4 аўтобусы зь мігрантамі вывезьлі ў іншыя месцы
Людзей разьмесьцяць у іншых месцах, каб «не ствараць цісканіну ў лягістычным цэнтры», паведамілі БелТА ў Чырвоным Крыжы. Частка мігрантаў па-ранейшаму каля мяжы.
Мігранты паляць вогнішчы
Каб сагрэцца, людзі працягваюць паліць вогнішчы зусім блізка ад польскай тэрыторыі. Беларускія сілавікі зноў ніяк не рэагуюць на гэта. Польская паліцыя рыхтуецца адбіваць чарговую атаку ў выпадку яе пачатку. Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА, мігранты «чакаюць гуманітарнага калідору», аднак не тлумачаць, на якой падставе Польшча мае прыняць мігрантаў, якія напярэдадні траўмавалі 12 яе паліцыянтаў і памежнікаў.
Улады паведамілі пра новую партыю дапамогі
Беларускае фізкультурна-спартовае таварыства «Дынама» даставіла мігрантам партыю гуманітарнай дапамогі. Адзначаецца, што кансэрвы, чай, масла і прадметы асабістай гігіены зьбіралі ў тым ліку сродкамі міліцыі Горадзеншчыны.
Былы консул за вяртаньне мігрантаў
Былы ганаровы консул Беларусі ў Багдадзе Маджыд Аль-Каісі агітуе мігрантаў вяртацца ў Ірак. Пры гэтым нядаўна бізнэсовец, чыё ганаровае консульства ірацкія ўлады закрылі на фоне мігранцкага крызісу, суправаджаў групы людзей, якія прыбывалі ў Менск рэйсамі Fly Baghdad. Яго шмат разоў бачылі ў аэрапорце, піша «Эўрарадыё».
Цяпер жа ў этэры курдзкага каналу NRT Аль-Каісі заявіў, што беларускі ўрад ня ў стане пракарміць столькі мігрантаў.
Міністар абароны Польшчы: «Мігрантаў падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, які захоўваецца дзякуючы Маскве»
Марыюш Блашчак у этэры 1-га каналу Польскага радыё заявіў, што Польшча падрыхтаваная да розных сцэнароў разьвіцьця падзей на мяжы, урад усьведамляе, што мае справу зь гібрыднай атакай. Ён таксама адзначыў, што палякам варта падрыхтавацца да таго, што крызіс на мяжы будзе доўгім.
2 спробы прарыву
Памежная варта Польшчы зафіксавала яшчэ дзьве спробы сілавога прарыву празь мяжу. Абедзьве прадухілілі. Агулам за мінулыя суткі польскія памежнікі спынілі 161 спробу нелегальнага пераходу мяжы.
Прарыў 50 мігрантаў на чыгунцы
Польскія памежнікі прадэманстравалі відэазапіс, на якім група з прыкладна 50 асобаў прарывалася праз польскую мяжу. Актыўны ўдзел у нападзе бралі беларускія сілавікі, якія сьвяцілі лазэрам у вочы польскім памежнікам. Мігранты ў той час закідвалі палякаў камянямі.
Падзеі ўжывую
Мігранты 17 лістапада зноў канцэнтруюцца каля польскай мяжы. Польшча вінаваціць рэжым Лукашэнкі ў падтрымцы незаконных дзеяньняў мігрантаў, у тым ліку нападах на польскія службы.
65 спробаў прарыву на літоўскай мяжы
Літоўскія памежнікі паведамілі, што за мінулыя суткі было 65 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы. Днём раней было 90 спробаў. Службовую зброю прымяняць не прыйшлося.
Чым атакавалі паліцыю. ФОТА
Падляская паліцыя паказала сабраныя на памежжы прадметы пасьля атак 16 лістапада. У польскіх паліцыянтаў ляцелі бляшанкі, камяні рознай вагі і памеру, мэталічныя пруты і іншыя прадметы. 12 чалавек атрымалі розныя траўмы, некаторых давялося шпіталізаваць.
Памежны камітэт Беларусі: 2 тысячы мігрантаў знаходзяцца на мяжы
Каля 2 тысяч мігрантаў працягваюць знаходзіцца паблізу беларуска-польскай мяжы, паведаміў Памежны камітэт Беларусі, Мінулую ноч яны правялі ў трох месцах: частка засталася на тэрыторыі, прылеглай да пункту пропуску, частка – у стыхійным лягеры ў лесе, частка ў транспартна-лягістычным цэнтры недалёка ад мяжы.
Паводле беларускіх пемежнікаў, раніцай 17 лістапада прынята рашэньне аб разьмяшчэньні часткі іншаземаў у іншых месцах.
Мігранты зноў пачалі рух ля мяжы. ВІДЭА
Памежная варта Польшчы апублікавала відэа, як іншаземцы, якія знаходзяцца на беларускім баку каля памежнага пераходу Брузгі, зьбіраюцца і пакідаюць лягер. Пад наглядам беларускіх службаў яны перамяшчаюцца ў невядомыя месцы.
