Затрымалі фрыстайлістку-чэмпіёнку Аляксандру Раманоўскую
Як стала вядома Беларускаму фонду спартовай салідарнасьці, 10 лістапада пасьля трэнаваньня ў Менску затрымалі чэмпіёнку сьвету ў лыжным фрыстайле Аляксандру Раманоўскую. Затрыманьне адбылося каля 16:30. Раманоўскую адвезьлі ў Партызанскі РУУС Менску, а затым зьмясьцілі ў ІЧУ.
11 лістапада адбыўся суд паводле пратаколу за «пікетаваньне». У выніку Раманоўская атрымала штраф у 2610 рублёў, піша БФСС.
Аляксандру звольнілі з нацыянальнай каманды ў фрыстайле за падпісаньне ліста ў падтрымку новых выбараў і супраць гвалту. Чыноўнікі Рэспубліканскага цэнтру алімпійскага рэзэрву, дзе працавала фрыстайлістка, ня сталі браць пад увагу абставіны адсутнасьці Раманоўскай — яна вазіла ў шпіталь бацьку, які перанёс інсульт.
Траіх менчукоў, якія скінулі з балькона дзьверы на міліцыянтаў, асудзілі на два і тры гады калёніі
У судзе Фрунзэнскага раёну вынесьлі прысуд менчукам, якія 11 жніўня мінулага году падчас акцыі пратэсту скінулі драўляныя дзьверы з балькона 11 паверху на супрацоўнікаў міліцыі. Абвінавачаныя ўбачылі, як тыя затрымлівалі і білі мужчыну ў двары на Каменнай Горцы.
Ніхто тады не пацярпеў, аднак на судзе пацярпелымі выступалі два супрацоўнікі, пэўна, са зьмененымі прозьвішчамі — Іваноў і Пятроў. Маральнай і матэрыяльнай шкоды яны не заяўлялі.
Судзьдзя Дзьмітры Лукашэвіч асудзіў Яўгена Коржаля і Цімафея Мажанкова на 2 гады калёніі агульнага рэжыму, а Аляксея Ігнаценку — на 3 гады і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму. Менавіта такога пакараньня запатрабавала дзяржабвінаваўца Аксана Саковіч, паведаміла «Вясна».
У Беларусі +18 новых палітвязьняў
Праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі яшчэ 18 чалавек: гэта Аляксандар Шматаў, Ігар Ухалюк, Алег Грудзінаў, Аляксей Федаркевіч, Вадзім Собалеў, Валеры Панкратовіч, Андрэй Гарбуноў, Антон Шлемен, Юры Вяршук, Сяргей Ільюшанка, Віктар Пыцько, Сяргей Юпатаў, Аляксандар Грыневіч, Мікалай Дземчанка, Аляксандар Мілашэўскі, Алег Корзун, Сяргей Рындзевіч і Іван Чаравака.
Усяго ў Беларусі ўжо 847 чалавек прызнаныя палітвязьнямі.
Палітвязьню Андрэю Ліньніку прысудзілі 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму
8 лістапада ў судзе Маскоўскага раёну Менску вынесьлі абвінаваўчы прысуд па справе 32-гадовага Андрэя Ліньніка, якога абвінавачвалі ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» (ч. 2 арт. 293 КК) за падзеі 9 жніўня ў Менску, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна» 11 лістапада.
Згодна з абвінавачаньнем, Андрэй «узяў удзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і збройным супрацівам прадстаўнікам улады».
Хлопец пацьвердзіў, што 9 жніўня ён сапраўды знаходзіўся на скрыжаваньні праспэктаў Машэрава і Пераможцаў, аднак «нічога не граміў і не паліў, удзельнічаць у масавых беспарадках не плянаваў, а з самой акцыі пратэсту сышоў пасьля таго, як на месцы падзей зьявілася шмат супрацоўнікаў міліцыі».
Падчас свайго апошняга слова Андрэй Ліньнік выказаў словы раскаяньня і папрасіў суд прыслухацца да абаронцы. Таксама ён прызнаў пазоў на карысьць «Менсктрансу» ў памеры 3621 рубель 94 капейкі. Паводле вэрсіі дзяржабвінавачваньня, менавіта такую шкоду сваімі дзеяньнямі Андрэй нанёс «Менсктрансу» ў сувязі з прыпыненьнем працы грамадзкага транспарту падчас акцыі пратэсту.
