палітвязьняў, ні новых выбараў.
- У гэтым крызісе важную ролю адыгрывае захаваньне твару.
- Магчыма, ёсьць дамоўленасьць, што санкцыі будуць мякчэйшыя, чым плянавалася.
- У 1948 годзе, падчас Бэрлінскага крызісу, паветраны мост у Заходні Бэрлін каштаваў Захаду шмат грошай.
- А тут мы ўжо бачым спробы дамовіцца праз Пуціна ці зь ім.
- Я ня бачу зараз з боку ЭЗ такога ж узроўню гатоўнасьці «ўпісацца» за Польшчу, як гэта было з боку ЗША адносна Заходняга Бэрліну ў 1948 годзе.
- Мне здаецца, што Нямеччына гатовая забраць гэтых людзей зь мяжы і перавезьці да сябе.
- Многія краіны Эўропы — такія, як Італія ці Грэцыя — з усьмешкай глядзяць, беларускі кірунак міграцыі па-ранейшаму не канкуруе з галоўнымі кірункамі міграцыйнага патоку, якімі застаюцца Міжземнае мора і Бальканы.
- Калі вы разумееце, што крызіс рукатворны, то прасьцей дамовіцца, а не затыкаць усе струмені ў дажджы.
- Гэта гульня нэрваў, і мне здаецца, што ў Лукашэнкі гэтыя нэрвы мацнейшыя.
Што было раней
- Сталы прадстаўнік Беларусі пры АБСЭ Андрэй Дапкюнас адказаў на ліст 35 дзяржаў-чальцоў АБСЭ, якія ініцыявалі гэтак званы Венскі мэханізм у адносінах да Беларусі ў сувязі з сур’ёзнымі парушэньнямі правоў чалавека ў краіне.
- «Сьцьвярджэньні аб падаўленьні свабод і рэпрэсіях у дачыненьні да асобных грамадзян і арганізацый зьяўляюцца перадузятымі і беспадстаўнымі», — напісаў Дапкюнас. Ён дадаў, што крытыка Беларусі на форуме АБСЭ за затрыманьні і арышты ў сувязі з вулічнымі пратэстамі расцэньваецца Менскам як «умяшаньне ў дзейнасьць судзьдзяў па выконваньні правасудзьдзя».
- Дапкюнас назваў Венскі мэханізм «архаічным інструмэнтарыем», які ў гэтым выпадку служыць «штучнаму падтрыманьню беларускай тэматыкі ў цэнтры ўвагі».
- 4 лістапада дзяржавы-чальцы АБСЭ ў рамках Венскага мэханізму зьвярнуліся да Беларусі з шэрагам пытаньняў адносна пасьлявыбарчай сытуацыі ў краіне.
- Сярод іншага, АБСЭ хацела атрымаць адказы на пытаньні, ці расьсьледавалі беларускія ўлады абвінавачаньні ў неабгрунтаваным абмежаваньні права на свабоду мірных сходаў у краіне ды ў катаваньнях і жорсткім абыходжаньні з затрыманымі і арыштаванымі пратэстоўцамі.
- Асобным пунктам АБСЭ вынесла пытаньне аб спрыяньні з боку Менску нелегальнай міграцыі, якая дэстабілізуе рэгіянальную бясьпеку.
- Венскі мэханізм, прыняты АБСЭ ў 1989 годзе, дазваляе дзяржавам-чальцам праз пэўны набор працэдур падымаць пытаньні, якія тычацца сытуацыі з чалавечым вымярэньнем у іншых дзяржавах АБСЭ.