Польскія сілавікі ў чаканьні абвастрэньняў
Польская паліцыя падрыхтавалася да магчымых новых спробаў атак мігрантаў на беларуска-польскую мяжу. Фота з твітэру МУС Польшчы.
Польшча пачне будаваць плот на мяжы 15 сьнежня
Пра гэта афіцыйна заявіў сэнатар кіроўнай партыі «Закон і справядлівасьць» Кшыштаф Мруз. Выбар падрадчыкаў на будаўніцтва ўжо завяршаецца. Раней Радыё Свабода пісала, што плот пачала будаваць Літва, а таксама са спасылкай на польскі ўрад паведамляла, якой будзе працягласьць і вышыня агароджы на мяжы з гэтай краінай. За 2021 год польскія памежнікі спынілі звыш 33 тысяч спробаў нелегальнага пераходу мяжы.
СК кваліфікаваў дзеяньні польскіх сілавікоў як «злачынства супраць бясьпекі чалавецтва»
Сьледча-апэратыўная група працягвае працу на месцы здарэньня 16 лістапада на тэрыторыі беларуска-польскай мяжы блізу пункту пропуску «Брузгі» і на ім. Сьледчы камітэт завёў справу супраць польскіх сілавікоў, там лічаць іх недапушчальнымі. У Польшчы заяўляюць пра тое, што баранілі сваю мяжу і паказалі рэчы, якімі мігранты, якіх беларускія службы называюць «мірнымі», атакавалі паліцыю ў Брузгах.
Пракуратура Саколкі пачала сьледзтва
Галоўны інспэктар паліцыі Польшчы Яраслаў Шымчык заявіў Polsat аб тым, што пракуратура Саколкі пачала сьледзтва ў справе штурму польскай мяжы і нападаў на супрацоўнікаў паліцыі. 12 чалавек атрымалі раненьні, зь іх 9 — паліцыянты. Да справы далучылі рэчавыя доказы — прадметы, якія ляцелі з рук мігрантаў у службоўцаў.
Шымчык перакананы, што мігранты дзейнічалі не з уласнай ініцыятывы, а былі падахвочаныя да агрэсіі беларускімі сілавікамі, якія не выпускаюць іх з памежнай паласы і адмыслова рыхтавалі маладых мігрантаў да атак. Больш за тое, Шымчык заявіў, што сярод найбольш агрэсіўна настроеных былі самі беларускія сілавікі. Многія з тых, хто 16 лістапада ладзіў штурм, былі з закрытымі тварамі. Таксама пра актыўны ўдзел беларускіх спэцслужбаў у правакацыях і атаках яскрава сьведчаць шумавыя гранаты, якія відавочна прыйшлі ў рукі мігрантаў ад беларускіх сілавікоў.
Беларускія сілавікі са зброяй штурхалі мігрантаў на парушэньне мяжы Літвы
Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы прадэманстравала відэа, на якім група з 13 нелегальных мігрантаў, якая ў ноч на сераду наблізілася да мяжы Літвы ў Салечніцкім раёне, піша Delfi.
Мігрантаў суправаджалі ўзброеныя беларускія сілавікі. Падобна, яны плянавалі загнаць нелегальных мігрантаў на тэрыторыю Літвы, але ім не далі гэтага зрабіць літоўскія памежнікі.
Мігрантам прывезьлі ежу
Улады на вайсковым тарнспарце падвезьлі мігрантам у лягічтычны цэнтар, дзе многія зь іх правялі мінулую ноч, ежу.
18 лістапада крызіс на мяжы абмяркуюць Польшча і Вялікая Брытанія
У Варшаве ў чацьвер адбудзецца афіцыйная сустрэча міністра абароны Польшчы Марыюша Блашчака з сакратаром абароны Вялікай Брытаніі Бэнам Уоласам. Палітыкі сустрэнуцца з польскімі вайскоўцамі і правядуць перамовы пра сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю. Раней улады як Польшчы, так і Вялікай Брытаніі, якая выйшла з Эўразьвязу, асудзілі рэжым Лукашэнкі і заявілі, што мігранцкі крызіс улады Беларусі ладзяць згодна са складзеным у Маскве плянам.
Мігранты сталі на калені
Група мігрантаў расьцягнулася ўздоўж польскай мяжы і стала на калені. Пасьля ўчорашняга агрэсіўнага штурму з закідваньнем польскай паліцыі камянямі і шумавымі гранатамі сёньняшняя тактыка зусім іншая, яны кажуць «Help-help Poland! Help-help Poland!», просячы прапусьціць іх у Эўразьвяз.
Частка мігрантаў пры гэтым яшчэ застаецца ў лягістычным цэнтры, дзе сьнедае і сьпіць.