Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Незадаволенасьць пратэстамі не азначае аўтаматычнай падтрымкі Лукашэнкі». Сацыёляг пра даносы


Лягатып «Кібэрпартызанаў», ілюстрацыйнае фота
Лягатып «Кібэрпартызанаў», ілюстрацыйнае фота

«Кібэрпартызаны» выклалі ў адкрыты доступ базу зваротаў грамадзян у міліцыю ад ліпеня да лістапада. Людзі тэлефанавалі на 102 і паведамлялі аб дваровых акцыях, вывешаных бел-чырвона-белых сьцягах, надпісах з абразамі Лукашэнкі.

Паводле гэтай базы, такіх званкоў было больш за дзьве тысячы. Беларусы заяўлялі ў міліцыю ня толькі на выпадковых мінакоў, але і на суседзяў і нават сваякоў.

Пасьля публікацыі базы на падʼездах дамоў дзе-нідзе зьявіліся ўлёткі «Краіна павінна ведаць сваіх „герояў“» ці «Увага, стукач».

Пра апублікаваны «кібэрпартызанамі» сьпіс і пра рэакцыю на яго «Настоящее время» пагутарыла з праграмным дырэктарам адукацыйнай ініцыятывы «Беларуская акадэмія», старшым экспэртам «Цэнтру новых ідэй» Генадзем Коршунавым.

«Людзі выказвалі незадаволенасьць, хутчэй, формамі пратэстаў, якія заміналі нечым ім асабіста непасрэдна, вось гэта трэба мець на ўвазе. Плюс дужа забаўна атрымліваецца, што не задаволеныя пратэстамі — гэта ня значыць аўтаматычнай падтрымкі прэзыдэнта ці чалавека, які абʼявіў сябе прэзыдэнтам. Хоць і такія, і гэткія ёсьць.

Калі ж гаварыць менавіта пра матывацыю, то дастаткова істотная частка — складана казаць пра колькасьць, але тым ня менш, — гэта эгаістычныя званкі, калі людзі скардзяцца на тое, што ім замінае адпачываць, ім замінаюць спаць. Зь нейкага пункту погляду, напэўна, гэтых людзей можна зразумець. Старыя людзі, было відаць па некаторых пазыцыях, званілі, упіралі на тое, што яны вэтэраны вайны, што гэты шум іх вельмі напружвае і гэтак далей.

Другі момант — відавочна, хутчэй псыхалягічны, — калі тэлефануюць людзі, пакрыўджаныя жыцьцём, і тыя, хто помсьціць проста ўсякаму, хто ад іх адрозьніваецца, таму, хто мае сваю думку, хто гатовы бараніць гэтую сваю думку хто падтрымлівае адрозную ад дзяржаўнай сымболіку і гэтак далей. Якія шалеюць ад усяго, што яны проста ня могуць зразумець, і таму гатовыя зьнішчаць усё, што не разумеюць, у тым ліку людзей, якія сьпяваюць, якія зьбіраюцца, якія нешта хочуць мяняць. Што мяняць, навошта мяняць — гэтым людзям незразумела, таму ўсё, што называецца «дручком па галаве — і вяртаем парадачак, і ўсё спакойна.

Пэўна, можна гаварыць пра тое, што частка людзей хоча выслужыцца, хоча праявіць нейкую сваю ініцыятыўнасьць, быць карысным радзіме і прэзыдэнту — гэта таксама відаць са зьместу званкоў. Ну і, безумоўна, ёсьць частка грамадзтва, якая шчыра абагаўляе Аляксандра Лукашэнку, і іх проста неймаверна ятрыць, раздражняе любы сумнеў у ягонай правамоцнасьці, легітымнасьці.

Ёсьць яшчэ частка званкоў, зь якіх відаць, што людзі ці то ў дзяцінстве дэтэктываў не начыталіся, ці то перачыталі іх ужо ў сталым веку: нехта неяк дзіўна апрануўся і пайшоў некуды, сабраліся два-тры чалавекі, шушукаюцца, нешта, пэўна, абмяркоўваюць. То бок проста частку такіх званкоў складана аднесьці да ліку тых, хто выступіў супраць пратэстоўцаў, гэтаксама як і тых, хто падтрымлівае існы рэжым».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG