Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Чэхіі «разьбеларусілі» Скарыну і зьняважылі беларусаў


Помнік Скарыну ў Празе
Помнік Скарыну ў Празе

5 лістапада ў Празе адбылася прэзэнтацыя кнігі выкладчыка Карлавага ўнівэрсытэту доктара Ільлі Лямешкіна «Портрет Франциска Скорины». Кніга вельмі цікавая і грунтоўная, з глыбокім аўтарскім аналізам ілюстрацый Скарынавых выданьняў, зробленым на шырокім фоне мастацтва паўночнаэўрапейскага Рэнэсансу.

Аўтар кнігі выказаў шэраг нестандартных навуковых гіпотэз і зрабіў вельмі нечаканыя, наватарскія высновы. У прыватнасьці, ён сьцьвярджае, што расшыфраваў партрэт Францішка Скарыны і вызначыў сапраўдную дату яго нараджэньня — 1470 год.

Пакуль ня ўсе гісторыкі згаджаюцца з гіпотэзай пра новы ўзрост Скарыны, бо ёй супярэчаць пэўныя гістарычныя факты. У прыватнасьці, калі 5 лістапада 1512 году ў царкве Сьвятога Урбана ў Падуі сабралася на паседжаньне мэдычная калегія Падуанскага ўнівэрсытэту, то, прадстаўляючы Скарыну, віцэ-прыёр калегіі, доктар свабодных навук і мэдыцыны Тадэо Мусаці тройчы назваў кандыдата-палачаніна маладым чалавекам, юнаком. Гісторыкам здаецца праблематычным, каб 42-гадовага мужчыну маглі назваць тады маладзёнам.

Тым ня менш выхад кнігі доктара Лямешкіна трэба лічыць значнай падзеяй у эўрапейскім скарыназнаўстве, яго праца адкрывае новыя далягляды і кірункі дасьледаваньня Скарынавай спадчыны. Хочацца шчыра павіншаваць доктара Лямешкіна з такім значным і этапным дасягненьнем.

І тым больш прыкрымі выглядаюць некаторыя дэталі кнігі і трактоўкі доктара Лямешкіна і яго чэскіх калегаў, пра якія тут пойдзе гаворка.

Перадгісторыя

Для адзначэньня 550-й гадавіны з дня нараджэньня асьветніка (у адпаведнасьці з высновамі Ільлі Лямешкіна) у 2020 годзе па Чэскай Рэспубліцы пачалося турнэ выставы, прысьвечанай Францішку Скарыну, якая ўпершыню была разгорнутая ў Славянскай бібліятэцы Прагі ў 2017 годзе да 500-годзьдзя Скарынавай Бібліі. Выстава была створаная ў супрацоўніцтве літоўскімі і чэскімі навукоўцамі і называецца «Францішак Скарына (1470–1552). Рэнэсансны інтэлектуал паміж Прагай і Вільнюсам».

Выстава вандравала па адміністрацыйных краях Чэхіі ў рамках акцыі, прысьвечанай беларускай культуры «Сусьветная спадчына UNESCO — Беларусь» у суправаджэньні аднаго з аўтараў выставы, доктара Ільлі Лямешкіна.

Вясной 2021 году ў Чэхіі ўсчаўся скандал, бо мясцовыя беларусы на адным са стэндаў выставы прачыталі зьняважлівы для Скарыны і ўсёй Беларусі наступны пасаж пра суправаджальныя тэксты да помніка Скарыну на Градчанах у Празе і да Скарынавай памятнай шыльды на будынку Славянскай бібліятэкі ў чэскай сталіцы:

«Doprovodné texty prezentujicí pomniky [Skoriny] se vyznačuji řadou nepresností — předevšim tou, že Rutenus Skorina je nazýván Bělorusem a jeho knihy překladem bible do běloruštiny».(Суправаджальныя тэксты, якія рэпрэзэнтуюць помнікі, вызначаюцца шэрагам недакладнасьцяў — найперш той, што рутэн Скарына называецца беларусам, а яго кнігі перакладам Бібліі на беларускую мову).

