У Польшчу спрабавалі трапіць 468 мігрантаў, 150 зь іх — сілай
Польскія памежнікі ўчора, 10 лістапада, зафіксавалі 468 спробаў пераходу мяжы мігрантамі. 42 уцекачам выдалі пастановы пра выезд з тэрыторыі Польшчы. Гэта значыць, калі яны ня просяць прытулку ў Польшчы, іх вяртаюць на мяжу.
Уначы каля 150 мігрантаў спрабавалі сілай прарвацца церазь мяжу на Падляшшы, паведаміў намесьнік кіраўніка МУС Польшчы Барташ Градэцкі ў эфіры polsatnews.pl
У Літву за ноч спрабавалі трапіць 35 мігрантаў, іх не прапусьцілі літоўскія памежнікі, перадае LRT. Памежнікі выявілі таксама дзьве групы з 30-40 мігрантаў пры мяжы. Прынамсі адна зь іх аточаная беларускімі сілавікамі.
У Латвіі ўчора спынілі 21 спробу парушэньня мяжы мігрантамі зь беларускага боку.
Паводле міністра абароны Літвы Арвідаса Анушаўскаса, каля літоўскай мяжы зь беларускага боку можа быць больш як тысяча мігрантаў.
Беларускі памежны камітэт зьняпраўдзіў інфармацыю пра гібель мігранта
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі зьняпраўдзіў інфармацыю пра гібель падлетка сярод мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.
Пра гэта сказаў афіцыйны прадстаўнік камітэту Антон Бычкоўскі агенцтву БелТА.
Міграцыйным крызісам рэжым спрабуе адвесьці ўвагу ад рэпрэсій у краіне, — заява Эўразьвязу
Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі апублікавала дэклярацыю Высокага прадстаўніка ад імя ЭЗ з нагоды сытуацыі каля мяжы.
«Сплянаванае выкарыстаньне беларускім рэжымам уразьлівых людзей у якасьці інструмэнту для дасягненьня палітычных мэтаў апошнім часам набыло трывожнае вымярэньне. Групы мігрантаў у суправаджэньні ўзброеных супрацоўнікаў сілавых структураў Беларусі ідуць да межаў краінаў – сяброў ЭЗ для таго, каб незаконна празь іх прарывацца.
Гэта сьведчыць пра цынізм беларускага рэжыму, які, распальваючы крызіс на вонкавых межах ЭЗ, спрабуе адвесьці ўвагу ад сытуацыі ў краіне, дзе жорсткія рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека працягваюцца і нават пагаршаюцца.
ЭЗ рашуча асуджае рэжым Лукашэнкі за тое, што ён сьвядома ставіць у небясьпеку жыцьцё і дабрабыт людзей. Гэтым ён ня толькі парушае міжнароднае права, але і ігнаруе фундамэнтальныя правы чалавека, у дачыненьні да якіх Беларусь узяла на сябе абавязкі. Такія бесчалавечныя дзеяньні патрабуюць рашучай міжнароднай рэакцыі і супрацоўніцтва, каб прыцягнуць рэжым Беларусі да адказнасьці за гэтыя парушэньні.
Міжнародным арганізацыям неабходна даць неадкладны і бесьперашкодны доступ да людзей для дастаўкі ім гуманітарнай дапамогі.
Мы цалкам салідарныя зь дзяржавамі-сябрамі, якія пацярпелі ад гэтага гібрыднага нападу, і працягнем аказваць дапамогу тым, хто зазнаў найбольш непасрэднае ўзьдзеяньне. Фундамэнтальныя каштоўнасьці будуць і далей кіраваць нашымі дзеяньнямі, асабліва ў пытаньні абароны правоў чалавека ў дачыненьні да мігрантаў.
Мы шчыльна ўзаемадзейнічаем з краінамі паходжаньня і транзыту, каб пакласьці канец дзеяньням Лукашэнкі. Гэта таксама адпавядае інтарэсам грамадзян краінаў паходжаньня. Мы вітаем намаганьні такіх краінаў, як Ірак, якія робяць канкрэтныя крокі ў гэтым кірунку».
Эўразьвяз пашырыць санкцыі супраць беларускага рэжыму, а таксама разгледзіць «далейшыя абмежавальныя меры супраць вінаватых» і будзе падтрымліваць народ Беларусі, гаворыцца ў заяве.
Новыя санкцыі супраць Беларусі ўвядуць ужо на пачатку наступнага тыдня
Пра гэта заявіла кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам, паведаміў «Голос Америки».
«Санкцыі супраць Беларусі будуць пашыраныя… на пачатку наступнага тыдня», — заявіла Ўрсуля фон дэр Ляен.
«Мы разгледзім магчымасьць прымяненьня санкцый да тых авіякампаній, якія садзейнічаюць гандлю людзьмі (human trafficking) у кірунку Менску і мяжы паміж ЭЗ і Беларусьсю», — дадала яна.
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў у сераду, што Злучаныя Штаты «рашуча пярэчаць» «ідэі выкарыстаньня Беларусьсю міграцыі ў якасьці зброі» супраць суседніх дзяржаваў.
Ён падкрэсьліў, што ЗША будзе ціснуць на рэжым Лукашэнкі, пакуль ён «адмаўляецца выконваць свае міжнародныя абавязаньні ці абяцаньні, падрывае сваімі дзеяньнямі мір і бясьпеку ў Эўропе і працягвае рэпрэсіі і парушэньні грамадзянскіх правоў».
