Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускія памежнікі ламаюць дрот і прапускаюць мігрантаў у Польшчу», — журналіст Мэт'ю Люксмур


Беларуска-польскае памежжа каля Брузгоў, Горадзенская вобласьць
Беларуска-польскае памежжа каля Брузгоў, Горадзенская вобласьць

Самы маштабны крызіс на беларуска-польскай мяжы: тысячы мігрантаў у суправаджэньні ўзброеных людзей прайшлі ў напрамку да Польшчы, толькі за мінулыя суткі зафіксавана больш за 300 спроб незаконнага перасячэньня мяжы, польскія вайскоўцы адбілі спробу прарыву, але супрацьстаяньне працягваецца.

Уначы ў тэлеграм-каналах зьявілася відэа, на якім чуваць страляніна ў лягеры мігрантаў, які яны разьбілі каля мяжы. Сотні чалавек працягваюць стаяць каля мяжы, пэрыядычна выкрыкваючы: «Германія! Германія!»

Урад Літвы ўхваліў увядзеньне надзвычайнага становішча ў прыгранічных зь Беларусьсю раёнах.

Польшча, Латвія і Літва сутыкнуліся зь міграцыйным крызісам на мяжы зь Беларусьсю летам 2021 году: выхадцы з Сырыі, Іраку і іншых краінаў Блізкага Ўсходу працягваюць спробы перасекчы мяжу. Улады ЭЗ заяўляюць, што да міграцыйнага крызісу маюць прамое дачыненьне ўлады Беларусі. У Беларусі гэта адмаўляюць і абвінавачваюць эўрапейскія краіны ў тым, што тыя не пускаюць уцекачоў.

Журналіст Мэт'ю Люксмур быў на мяжы Беларусі і Польшчы тыдзень таму. Ён расказаў «Настоящему времени», што адбываецца сярод мігрантаў.

— Вы ня так даўно былі на мяжы Беларусі і Польшчы. Вы адчувалі, што сытуацыя абвастраецца і мігранты пойдуць на штурм? Што яны вам казалі?

— Вельмі складана сказаць, ці пойдуць яны на штурм, бо доступ на саму тэрыторыю каля мяжы забаронены, у тым ліку для журналістаў, для актывістаў, для ўсіх, хто спрабуе дапамагаць мігрантам. Так што журналісты ды іншыя актывісты могуць працаваць толькі ў раёнах, дзе гэта не забаронена. А там, дзе забаронена, там вельмі шмат войскаў, там вельмі старанна правяраюць, ці не дапускаюць каго да мяжы, акрамя мясцовых жыхароў. Так што вельмі цяжка сказаць, што адбываецца менавіта на мяжы паміж дзьвюма краінамі, акрамя таго, каб правяраць тэлеграм-каналы і глядзець ролікі, якія выпускае ў тым ліку Міністэрства абароны Польшчы і беларускія ўлады.

Але нават гуляючы па лесе ў гэтых частках Польшчы, можна знайсьці людзей, якія ў вельмі цяжкім стане, якія вельмі доўга ўжо там альбо чакаюць нейкага сыгналу ад людзей, якія змогуць іх транспартаваць далей у бок Нямеччыны, дзе большасьць зь іх жадае ўрэшце апынуцца, альбо проста хаваюцца ад польскіх вайскоўцаў, якія, калі б іх знайшлі, хутчэй за ўсё, выпхнулі б іх зноў на тэрыторыю Беларусі. І вельмі шмат мігрантаў баяцца, што яны зноў вернуцца на тэрыторыю Беларусі, адкуль ім зноў давядзецца пачынаць вельмі цяжкі шлях у Польшчу ў надзеі апынуцца ўрэшце там, дзе яны хочуць.

— Вам штосьці вядома пра тое, як з боку тэрыторыі Беларусі мігрантаў суправаджаюць нейкія ўзброеныя сілавікі ў камуфляжы, але без апазнавальных знакаў?

— Зноў-такі, я ня быў на самой мяжы, я не магу сказаць, што я асабіста такое бачыў. Але, як вы, напэўна, ведаеце і бачылі, шмат доказаў таго, што беларускія ўлады вельмі актыўна заахвочваюць гэтую плынь мігрантаў у бок Польшчы.

Учора мы бачылі ролікі, якія паказваюць, што людзі выкарыстоўваюць усялякае абсталяваньне, каб ламаць усе структуры, якія стаяць на мяжы. Магчыма, гэта ў тым ліку мігранты, але мне асабіста ў гэта складана паверыць, таму што ўсё, што яны могуць упіхнуць у свае заплечнікі, — гэта ежу, цёплае адзеньне. Асабліва на фоне ўсяго, што адбылося апошнім часам, яны ведаюць, што шлях вельмі цяжкі, і яны ведаюць, што, мусіць, ня варта браць з сабой лішняе. Але, мажліва, гэта і мігранты.

— Як вы лічыце, ёсьць нейкае тлумачэньне, як гэтыя мігранты трапляюць у Беларусь? Якая схема гэтай лягістыкі?

— У большасьці выпадкаў яны проста бяруць білет на самалёт і ляцяць у Беларусь. Беларусь зрабіла вельмі лёгкім працэс атрыманьня візаў для людзей з такіх краін, як Афганістан, Ірак, Сырыя, Емэн. Апошнім часам мы бачым, што гэта крыху мяняецца і беларускія ўлады, можа, праз тое, што яны зараз разумеюць, што гэтых людзей вельмі шмат, што яны ў вельмі вялікай колькасьці запоўняць Менск і іншыя часткі Беларусі, можа, яны зараз разумеюць, што трэба зрабіць працэс атрыманьня візаў больш складаным.

Але з таго, што я разумею, тыя мігранты, зь якімі я размаўляў, плацяць некалькі тысяч даляраў нейкай кампаніі, якая зьвязаная з уладамі Беларусі альбо зь нейкімі пасярэднікамі. Яны ляцяць у Беларусь, адтуль проста плацяць, ці гэта частка дамовы, якую яны раней заключылі, іх потым перавозяць на мяжу з Польшчай. Я размаўляў з многімі [мігрантамі], і наратыў заўсёды такі. Беларускія памежнікі ломяць дрот і прапускаюць мігрантаў пэўнымі групамі ў Польшчу, дзе яны спрабуюць зноў схавацца ад польскіх вайскоўцаў, якімі бітком набітая тэрыторыя, і далей ісьці ў бок гарадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG