- Словы гэтай групы сталі актуальнымі. Зьяжджаюць (і ўцякаюць) беларусы, праз нашыя межы масава праточваюцца іншаземцы. Як іх называць?
„Рэляканты“
Наватвор. Як ні дзіўна, прыйшоў з расейскае мовы. Там слова „релоканты“ ўзьнікла ў IT-сэктары, азначае ўдзельнікаў арганізаванага пераезду фірмы ў іншую краіну.
Слова мае лацінскі корань, але ў позьняй лаціне быў не назоўнік, а толькі дзеяслоў relocāre, у 3-й асобе множнага ліку цяперашняга часу (яны што робяць?) relocant. Азначае… ‘здаць у арэнду паўторна, калі папярэдні арандатар ня выканаў умоваў’. У ангельскай relocate — ‘перасяляць; перадысьлякаваць’. Таксама дзеяслоў. Таму працэс па-беларуску лепш называць не „рэлакейт“ , а рэлякацыя.
Уцекачы
Натуральнае беларускае слова „ўцякач“ — у клясычных слоўніках Некрашэвіча і Байкова, Ластоўскага (у яго яшчэ варыянт зьбег, але слова адпавядае хутчэй рас. беглец).
Пасьля Другой усясьветнай вайны міжнародныя арганізацыі разгарнулі дапамогу для мільёнаў DP („ды-пі“, displaced persons, перамешчаных асобаў), якія былі вязьнямі таталітарных рэжымаў ці ўцекачамі ад іх. Сярод DP было шмат беларусаў, у тым ліку будучых выбітных дзеячоў беларускае дыяспары.
„Бежанцы“
Русізм. Слова бегчы ў нас шматзначнае і пераважна пазытыўнае, а ўцякаць — пераважна афарбаванае пакутай. Па-расейску ж адно са значэньняў выразу „он бежал“ = менавіта „ён уцёк“.
АЎДЫЁ пра словы ўцякач і бежанец (2015):
Праўда, у нашай гісторыі было так званае „бежанства“ ў часе Першай усясьветнай вайны, калі расейская ўлада прымусова высяляла мірнае жыхарства Беларусі — да двух мільёнаў чалавек — у глыб Расеі. Асабліва ўдарыла трагедыя па беларусах Падляшша. Там выйшла некалькі дакумэнтальных кніг, Юры Каліна зьняў фільм пра тое „бежанства“.
„Бежанцы“, „бежанства“ — гістарызмы, яны сьведчаць пра канкрэтную падзею мінуўшчыны.
Мігранты
Гэта, як правіла, не ўцекачы. Эканамічныя мігранты — так называюць ахвочых трапіць у лепшыя матэрыяльныя ўмовы. Тэрмін міжнародны, лацінскага паходжаньня, ад дзеяслова migrare ‘мяняць месца жыхарства’.