Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск адказаў АБСЭ: «Сьцьвярджэньні аб падаўленьні свабод і рэпрэсіях зьяўляюцца прадузятымі і беспадстаўнымі»


Сядзіба АБСЭ ў Вене
Сядзіба АБСЭ ў Вене

Сталы прадстаўнік Беларусі пры АБСЭ Андрэй Дапкюнас адказаў на ліст 35 дзяржаў-чальцоў АБСЭ, якія ініцыявалі гэтак званы Венскі мэханізм у адносінах да Беларусі ў сувязі з сур’ёзнымі парушэньнямі правоў чалавека ў краіне.

«Сьцьвярджэньні аб падаўленьні свабод і рэпрэсіях у дачыненьні да асобных грамадзян і арганізацый зьяўляюцца прадузятымі і беспадстаўнымі», — напісаў Дапкюнас. Ён дадаў, што крытыка Беларусі на форуме АБСЭ за затрыманьні і арышты ў сувязі з вулічнымі пратэстамі ацэньваецца Менскам як «умяшаньне ў дзейнасьць судзьдзяў па выконваньні правасудзьдзя».

Дапкюнас назваў Венскі мэханізм «архаічным інструмэнтарыем», які ў гэтым выпадку служыць «штучнаму падтрыманьню беларускай тэматыкі ў цэнтры ўвагі».

4 лістапада дзяржавы-чальцы АБСЭ у рамках Венскага мэханізму зьвярнуліся да Беларусі з шэрагам пытаньняў адносна пасьлявыбарчай сытуацыі ў краіне.

Сярод іншага, АБСЭ хацела атрымаць адказы на пытаньні, ці беларускія ўлады расьсьледавалі абвінавачаньні ў неабгрунтаваным абмежаваньні права на свабоду мірных сходаў у краіне ды ў катаваньнях і жорсткім абыходжаньні з затрыманымі і арыштаванымі пратэстоўцамі.

Асобным пунктам АБСЭ вынесла пытаньне аб спрыяньні Менскам нелегальнай міграцыі, якая дэстабілізуе рэгіянальную бясьпеку.

Венскі мэханізм, прыняты АБСЭ ў 1989 годзе, дазваляе дзяржавам-чальцам праз усталяваны набор працэдур падымаць пытаньні, якія тычацца сытуацыі з чалавечым вымярэньнем у іншых дзяржавах АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG