Сёньня сотні мігрантаў спрабавалі прарваць заслону з калючага дроту на мяжы Беларусі і Польшчы. Што можа зрабіць Польшча, каб спыніць міграцыйны наступ? Якія мэты ставіць перад сабой Лукашэнка, учыняючы гэты наступ, і ці дасягне ён іх? Ці варта прыслухацца да звароту нобэлеўскіх ляўрэатак наконт гуманітарнай сытуацыі на беларуска-польскай мяжы?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае Катаржына Пелчынска-Налеч, польскі сацыёляг, дырэктарка дасьледнага цэнтру Стратэгія 2050, былая амбасадарка Польшчы ў Расеі.
— На Ваш погляд, што можа зрабіць Польшча, каб спыніць міграцыйны наступ Лукашэнкі?
— Важныя дыпляматычныя кантакты з урадамі тых краінаў, зь якіх і празь якія едуць мігранты — гэта Ірак і Турэччына. Важна, каб гэтыя ўрады падтрымалі нашыя высілкі па спыненьні патоку нелегальнай міграцыі. Таксама трэба размаўляць з Эўразьвязам аб агульных дзеяньнях адносна рэжыму Лукашэнкі. Тое, што сёньня можа быць сур’ёзным адказам на дзеяньні Лукашэнкі, — гэта адказ у эканамічнай сфэры.
Чаго сёньня баіцца Лукашэнка? Ён баіцца сурʼезных, жорсткіх эканамічных санкцыяў з боку Эўразьвязу. Эканамічная сытуацыя ў Беларусі вядома якая. І такі адказ мог бы быць узяты пад увагу беларускім рэжымам. І гэта павінна быць прадметам перамоваў паміж польскім урадам, урадамі іншых краінаў ЭЗ і Эўракамісіяй.
— Вы сказалі, што Лукашэнка баіцца санкцыяў. А можа ён іх баіцца ня ў большай ступені, чым польскі ўрад баіцца міграцыйнай атакі? Беларускі палітычны аналітык Арцём Шрайбман некалі, аналізуючы санкцыі ЭЗ адносна Беларусі, казаў, што відавочны іх эфэкт — гэта боль, які яны ўчыняюць беларускаму рэжыму. Але невідавочна, што гэты боль здольны прымусіць Лукашэнку памяняць свае паводзіны. Аднак гэты аналіз можна ўжыць і адносна міграцыйнай атакі Лукашэнкі. Ён відавочна гэтай атакай робіць Польшчы і Эўразьвязу ў цэлым боль. Ці здольны ён такім чынам зьмяніць паводзіны Польшчы і Эўразьвязу? Ці ён можа дасягнуць сваіх палітычных мэтаў?
— Гэта залежыць ад таго, што мы лічым мэтамі Лукашэнкі. На мой погляд, Лукашэнка, па-першае, спрабуе адпомсьціць Польшчы і Эўразьвязу за палітыку, якую яны праводзілі адносна яго і яго рэжыму пасьля так званых выбараў 2020 году.
Другая мэта — гэта засяродзіць увагу Польшчы і Эўразьвязу на міграцыйным крызісе, а не на палітычным перасьледзе, які ўвесь час адбываецца ў Беларусі. І сёньня мы бачым шмат камэнтароў наконт міграцыйнага крызісу, але наагул няма дыскусіі пра новых палітвязьняў у Беларусі. А іх за апошнія тыдні дадалося 150-200 чалавек.
У Беларусі сёньня палітвязьняў больш, чым у Расеі, і сытуацыя ўвесь час пагаршаецца. Так што некаторыя мэты Лукашэнкі такім чынам рэалізуюцца. Тут ёсьць вялікае пытаньне, наколькі ён у сваіх дзеяньнях аўтаномны ад жаданьня і ўплыву Крамля. Калі гэта нават не каардынуецца Крамлём, то прынамсі ёсьць дазвол з боку Крамля на такую агрэсію адносна Польшчы і ЭЗ. Ёсьць зацікаўленасьць Расеі і, гледзячы па ўсім, Беларусі ў тым, каб Эўразьвяз быў як мага больш слабым, каб былі ўнутраныя канфлікты паміж краінамі ЭЗ і ўнутры іх грамадзтваў.
І такія мэты таксама мае спэцапэрацыя, якая праводзіцца на нашай усходняй мяжы. Нарэшце, можна сабе ўявіць, што Лукашэнка такім спосабам дамагаецца прызнаньня яго, як прэзыдэнта Беларусі. Магчыма, ён спадзяецца, што зь ім сядуць за стол перамоваў і пачнуць размаўляць. Я вельмі сумняюся, што ён даможацца гэтай апошняй мэты.
