Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці мігрантаў каля польскага боку мяжы на памежным пераходзе «Кузьніца» 17 лістапада
Дзеці мігрантаў каля польскага боку мяжы на памежным пераходзе «Кузьніца» 17 лістапада

Мэркель другі раз пагаварыла з Лукашэнкам, мігранты на мяжы ўкленчылі перад палякамі. Што адбываецца 17 лістапада

17 лістапада мігранты больш не рабілі спробаў прарвацца праз польскую мяжу, але ўкленчылі перад польскім бокам з просьбай пра дапамогу. Ангела Мэркель правяла другую тэлефонную размову з Аляксандрам Лукашэнкам.

16:39 17.11.2021

ЭЗ дае 700 тысяч эўра на дапамогу мігрантам на беларускай мяжы


Эўразьвяз выдзеліць 700 тысяч эўра на гуманітарную дапамогу людзям, якія знаходзяцца на беларуска-польскай мяжы.

«Эўрапейская камісія гатовая даць дадатковае фінансаваньне на гуманітарныя патрэбы, калі доступ гуманітарных партнэрскіх арганізацый у Беларусь палепшыцца ў далейшым», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.

17:30 17.11.2021

Засяленьне мігрантаў у аздараўленчы цэнтар

Каля сотні мігрантаў 17 лістапада засяліліся ў спартова-аздараўленчы цэнтар «Сьвітанак» у Парэччы пад Горадняй. Інфармацыя пра тое, што яго могуць падрыхтаваць для прыёму дзяцей мігрантаў, зьявілася яшчэ 12 лістапада. Hrodna.life атрымаў фота ад аднаго зь мігрантаў. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У «Сьвітанак» пасялілася 106 чалавек зь лягеру мігрантаў.

17:36 17.11.2021

Віцэ-міністар замежных справаў Польшчы: «Плян Пуціна і Лукашэнкі праваліўся»

Марцін Пшыдач пдзяліўся зь «Белсатам» думкай, чаму Лукашэнка працягвае эскаляцыю канфлікту. На яго думку, той «зразумеў, што ня здолее зьмяніць палітыку Польшчы і іншых краінаў ЭЗ».

«Таксама і Ўладзімір Пуцін, які падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, зразумеў, што не ўдалося падзяліць Эўрапейскі Зьвяз і NATO. 27 эўрапейскіх дзяржаваў разам стаяць за Польшчай, падтрымліваюць Польшчу і выказваюць салідарнасьць. То бок, паўплываць на палітыку эўрапейскіх краінаў не ўдалося, а мігранты ўжо на беларускім баку, і, я падазраю, беларускія спэцслужбы хочуць як мага хутчэй папросту выпхнуць гэтых людзей і, так бы мовіць, пазбавіцца праблемы, якую рэжым Лукашэнкі сам сабе стварыў».

Пшыдач лічыць, што адзіным разьвязаньнем праблемы застаецца накіраваць мігрантаў назад на Блізкі Ўсход, адкуль яны прыляталі ў Беларусь. Тэлефанаваньне Мэркель Лукашэнку зусім ня сьведчыць пра нейкую «зьмену курсу», паколькі «гэты чалавек выклікае вялікія праблемы ў рэгіёне», аднак супраць яго і паплечнікаў Эўразьвяз, у тым ліку сама Нямеччына, увялі чарговыя санкцыі.

17:43 17.11.2021

Дзеці каля калючага дроту

Дзеці мігрантаў падыйшлі да плоту і кажуць «I love you, Poland!» (Я люблю цябе, Польшча!) Увесь працэс актыўна здымаецца самімі мігрантамі на мабільныя тэлефоны.

17:45 17.11.2021

Другая тэлефонная размова Лукашэнкі з Мэркель

Дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла ў сваім Тэлеграм-канале, што пачнуцца перамовы паміж прадстаўнікамі Эўразьвязу і Беларусі пра разьвязаньне сытуацыі зь мігрантамі. Таксама паведамляецца, што Мэркель давяла да Лукашэнкі просьбу старшыні Эўрапейскай камісіі Урзулі фон дэр Ляен пра абавязковы ўдзел у працэсе міжнародных арганізацый, якія займаюцца праблематыкай уцекачоў і мігрантаў.