Тут маецца простая фальсыфікацыя. На праскіх помніках Скарыну слова «беларус» няма ўвогуле. На шыльдзе каля помніка Скарына названы «беларускім гуманістам», а на шыльдзе ў Славянскай бібліятэцы «беларускім асьветнікам». Кожнаму зразумела, што «беларускім асьветнікам» можа быць хто заўгодна — русін, паляк, татарын, жмудзін і т.д.

У адказ на крытычную публікацыю беларускага гісторыка-дактаранта Паўла Котава Ільля Лямешкін напісаў:

«Франциск Скорина на выставке представлен в единственно возможном ключе — в культурно-историческом контексте своей эпохи: в контексте Чешского королевства, Великого княжества Литовского, в контексте ягеллонской Праги resp. Европы первой половины XVI века. Полно нести чушь и с современной перспективы идеологизировать историю и научный дискурс».

Беларусы напісалі лісты пратэсту дырэктару Славянскай бібліятэкі і ў іншыя месцы, але атрымалі дзяжурныя адпіскі. Тым ня менш скандальны стэнд вясной 2021 году з выставы быў прыбраны, далей яна вандравала па краіне безь яго. І далей на ёй Ільля Лямешкін прэзэнтаваў сваю кнігу, у якой у дачыненьні да Скарыны адсутнічаюць тэрміны «беларус» і «беларускі». Скарыну аўтар называе «рутенским издателем», «рутенским космополитом».

Доктар Ільля Лямешкін — лінгвіст, літуаніст. Лінгвістам зьяўляецца і яго калега, старшыня Праскага лінгвістычнага гуртка доктар Томаш Госкавец, які таксама мае працы, прысьвечаныя літоўскай мове.

Абодва навукоўцы у 2017 годзе глыбока і аддана ангажаваліся ў арганізацыю памятных мерапрыемстваў, у тым ліку чэска-літоўскай навуковай канфэрэнцыі ў Празе з нагоды 500-годзьдзя Скарынавай Бібліі.

На той канфэрэнцыі Томаш Госкавец, выступаючы па-расейску з тэкстам пра Сымона Буднага, заявіў:

«Несомненно, Симон Будный был литовцем, родным языком которого был рутенский».

Ніякага адказу з боку беларускіх удзельнікаў канфэрэнцыі не было. Не зьявілася ніякай рэакцыі ад беларускіх гісторыкаў і ў наступныя чатыры гады аж да цяперашняга часу.

У гэтай сувязі даводзіцца нагадаць вельмі паважаным мной праскім лінгвістам, што ня толькі лінгвістыка, але і гісторыя — гэта сур’ёзная навука, якая мае сваю сфэру інтарэсаў, тэарэтычную базу, апарат паняцьцяў, дакладную мэтадалёгію і прынцыпы. Этнасы і нацыі, формы племянной, этнічнай і нацыянальнай сьвядомасьці зьяўляюцца амаль выключна сфэрай зацікаўленьня гістарычнай навукі, у тым ліку такіх яе галінаў, як этналёгія і антрапалёгія.

Аматарскае ўмяшаньне ў гэтую сфэру непрадуктыўнае і можа прыводзіць да памылковых высноў.

Навуковая памылка доктара Томаша Госкаўца

Прынцып аб’ектыўнага гістарычнага дасьледаваньня, сфармуляваны францускімі гісторыкамі ў 2005 годзе ў адказ на ўхваленьне парлямэнтам Францыі рэкамэндацый для асьвятленьня францускага каляніялізму, быў падтрыманы навукоўцамі іншых краін сьвету, і сёньня зьяўляецца агульнапрызнаным. Ён заключаецца ў тым, што гісторыкі ня хваляць і не асуджаюць мінулае, не трактуюць яго з пазыцый сёньняшніх прыярытэтаў і не пераносяць туды актуальныя ідэалягічныя схемы, а толькі стараюцца зразумець падзеі мінуўшчыны ў іх прычыннай сувязі і патлумачыць іх сваім сучасьнікам.

Да ідэалягічных схемаў можна аднесьці і нацыю, якая ня толькі зьяўляецца гістарычным і сацыяльным фэномэнам, але і сучасным ідэалягічным канструктам.

Назваўшы Буднага «літоўцам, роднай мовай якога была рутэнская», Томаш Госкавец зрабіў сур’ёзную навуковую памылку.

Справа ў тым, што нацыяў у XVI стагодзьдзі не існавала.

Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае не было нацыянальнай дзяржавай. Яно не было і шматнацыянальнай дзяржавай. Яно нават не было і этнічнай дзяржавай балцкіх продкаў сучасных літоўцаў.

У XVI стагодзьдзя ВКЛ было фэадальнай шматэтнічнай дзяржавай, у якой дамінавалі славянская («руская») мова і культура, традыцыйнае «рускае» права, традыцыйныя «рускія» дзяржаўныя формы і апарат.

Насельніцтва ВКЛ не было нацыяй, ня мела адзінага назову, складалася зь некалькіх этнасаў або этнічных груп, кожны (-ая) зь якіх меў сваю асобную этнічную ідэнтычнасьць, часткай якой былі ідэнтычнасьці моўная, рэлігійная і культурная.

Назваўшы Сымона Буднага «литовцем, родным языком которого был рутенский», Томаш Госкавец памылкова перанёс у XVI стагодзьдзе ідэалягічны канструкт ХІХ–ХХ стагодзьдзяў — нацыю — і зрабіў прыемны жэст у бок нацыянальнага гістарычнага міту сучасных літоўцаў, які складаўся ў ХХ стагодзьдзі ня самымі прафэсійнымі літоўскімі гісторыкамі і які не зусім адпавядае гістарычнай праўдзе, бо разглядае ВКЛ як этнічна літоўскую дзяржаву.

Насамрэч балцкія продкі сучасных літоўцаў у першай палове XVI стагодзьдзя складалі 1/10 (адну дзясятую) частку насельніцтва ВКЛ, ня мелі сваёй пісьмовасьці, карысталіся ў грамадзкім і дзяржаўным жыцьці «рускай» мовай і па-ранейшаму актыўна «русыфікаваліся», а балта-славянская мяжа на тэрыторыі сучаснай Беларусі няспынна адсоўвалася на паўночны захад аж да першай паловы ХХ стагодзьдзя.

Адносна ж паходжаньня Сымона Буднага гісторыкі спрачаюцца дагэтуль. Адны сьцьвярджаюць, што ён быў русінам, іншыя называюць яго мазурам з Мазовіі, які, аднак, працуючы ў Вільні і Нясьвіжы, стаў гарачым патрыётам «рускай» мовы і заклікаў некалі балцкі род Радзівілаў, які ў XVI стагодзьдзі быў ужо аславянены, не забывацца на «рускую» мову, бо на ёй размаўлялі іх продкі:

«Слушная бо речь ест, абы ваши княжацские милости того народу язык миловати рачили, въ котором давъные предъки и их княжацъские милости панове отци ваших княжецских милости славне преднейшие преложеньства несуть».

Памылковая тэрміналёгія доктара Ільлі Лямешкіна

Тэрмін «ruthenus» зьяўляецца лацінскім адпаведнікам слова «русін». У першай палове ХХ стагодзьдзі чэскія гісторыкі ўвялі тэрмін «ruthenus» для азначэньня полацкіх і кіеўскіх русінаў, каб адрозьніць іх ад русінаў закарпацкіх, якія тады апынуліся ў складзе новастворанай чэскай дзяржавы.

Сёньня гэты тэрмін выкарыстоўваецца як у напісаных па-чэску працах, так і ў некаторых іншых заходнеэўрапейскіх мовах. У працах гісторыкаў з шэрагу краін усходняй Эўропы, якія мелі гістарычныя дачыненьні зь Вялікім Княствам Літоўскім, ужываецца тэрмін «русін». У прыватнасьці, ужываюць яго палякі — самы моцны ў сэнсе разьвіцьця гуманітарнай навукі народ нашай часткі Эўропы. Нават у Літве прыдуманы раней для азначэньня «рускай» мовы XVI стагодзьдзя штучны тэрмін «канцылярская мова» ў 90-я гады ХХ стагодзьдзьдзя пачалі замяняць на «rusėnų kalba» («мова русінаў»).

Мне здаецца, што называньне доктарам Лямешкіным Францішка Скарыны «рутеном», «рутенским издателем» і «рутенским космополитом» у расейскамоўнай кнізе якраз і зьяўляецца ні чым іншым, як «идеологизацией истории и научного дискурса», супраць чаго ён запратэставаў у адказе Паўлу Котаву.

Настойлівае і падкрэсьленае выкарыстаньне тэрмінаў «рутен», «рутенский» зьяўляецца абслугоўваньнем сучаснага нацыянальнага літоўскага гістарычнага міту. Гэта «начётническая» спроба пазбавіць Скарыну яго «рускасьці», яго палымянага «рускага» патрыятызму, якая хавае ад нас саму ідэалягічную сутнасьць і зьмест усёй Скарынавай дзейнасьці, яго магутны інтэлектуальны чын — пераклад Сьвятога Пісаньня на родную мову, асьвета і дабро яго роднага «рускага» народу. Пра гэта сьведчыць як назва ягонай Бібліі, так і шматлікія прадмовы і пасьляслоўі, дзе Скарына піша, на якую менавіта мову пераклаў чарговую кнігу:

«Выложены доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка на руский язык».

«Зуполне выложены на руский язык».

«Наболей с тое причины, иже мя милостивый бог с того языка на свет пустил».

«А то для того, абы братия моя Русь, люди посполитые, чтучи могли лепей разумети».

«Тако ж и мы, братия, не можем ли во великих послужити посполитому люду рускаго языка, сие малые книжки праци нашее приносимо им».

Дзе ж тут «рутенский комополитизм»? Дзе тут балты і племя «Літва»? Гэта палымяны раньнемадэрны маніфэст «рускага» патрыятызму вялікага палачаніна. І ў ім няма месца балцкім продкам сучасных літоўцаў — жамойтам-жмудзінам, аўкштайтам, прусам і яцьвягам.

Прыехаўшы з Прагі ў Вільню, Скарына прыехаў у свой горад, дзьве траціны насельніцтва якога складалі русіны, «рускія», а адну траціну — продкі сучасных літоўцаў, палякі, габрэі і немцы. Сёньняшні Стары горад Вільні ад Вострай брамы і аж да катэдральнага пляцу ў часы Скарыны называўся «Рускім горадам» («Civitas Ruthenica» ў лацінскіх тэкстах), яго пабудавалі і засялялі пераважна русіны, «Русь». Астатнія, за выключэньне арыстакратаў, сяліліся на ўскраінах. У Вільні жылі як сваякі Скарыны, так і мэцэнаты яго праскіх выданьняў, багатыя віленскія мяшчане.

Разам з тым, трэба разумець, што неад’емнай часткай «рускага» патрыятызму Скарыны быў яго «полацкі» патрыятызм. Менавіта таму ён бясконца падкрэсьліваў сваё паходжаньне «из славнаго града Полоцка» і называў сябе «сыном с Полоцка». У мяне не выклікае сумненьня, што гэта была культурна-гістарычная, амаль «нацыянальная» памяць Скарыны пра слаўную гісторыю Полацкай дзяржавы Рагвалодавічаў і гонар за яе.

У часы Скарыны Полацак быў другім па велічыні і багацьці горадам Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Вільня тады налічвала толькі 200 гадоў свайго гістарычнага існаваньня, а Полацак — амаль 700 гадоў і больш за 500 гадоў пісьмовай культуры. Некаторыя гісторыкі вылучаюць палачанаў у асобную ад астатніх крывічоў этнічную групу. Існуюць пісьмовыя дакумэнты XIV–XV стагодзьдзяў, якія сьведчаць пра вялікі гонар, нават пыху палачанаў за сябе і свой горад.

Бяз рызыкі памыліцца можна сказаць, што Скарыну не было ніякай справы да асьветы балцкіх жыхароў ВКЛ, да разьвіцьця іх культуры і мовы. Менавіта таму «рускі» патрыятызм Скарыны моцна перашкаджаў бы сучасным літоўцам, калі б яны захацелі інтэграваць яго ў свой гістарычны міт і пантэон.

І вось тут нечакана на дапамогу ў Празе прыходзяць навукоўцы, якія паслужліва зацямняюць зьмест Скарынавай дзейнасьці, дэіндэнтыфікуюць яго, ператвараючы з «рускага» патрыёта ў нейкага бесьцялеснага «рэнэсанснага інтэлектуала паміж Прагай і Вільнюсам», «рутенского космополита» — без радзімы, бяз роду-племені, бяз мовы, ідэнтычнасьці і без патрыятызму.

Але трэба прызнаць, што задача гэтая як не навуковая, так і непасільная нікому. Этнічны зьмест Скарынавага патрыятызму зацямніць немагчыма.

Пераемнасьць паміж жыхарамі ВКЛ і сучаснымі літоўцамі і беларусамі

Тэрмін «нацыянальны» ў наш час мае амбівалентны характар. З аднаго боку, кажучы «нацыянальны», мы маем на ўвазе нешта, што мае дачыненьне да нацыі як гістарычнага і сацыяльна-палітычнага фэномэну. А з другога, кажучы, напрыклад, пра «нацыянальныя строі», маем на ўвазе чыста этнаграфічную, этнічную зьяву.

У строга навуковым сэнсе балцкія этнічныя групы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага XVI стагодзьдзя не ідэнтычныя сучасным літоўцам, як і тагачасныя полацкія, магілёўскія і менскія русіны не ідэнтычныя сучасным беларусам.

Але ў звычайным навуковым абыходзе, нават у кнігах гісторыкі часта называюць жамойтаў ці аўкштайтаў літоўцамі, а русінаў Полацку, Магілёва ці Менску беларусамі. У выпадку літоўцаў гэта пераважна не выклікае пярэчаньняў, у выпадку ж беларусаў — выклікае, і вельмі моцныя.

Лінгвісты Томаш Госкавец і Ільля Лямешкін належаць да ліку навукоўцаў, якія апэруюць паняцьцем «рутэнскасьці» і лічаць, што называць Скарыну беларусам не навукова. Доктар Лямешкін, як мы бачылі, мяркуе, што гэта азначае «нести чушь и с современной перспективы идеологизировать историю и научный дискурс».

Гэта ні што іншае як адмаўленьне прамой пераемнасьці паміж полацкімі, магілёўскімі і менскімі русінам і сучаснымі беларусамі. У сьветапоглядзе такіх навукоўцаў «рутэны» — гэта нейкія цалкам зьніклыя этрускі ВКЛ, якіх асымілявалі прыйшоўшыя аднекуль беларусы і ўкраінцы.

Але ў такім выпадку прыхільнікам «рутэнства» трэба адказаць на шэраг заканамерных і, адначасова, абсурдных пытаньняў. Як то:

  • Калі сучасныя беларусы захапілі тэрыторыю сучаснай Беларусі?
  • Адкуль беларусы прыйшлі? Дзе іх гістарычныя карані?
  • Што сталася з русінскім насельніцтвам на тэрыторыі сучаснай Беларусі? Калі яно была зьнішчана беларусамі, то падчас якіх гістарычных падзеяў гэта адбылося, у якія даты?
  • Калі ж русіны былі асыміляваныя беларусамі, то які характар насіла асыміляцыя — гвалтоўны ці мірны?
  • Калі гвалтоўны, то ў выніку якіх захадаў і працэсаў?
  • Калі мірны — то якую форму насіла асыміляцыя? Этнографы і генэтыкі, напрыклад, ведаюць, што падчас асыміляцыі балтаў славянамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, якая працягвалася з 1 тысячагодзьдзя нашай эры аж да ХХ стагодзьдзя, балцкія жанчыны часьцей выходзілі замуж за славян, чым наадварот. Як гэта было ў выпадку русінаў і беларусаў?

Абсурдны характар гэтых пытаньняў відавочны. І відавочна, што ў выпадку русінаў і беларусаў мы маем справу не з этнічнай асыміляцыяй, але з трансфармацыяй эндаэтноніма (саманазвы) аднаго і таго ж народу.

А гэта два прынцыпова розныя працэсы. Этнічная асыміляцыя адбываецца, як правіла, у другім (радзей у трэцім) пакаленьні і цалкам мяняе этнічную сутнасьць індывіда або групы індывідаў. Трансфармацыя эндаэтноніма адбываецца бязь зьмены этнічнага зьместу і сутнасьці індывідаў і працэс гэты, паводле працягласьці, часта займае стагодзьдзі.