OKO.press: На беларуска-польскай мяжы памёр 14-гадовы курд
Польскі партал OKO.press паведаміў з спасылкай на двух мігрантаў, што ў сераду, 10 лістапада, у лягеры ўцекачоў пры беларуска-польскай мяжы памёр 14-гадовы курд. Ягонае цела забралі беларускія службы.
«Ён памёр ад пераахаладжэньня», — напісаў кантакт OKO.press зь лягеру. Паводле яго, беларускія памежнікі забралі 14-гадовага хлопца ў шпіталь. На пытаньні журналістаў, ці сапраўды сталася трагедыя, кантакт адказаў: «100 працэнтаў». На пытаньне, калі хлопец памёр, той адказаў «Цяпер».
Інфармацыю парталу неўзабаве пацьвердзіў яшчэ адзін мігрант.
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі зьняпраўдзіў інфармацыю пра гібель дзіцяці сярод мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.
Пра гэта сказаў афіцыйны прадстаўнік камітэту Антон Бычкоўскі агенцтву БелТА.
Раней паведамлялася пра як мінімум 9 сьмярцей мігрантаў на мяжы
Першая вестка пра гібель мігранта прыйшла 4 жніўня, калі Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра сьмерць іракца на беларуска-літоўскай мяжы, непадалёк ад пункту пропуску Беняконі. Мужчыну ў перадсьмяротным стане нібыта знайшоў былы вайсковец, які жыве ў Воранаве. СК Беларусі адразу завёў крымінальную справу, у Беларусь выклікалі родных памерлага, мёртвае цела паказалі на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах. Літоўскі бок абвінаваціў беларускія ўлады ў правакацыі.
19 верасьня польскія і беларускія памежнікі адначасова паведамілі аб тым, што на мяжы знойдзеныя целы загінулых мігрантаў. Агенцтва БелТА расказала пра труп жанчыны з Іраку. Памежная варта Польшчы паінфармавала адразу пра тры знойдзеныя на беларуска-польскай мяжы трупы ўцекачоў. Пракуратуры Сувалак, Саколкі і Беластоку пачалі сьледзтва, першай вэрсіяй гібелі стала тое, што адна з асобаў ужывала лекі, перададзеныя ёй беларускімі памежнікамі, і гэта магло стаць прычынай пагаршэньня стану. Астатнія маглі памерці ад абмаражэньня.
23 верасьня Памежная служба Польшчы паведаміла пра сьмерць яшчэ аднаго мігранта. Учора ўвечары арыштавалі групу імігрантаў з Іраку. Але адзін зь іх, нягледзячы на рэанімацыю патруля і брыгады хуткай дапамогі, памёр.
5 кастрычніка каля беларуска-літоўскай мяжы знайшлі цела ўцекача з Шры-Ланкі, напісалі дзяржаўныя СМІ Беларусі. Побач з загінулым знаходзіліся ягоныя дакумэнты, плястыкавыя карткі і мабільны тэлефон. Прычыны сьмерці мігранта не ўдакладняліся.
14 кастрычніка ў памежнай зоне з польскага боку знайшлі яшчэ аднаго мёртвага мігранта з Сырыі. Прэс-сакратар паліцыі Томаш Крупа сказаў Gazeta Wyborcza, што загінулы — 24-гадовы ўцякач, да гэтага ён, імаверна, знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Пры сабе ён меў беларускую візу, выдадзеную ў сярэдзіне верасьня.
19 кастрычніка сырыец патануў у рацэ Буг пры спробе пераплысьці на польскі бок мяжы. Пры 19-гадовым хлопцу знайшлі дакумэнты, якія сьведчаць асобу. Разам зь ім раку пераплываў і ягоны зямляк, якога ўдалося ўратаваць нырцам са службы ратаваньня.
29 кастрычніка на мяжы памёр хворы на дыябэт 25-гадовы мігрант з Ірацкага Курдыстана.
Таксама зьяўляліся паведамленьні пра гібель мігрантаў не на мяжы. Адзін памёр у Менску, другога знайшлі нежывым у транспарце, які прывёз мігрантаў у Нямеччыну.
Беларускія вайскоўцы стаяць на мяжы, узброеныя снайпэрскімі вінтоўкамі і гранатамётамі
Польскае МЗС апублікавала відэа, на якім польскі патруль здымае вайскоўцаў зь беларускага боку мяжы. Чуваць, як польскія вайскоўцы пералічваюць зброю, якую бачаць: снайпэрская вінтоўка Драгунова, ручны супрацьтанкавы гранатамёт.
Міністры замежных спраў Польшчы і Турэччыны абмеркавалі крызіс на беларускай мяжы
Падчас тэлефоннай размовы вечарам 10 лістапада яны дамовіліся пра супрацоўніцтва, каб разам супрацьстаяць выкарыстаньню беларускім рэжымам нелегальнай міграцыі для гібрыднай атакі на краіны блёку NATO, паведаміла польскае МЗС у твітэры.
Чарговая ноч на мяжы зь Беларусьсю. Фота польскіх вайскоўцаў
Што было ў папярэднія дні — у хроніцы Свабоды