У выніку, як і запрошваў пракурор, Андрэю Ліньніку прысудзілі 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Утрыманьне пад вартай у пэрыяд з 4 жніўня да 8 лістапада 2021 году суд пастанавіў залічыць у тэрмін адбыцьця пакараньня з разьліку 1 дзень утрыманьня пад вартай да 1,5 дня адбыцьця пакараньня. Адвакат і пракурор з прысудам пагадзіліся.
За налепку з Пагоняй на машыне мянчанку арыштавалі на 10 сутак
На яе паскардзіўся «неабыякавы грамадзянін» у бот міліцыі.
10 лістапада ў судзе Савецкага раёну разгледзелі справу 53-гадовай мянчанкі Аксаны Зыбінай. Яе затрымалі 9 лістапада за налепку з Пагоняй на багажніку яе аўтамабіля, які яна звычайна паркуе каля Савецкага РУУСу. У той дзень ёй патэлефанавалі супрацоўнікі ДАІ і прапанавалі падысьці да сваёй машыны. Як стала вядома ў судзе, затрыманьне адбылося пасьля скаргі «неабыякавага грамадзяніна», які паведаміў пра налепку ў «інфармацыйны чат-бот 102».
На судзе жанчына пагадзілася, што на машыне была налепка з гербам, але яна ня бачыць у гэтым правапарушэньня. Яна сказала, што езьдзіць з налепкай ад 2018 году, калі адзначалася стагодзьдзе БНР. Яна растлумачыла, што вельмі любіць Беларусь і цікавіцца яе гісторыяй:
«Ніякія грамадзка-палітычныя погляды налепкай я не выказвала, толькі любоў да Радзімы», — адзначыла Аксана Зыбіна.
Судзьдзя Сяргей Шаціла выслухаў яе і арыштаваў на 10 дзён, паведаміла «Вясна».
Затрыманьні ў Бабруйску, Наваполацку, Вілейцы і пад Менскам
У Наваполацку на працоўным месцы 10 лістапада супрацоўнікі КДБ затрымалі жонку палітзьняволенага ў справе «Рабочага руху» Аляксандра Капшуля Аксану. Яе адвезьлі ў Віцебск і пасьля допыту адпусьцілі дадому, піша «Вясна».
У вёсцы Сёмкава Менскага раёну затрымалі Дзьмітрыя Герасімовіча. Магчыма, за БЧБ-аркуш на дзьвярах прыватнага дома. Мужчыну даставілі ў Заслаўскае РУУС.
У Бабруйску дома затрымалі Сяргея Бяляева. У першай палове дня ў Бяляева правялі ператрус, пасьля чаго завезьлі ў РАУС. Сваякам Сяргея не паведамілі пра яго затрыманьне. І толькі пад вечар яны даведаліся, што яго зьмясьцілі ў ІЧУ. Чакаецца суд; у чым абвінавачваюць мужчыну, невядома.
У Вілейцы раніцай на працоўным месцы затрыманы 34-гадовы Барыс Несьцяровіч. Меркавана, яго павезьлі ў Менск, бо ў Вілейцы ён ня ўтрымліваецца. Прычыны і абставіны затрыманьня пакуль невядомыя.
СМІ: Настаўніка гісторыі затрымалі пасьля вяртаньня з заробкаў па справе аб пратэстах
37-гадовага настаўніка гісторыі Артура Эшбаева затрымалі пасьля вяртаньня з заробкаў, піша «Наша Ніва» са спасылкай на ягоных сваякоў. Паводле інфармацыі выданьня, ён прыехаў з Польшчы, а празь некалькі дзён, 5 лістапада, быў затрыманы па арт.342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзеле ў іх). Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
«Там у яго забралі акуляры, хоць адно вока — −21, другое — −19. Ён зусім нічога ня бачыць», — прыводзіць «НН» словы сваякоў. Па іх інфармацыі, акуляры Артуру выдаюць толькі тады, калі патрабуецца нешта падпісаць. «Пры гэтым яго абвінавачваюць па фота з інтэрнэту», — кажуць блізкія.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у кастрычніку Артура асудзілі на 7 сутак арышту за тое, што займаўся арганізацыяй Народнага сходу ў Смалявічах, зьбіраў подпісы. Яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы несанкцыянаванага мерапрыемства.