Пазьней зьявілася кароткае паведамленьне на сайце нямецкага ўраду: «У другой тэлефоннай размове з Аляксандрам Лукашэнкам канцлер падкрэсьліла неабходнасьць пры падтрымцы Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН і Міжнароднай арганізацыі міграцыі і ў супрацоўніцтве з Эўракамісіяй забясьпечыць гуманітарную дапамогу і магчымасьці для вяртаньня пацярпелым».

17:49 17.11.2021

Мігранты скардзяцца на кепскую ежу і холад. ВІДЭА

Група курдзкіх мігрантаў у Менску прыслала Радыё Свабода відэазварот з заклікам да Эўразьвязу як мага хутчэй знайсьці разьвязаньне сытуацыі на мяжы Беларусі і Польшчы. Адзін зь мігрантаў, кажа, што вярнуўся зь лесу на мяжы і што тыя людзі, якія цяпер знаходзяцца на мяжы — у тым ліку сем’і зь дзецьмі — ня маюць чым сагрэцца, ня маюць нармальнай ежы і іх жыцьцё ў небясьпецы.Паводле яго, мігранты хочуць «пачаць новае жыцьцё» ў Нямеччыне ці Вялікай Брытаніі.

«У нас не было працы, у нас не было будучыні, таму нам давялося пакінуць Курдыстан і паехаць на мяжу, каб адшукаць для сябе новае жыцьцё».

18:20 17.11.2021

«Хутчэй за ўсё, Лукашэнка працягне міграцыйную гульню», — экспэрт

Палітоляг Андрэй Елісееў, дырэктар аналітычнага цэнтру EAST і экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS, адказвае на пытаньне, ці спыніць Лукашэнка міграцыйную гульню пасьля размовы з Мэркель, разважае пра ролю Крамля і вызначае, якая галоўная мэта афіцыйнага Менску ў мігранцкім крызісе.

19:18 17.11.2021

Нямецкі бок пацьвердзіў другую размову Мэркель і Лукашэнкі

Зьявілася кароткае паведамленьне на сайце нямецкага ўраду: «У другой тэлефоннай размове з Аляксандрам Лукашэнкам канцлер падкрэсьліла неабходнасьць пры падтрымцы Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН і Міжнароднай арганізацыі міграцыі і ў супрацоўніцтве з Эўракамісіяй забясьпечыць гуманітарную дапамогу і магчымасьці для вяртаньня пацярпелым».

19:19 17.11.2021

ЭЗ вылучыць 700 тысячаў эўра на дапамогу мігрантам на беларускай мяжы

Эўразьвяз выдзеліць 700 тысячаў эўра на гуманітарную дапамогу ўразьлівым групам людзей, якія захрасьлі на мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ. Пра гэта паведамляецца на сайце Эўракамісіі.

З заяўленай сумы 200 тысячаў накіруюць у Міжнародную фэдэрацыю таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Гэта частка ўнёску ЭЗ у фінансаваньне Фонду дапамогі пры стыхійных бедзтвах, якім кіруе арганізацыя. Сродкі накіруюць, у прыватнасьці, у беларускую фэдэрацыю Чырвонага Крыжа.

Акрамя таго, ЭЗ вядзе перамовы з партнэрскімі гуманітарнымі арганізацыямі для разьмеркаваньня астатніх 500 тысячаў эўра фінансаваньня.

22:18 17.11.2021

Польскія памежнікі: Мігранты разьбілі новы лягер

Увечары 17 лістапада ў раёне памежнага пераходу «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы застаецца каля 1000 мігрантаў. Пра гэта паведаміла польская памежная служба. Паводле польскіх памежнікаў, вялікая група мігрантаў разьбіла новы лягер непадалёк ад пункта пропуску «Брузгі», частка людзей вярнулася ў стары лягер.

22:31 17.11.2021

Мэркель пазваніла польскаму прэм'еру і выказала салідарнасьць з Польшчай

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель патэлефанавала прэмʼер-міністру Польшчы
Матэвушу Маравецкаму. Як паведаміў у Твітэры прэс-сакратар нямецкага ўраду Штэфэн Зайбэрт, «размова ішла аб цеснай нямецка-польскай каардынацыі ў пытаньнях трывожнай сытуацыі на мяжы Беларусі з ЭЗ. Канцлер падкрэсьліла поўную салідарнасьць Нямеччыны з Польшчай».

XS
SM
MD
LG