Сярод тых, хто незаконна перавозіў мігрантаў пасьля прарыву беларуска-польскай мяжы з Польшчы ў Нямеччыну — 14 грамадзян Нямеччыны і некалькі сырыйцаў ды іракцаў зь відам на жыхарства ў Нямеччыне. Іншыя арыштаваныя — грамадзяне Ўкраіны, Грузіі і краін Балтыі, піша нямецкае выданьне Bild am Sonntag.
Газэта піша, што прарывы мяжы мігрантамі зьяўляюцца мэтай «67-гадовага беларускага дыктатара Лукашэнкі».
Колькасьць мігрантаў, якім празь лясы і калючы дрот удалося прарвацца спачатку ў Польшчу, а затым у Нямеччыну, дасягнула ўжо 9,5 тысяч чалавек.
Паводле высноваў нямецкага сьледзтва, мігранты зьвяртаюцца да нелегальных перавозчыкаў праз закрытыя форумы ў інтэрнэце і арандуюць мікрааўтобус. Людзі зь Менску, якія спрыяюць нелегальнай міграцыі, дасылаюць кіроўцам на мабільныя тэлефоны геададзеныя аб раёнах, дзе яны павінны падабраць нелегальных мігрантаў.
За паездку перавозчыкі атрымліваюць да 5000 эўра.