— Менавіта гэтую мэту агучыў у верасьні Уладзімер Пуцін на прэсавай канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з Лукашэнкам. Ён тады сказаў, што лідэры ЭЗ прасілі яго паўплываць на Менск і спыніць міграцыйную атаку. Пуцін тады параіў заходнім партнэрам размаўляць на гэтую тэму наўпрост з Лукашэнкам.
ную Гэта сапраўды і ў інтарэсах Пуціна, а ня толькі Лукашэнкі, каб прымусіць Польшчу і Эўразьвяз да прызнаньня Лукашэнкі. Гэта вельмі малаімаверна. Гэта азначала б, што Польшча і ЭЗ дазваляюць абыходзіцца зь імі так, як гэта робіць Лукашэнка. І за яго агрэсію мы пачнем зь ім перамовы, прызнаем нявыбранага прэзыдэнта. Наўрад ці польскі ўрад і ЭЗ на гэта пойдуць. Тут і пытаньне польскай грамадзкай думкі, якая вельмі жорстка настроеная адносна Лукашэнкі. Я не магу сабе ўявіць, каб польскі ўрад на вачах палякаў сеў за стол перамоваў з Лукашэнкам. Гэта было б вельмі кепска ўспрынята польскім грамадзтвам.
— Сёньня чатыры ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі па літаратуры — Сьвятлана Алексіевіч, Эльфрыдэ Елінэк, Гэрта Мюлер і Вольга Такарчук — выступілі з адкрытым лістом у Эўрапейскую Раду і Эўрапарлямэнт наконт «гуманітарнай катастрофы» на польска-беларускай мяжы.
Міграцыйны крызіс — гэта пэўная каштоўнасная пастка, створаная Лукашэнкам для польскага і іншых эўрапейскіх грамадзтваў. Для прадухіленьня міграцыйнага крызісу Польшча выкарыстоўвае сілавыя структуры. Часам гэта прыводзіць да сумных інцыдэнтаў. Беларуская прапаганда выкарыстоўвае гэта для дыскрэдытацыі Польшчы.
Як Польшчы ня трапіць у гэтую пастку? У Польшчы, магчыма, ня вельмі гучна гучаць галасы наконт гуманітарнага становішча мігрантаў. А ў Нямеччыне, напрыклад, яны, магчыма, гучаць гучней.
— У Нямеччыне разумеюць, што гэты крызіс выкліканы ня дзеяньнямі польскай дзяржавы, а агрэсіўнымі дзеяньнямі беларускага рэжыму. І гэта агрэсія ня толькі супраць Польшчы, але і супраць іншых краінаў ЭЗ. Таму вельмі важныя дыпляматычныя кантакты паміж Польшчай і Нямеччынай, каб гэтыя рэчы былі ясна выказаныя паміж партнэрамі ў ЭЗ. Сапраўды, у выніку дзеяньняў Лукашэнкі на мяжы ёсьць сёрʼёзныя гуманітарныя праблемы.
Я асабіста лічу, што прысутнасьць польскіх гуманітарных арганізацыяў там магла б быць добрай падтрымкай для польскіх дзяржаўных службаў, якія там дзейнічаюць. Польскія вайскоўцы, памежнікі, прадстаўнікі спэцслужбаў хацелі б найлепшым чынам абыходзіцца з жанчынамі і дзецьмі, зь якімі яны там працуюць. Гэта вельмі цяжкая праца.
Пік міграцыйнага крызісу, спроба прарыву мяжы, 8 лістапада
- Раніцай 8 лістапада ў сацыяльных сетках зьявіліся відэа буйной групы мігрантаў, якая рухалася ў пункт пропуску «Брузгі» на мяжы з Польшчай. Але пазьней група, якую суправаджалі грузавікі зь зялёнымі нумарамі беларускай памежнай службы і вайскоўцы з аўтаматамі і сабакамі, сышла ў лес.
- Каля тысячы мігрантаў ушчыльную наблізіліся да польскай мяжы, з-за дроту за імі сачылі ўзмоцненыя сілы польскай памежнай варты і Мінабароны.
- А 15-й гадзіне стала вядома пра першую спробу прарыву мяжы, якую спынілі польскія вайскоўцы. Мігранты штурмавалі польскую агароджу з дапамогай сякераў, бярвеньняў, рыдлёвак і кусачак.
- Польскі бок заявіў, што штурм іх мяжы адбываецца «ў прысутнасьці і пад кантролем беларускіх службаў».
- Увечары частка мігрантаў усё ж дабралася да польскага памежнага пераходу «Кузьніца», але там іх спынілі польскія памежнікі.
- Паводле Памежнага камітэту Беларусі, каля мяжы цяпер знаходзяцца больш за 2 тысячы мігрантаў. Прэсавы сакратар польскага ўраду Пётар Мюлер заявіў, што каля мяжы знаходзяцца 3-4 тысячы асобаў.
- Увечары зьявілася відэа са стрэламі на мяжы. Памежны камітэт Беларусі заявіў, што стралялі з польскага боку.