Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка пайшоў на новае абвастрэньне на мяжы? Тры вэрсіі


На беларуска-польскай мяжы 15 лістапада 2021 году
На беларуска-польскай мяжы 15 лістапада 2021 году

Яшчэ ў нядзелю 14 лістапада здавалася, што ў мігранцкім крызісе справа ідзе да разрадкі. Аднак у панядзелак, 15 лістапада, на польска-беларускай мяжы адбылося новае абвастрэньне.

Сьцісла:

  • Вэрсія першая. МЗС сапраўды арыентаваны на вырашэньне крызісу, а сілавікі зацікаўленыя ў яго эскаляцыі.
  • Вэрсія другая. Лукашэнка, убачыўшы гатоўнасьць ЭЗ да кампрамісу, ацаніў гэта як слабасьць. І вырашыў даціснуць.
  • Вэрсія трэцяя. Лукашэнка незадаволены тым, што Пуцін імкнецца вырашыць мігранцкі крызіс з ЭЗ за плячыма і цераз голаў афіцыйнага Менску. І пайшоў на абвастрэньне.

Яшчэ ў нядзелю, 14 лістапада, здавалася, што ў мігранцкім крызісе справа ідзе да разрадкі. У гэты дзень адбылася тэлефонная гутарка міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея з высокім прадстаўніком ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэпам Бурэлем. Паводле інфармацыі беларускага МЗС, «Макей давёў да суразмоўцы інфармацыю аб зробленых Беларусьсю кроках па скарачэньні патоку мігрантаў з краінаў Азіі, Афрыкі і Блізкага Ўсходу... Пацьверджана зацікаўленасьць у больш хуткім урэгуляваньні міграцыйнага крызісу».

Рыторыка незвычайна міралюбівая.

Памяняўся і тон заяваў расейскіх афіцыйных асобаў. Раней Пуцін ухіляўся ад умяшаньня ў мігранцкі крызіс, на ўсе апэляцыі з боку эўрапейскіх палітыкаў ён перанакіроўваў іх да кіраўніцтва Беларусі, маўляў, дамаўляйцеся з Лукашэнкам. А 14 лістапада ён заявіў, што гатовы садзейнічаць вырашэньню гэтай праблемы. І адзначыў, што канцлерка ФРГ Ангела Мэркель і Аляксандар Лукашэнка гатовыя пагаварыць адзін з адным, выказаў спадзяваньне, што гэта адбудзецца бліжэйшым часам.

Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў таксама адзначыў, што Расея гатовая на ролю пасярэдніка ў перамовах аб вырашэньні мігранцкага крызісу. Таксама ён сказаў вельмі важную фразу, што, маўляў, ускладаць на Лукашэнку ўсю віну ў сытуацыі зь мігрантамі на мяжы абсалютна няправільна. То бок частку віны за гэты крызіс Масква ўжо гатовая ўскласьці на Лукашэнку? Гэта цікавы нюанс.

Здаецца, і ЭЗ гатовы да кампрамісу. У панядзелак 15 лістапада чакалася, што міністры замежных спраў Эўразьвязу прымуць пяты пакет санкцый адносна Беларусі. Аднак яны ўсяго толькі пашырылі юрыдычныя рамкі санкцый супраць уладаў Беларусі. Рашэньне аб саміх санкцыях зноў адкладзена. Да таго ж яны тычацца толькі фізычных і юрыдычных асобаў, адказных за міграцыйны крызіс. Не вядзецца гаворка аб пашырэньні эканамічных санкцый, чаго вельмі баяліся ў кіраўніцтве Беларусі (Лукашэнка пагражаў прыняць меры ў адказ).

І вось у панядзелак, 15 лістапада, калі чакалі нейкай разрадкі, усё аказалася з дакладнасьцю да наадварот. На польска-беларускай мяжы адбылося новае абвастрэньне. Мігранты ў вялікай колькасьці прыйшлі на пераход Брузгі — Кузьніца і спрабуюць прайсьці на польскі бок. За іх сьпінамі стаяць беларускія сілавікі.

Пакуль цяжка вывесьці нейкую заканамернасьць таго, што адбываецца. Можна вылучыць некалькі вэрсій.

  1. Вэрсія першая. МЗС сапраўды арыентаваны на вырашэньне крызісу, а сілавікі зацікаўленыя ў яго абвастрэньні. У выніку мы бачым няўзгодненыя дзеяньні, левая рука ня ведае, што робіць правая.
  2. Вэрсія другая. Лукашэнка, убачыўшы гатоўнасьць ЭЗ да кампрамісу, ацаніў гэта як слабасьць. І вырашыў даціснуць.
  3. Вэрсія трэцяя. Лукашэнка незадаволены тым, што Пуцін імкнецца вырашыць мігранцкі крызіс з ЭЗ за плячыма і цераз голаў афіцыйнага Менску. І пайшоў на абвастрэньне.

У любым выпадку, гульня на нэрвах палітыкаў Эўразьвязу працягваецца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG