Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы: ёсьць рызыка, што Лукашэнка будзе лічыць сябе прызнаным на Захадзе лідэрам


Габрыэлюс Ландсбэргіс
Габрыэлюс Ландсбэргіс

Міністар замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс бачыць рызыку таго, што пасьля размовы з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель Аляксандр Лукашэнка стане лічыць сябе прызнаным на Захадзе лідэрам. У той жа час літоўскі прэзыдэнт лічыць, што з Лукашэнкам варта размаўляць, каб вырашыць крызіс.

Кіраўнік МЗС заявіў, што ня бачыць неабходнасьці размаўляць з Лукашэнкам, бо ён адказны за ўзьнікненьне міграцыйнага крызісу на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй.

«Аляксандар Лукашэнка можа пачаць лічыць, што ён становіцца прызнаным Захадам лідэрам — як адзін з тых, хто, верагодна, можа вырашаць праблему, хоць ён яе выклікаў. Па праўдзе кажучы, я ня бачу, пра што зь ім гаварыць», — сказаў Ландсбэргіс журналістам у Сэйме ў аўторак.

Кіраўнік літоўскай дыпляматыі падкрэсьліў, што для Лукашэнкі трэба стварыць «сытуацыю ціску». «Калі мы пачнем весьці зь ім перамовы, што самае небясьпечнае, ён адпусьціць 100 чалавек і папросіць новых перамоваў, адпусьціць 50, потым запросіць яшчэ 50. Калі вы памятаеце, у 2012 годзе, калі ішлі перамовы аб вызваленьні палітвязьняў — ён аднаго адпускае, санкцыі мякчэюць, двух саджае — яны зноў уводзяцца. Такі ківач», — растлумачыў літоўскі міністар. Паводле яго словаў, ён даведаўся пра размову Мэркель і Лукашэнкі ўжо пасьля таго, як яна адбылася.

Між тым прэзыдэнцкае ведамства паведаміла BNS, што кіраўнік дзяржавы Гітанас Наўседа «быў інфармаваны аб гутарцы загадзя».

Наўседа ў аўторак заявіў BBC, што для пераадоленьня міграцыйнага крызісу на мяжы Польшчы і Літвы зь Беларусьсю можна зьвяртацца і да Лукашэнкі. Але на мінулым тыдні прэзыдэнт Літвы ў інтэрвію парталу навін 15min сказаў, што «ЭЗ не размаўляе з кіраўнікамі, якія нелегітымныя».

Званок Мэркель Лукашэнку ў панядзелак стаў першым званком заходняга лідэра ад прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Лідэры ЭЗ не прызнаюць Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG