«Мігранцкі крызіс» быў патрэбны менскаму рэжыму для вырашэньня сваіх палітычных праблемаў зь легітымнасьцю — і, як выглядае, доўгатэрміновыя электаральныя наступствы цяперашнюю ўладу ня вельмі хвалявалі. Урэшце, даўно ўжо гучыць думка, што меркаваньні беларусаў гэты рэжым ужо ў прынцыпе не турбуюць.
Проста ў некаторыя крытычныя моманты ўлада мусіць рабіць тое, што безумоўна не супадае зь нейкімі глыбіннымі настроямі нават яе «жалезнага» электарату, — але грамадзкую думку даводзіцца ігнараваць дзеля нейкай канкрэтнай тактычнай мэты.
Як мне падаецца, уся гісторыя зь мігранцкім крызісам — той самы прыклад апэрацыі, якая мае на мэце дасягнуць пэўнай палітычнай мэты, нават шляхам відавочных стратаў сьвядомай электаральнай падтрымкі.
Мяркуйце самі. Я не люблю слова «ксэнафобія» — яно занадта часта выкарыстоўваецца неабгрунтавана, і праз гэта яго значэньне і сутнасьць размываецца. Але факт у тым, што ў большасьці беларусаў існуе пэўны недавер, скажам мякка, да людзей з рэгіёну Блізкага Ўсходу; а па-другое, існуе пераважна нэгатыўнае стаўленьне да мігрантаў, якія імкнуцца трапіць у Эўропу. У нядаўнім артыкуле Юрыя Дракахруста прыводзяцца даволі канкрэтныя сацыялягічныя дадзеныя наконт гэтага.
Так, падчас мігранцкага крызісу 2015–16 году 60 працэнтаў апытаных беларусаў адказалі, што мігрантаў нельга пускаць у Эўропу. Далей, працытую з артыкула Дракахруста пра стаўленьне да розных нацыянальнасьцяў, — «Самым блізкім этнасам былі расейцы, наступныя за імі — украінцы і палякі, потым народы краінаў Эўропы, амэрыканцы і габрэі. А далей — прорва, апытаньні дэманстравалі гіганцкую сацыяльную дыстанцыю з выхадцамі з Азіі і Афрыкі, і адным з самых далёкіх беларусам этнасаў былі арабы, якія складаюць значную долю цяперашняй мігранцкай плыні, якая ідзе празь Беларусь».
І што мы бачым апошнія тыдні? У дзяржаўнай прапагандзе людзі з тых рэгіёнаў, найбольш далёкія і незразумелыя беларусам, абвяшчаюцца лепшымі сябрамі, нявіннымі ахвярамі Захаду; прадстаўнікі Блізкага Ўсходу проціпастаўляюцца заходнікам як станоўчыя героі адмоўным. Можна канстатаваць, што прыхільнікі Лукашэнкі да заходнікаў ставяцца ня надта станоўча — але ж да арабаў і афрыканцаў яшчэ горш.
І што цяпер павінны адчуваць і думаць прыхільнікі Лукашэнкі, назіраючы за цяперашнімі дзеяньнямі ўлады, якая фактычна прывезла ў Беларусь мігрантаў (да якіх само па сабе стаўленьне нэгатыўнае), ды яшчэ з краінаў Блізкага Ўсходу (падвойны нэгатыў)? Што павінны адчуваць людзі, большасьць зь якіх вельмі рэдка выяжджала за межы Беларусі, — назіраючы за тым, як мігранты з далёкіх краінаў запаланілі вуліцы Менску і штурмуюць беларуска-польскую мяжу?
Далей. Усе сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што касьцяк прыхільнікаў Лукашэнкі — гэта прыхільнікі жорсткага парадку. Гэта тыя людзі, якія апраўдвалі нават бесчалавечныя паводзіны сілавікоў у жніўні 2020 году, рэпрэсіі супраць людзей у 2021-м — бо ўсё ж дзеля «парадку», дзеля «краіны». «Парадак», «чыстыя вуліцы» і «мірнае неба над галавой» — гэта бессэнсоўная прапагандысцкая трыяда, якая зараз актыўна падрываецца дзеяньнямі мігрантаў сумесна зь беларускімі сілавікамі.
Як павінны глядзець прыхільнікі Лукашэнкі, сілавікоў і «парадку» на тое, як мігранты парушаюць усе магчымыя беларускія законы пры поўным спрыяньні беларускіх сілавікоў? Яны знаходзяцца ў памежнай зоне, дзе знаходзіцца нельга, яны сьпілоўвалі там дрэвы, яны спрабавалі гэтымі дрэвамі тараніць польскую мяжу, прабіваць памежны плот. Яны адкрыта жадаюць перайсьці мяжу нелегальна, у абыход усіх беларускіх і польскіх законаў. А апошнія дні яны ў жывым эфіры разьбіраюць ходнікі і кідаюць камянямі ў паліцыю.
І гэта ў дзяржаве, дзе саджаюць на рэальны тэрмін за сарваную маску зь сілавіка, дзе саджаюць за чырвоныя кеды і шкарпэткі, дзе даюць суткі за добрыя словы пра свайго выкладчыка на выпускным вечары.
Вы, магчыма, скажаце, што ўсё гэта даўно ня важна, бо сапраўдныя прыхільнікі Лукашэнкі настолькі замбаваныя, што будуць падтрымліваць яго, што б ён ні рабіў. Не зусім так. Мы маглі назіраць, як з прычыны пэўных дзеяньняў улады ад электарату Лукашэнкі адвальваліся ладныя кавалкі. У 2017 годзе — пасьля антыдармаедзкага ўказу. У 2020 годзе — пасьля пагардлівага стаўленьня Лукашэнкі да ковіду і ягоных ахвяраў, пасьля парадаў лячыцца трактарам, хакеем і гарэлкай. Летам 2020-га — пасьля арышту кандыдатаў у прэзыдэнты, перад выбарамі. Усё гэта адслойвала ладныя ільдзіны ад айсбэрга пад назвай «давер да Лукашэнкі».
Мігранцкая атака, ды яшчэ ў такой форме, пярэчыць усім глыбінным каштоўнасьцям і ўстаноўкам кансэрватыўных прыхільнікаў Лукашэнкі. Можна канстатаваць, што цяперашні рэжым ігнаруе пачуцьці нават сваіх самых зацятых прыхільнікаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.