Зразумела, што ў выпадку русінаў і беларусаў адбылася трансфармацыя эндаэтноніма, а ўсё астатняе засталося ранейшым — мова, этнаграфія, фальклёр. З татарскіх кніг Аль-Кітабаў, напісаных на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў XVI стагодзьдзі «па-руску», але арабскай вязьзю, мы ведаем, што размоўная мова тагачасных «русінаў» мала чым адрозьнівалася ад сучаснай беларускай мовы.

Дадзеныя этнаграфіі і фальклярыстыкі сьведчаць пра непарыўную этнічную традыцыю прынамсі з XIII–XIV стагодзьдзяў. У 50-тамовым зборы беларускага фальклёру ёсьць песьні з арахаічнымі граматычнымі формамі, якія беларусы сьпявалі ў ХХ стагодзьдзі на мэлёдыі з музычным памерам у 7/8, што азначае іх паходжаньне з XIV стагодзьдзя. Я сам у канцы 80-х гадоў ХХ стагодзьдзя запісаў такую песьню ў вёсцы Варашылкі Мядзельскага раёну Беларусі, непадалёк ад мяжы зь Літвой.

Этнаграфія — гэта амаль дакладная навука, якая вывучае матэрыяльную і духоўную культуру народу. Яе дадзеныя сьведчаць, што і ў XIV–XVІ стагодзьдзях, і ў ХХ–ХХІ стагодзьдзях на тэрыторыі сучаснай Беларусі жыў і жыве, фактычна, адзін і той жа аўтахтонны этнас.

Таму, калі мы лічым, што балцкае насельніцтва ВКЛ XVI стагодзьдзя — гэта продкі сучасных літоўцаў, фактычна літоўцы, то чаму ж адмаўляемся прызнаць славянскае насельніцтва Полаччыны, Магілёўшчыны і Меншчыны XVI стагодзьдзя продкамі сучасных беларусаў, фактычна беларусамі? Тут або так, або так.

У адваротным выпадку незразумела, чаму чэскія і літоўскія навукоўцы назвалі сваю выставу «Францішак Скарына (1470–1552). Рэнэсансны інтэлектуал паміж Прагай і Вільнюсам». Вільнюса ж таксама ў XVI стагодзьдзі нібыта не існавала — была Вільня.

Белая Русь у часы Скарыны ўжо была

Польскім, беларускім і расейскім гісторыкам вядома, што Полаччына прынамсі з ХІІІ стагодзьдзя называлася Белай Русьсю. Чаму пра гэта ня ведаюць літоўскія і чэскія лінгвісты — загадка.

Вось, для эканоміі месца, толькі два гістарычныя факты.

Пад 1305 годам Іпацьеўскі летапіс расказаў, што князі ВКЛ бралі ў палон шмат палякаў і мазураў і пасьля «Лях един по гривне, се есть по десяти грошей литовских, в Литве и Руси Белой продаван был, и на лошата и волы Литва межи собою их замениваху».

У напісанай у другой палове XIV стагодзьдзя на лацінскай мове Вялікапольскай хроніцы яе аўтар, падканцлер Польскага каралеўства Ян Чарнкоўскі (Ян з Чарнкава) пад 1382 годам расказаў, як Кейстут закаваў свайго пляменьніка Ягайлу ў жалеза і пасадзіў яго разам з маці ў турму ў Полацку — «in quodam castro Albae Russiae, Poloczk dicto».

У Беларусі з такіх сьведчаньняў складаюцца цэлыя кнігі (напрыклад, «Імя тваё Белая Русь», укл. Г. Сагановіч, Мн, 1991), але, на жаль, ня ўсе замежныя гісторыкі і лінгвісты цікавяцца беларускай гістарыяграфіяй.

Першапачаткова тэрмін «Белая Русь» быў заходнім, паводле паходжаньня, экзонімам для часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі, але ў другой палове XV – першай палове XVI стагодзьдзя ён стаў ператварацца ў эндонім. Гэта паказаў у сваіх працах выдатны беларускі этнограф, доктар гістарычных навук Ігар Чаквін.

Скарына ня мог пра гэта ня ведаць і ня мог ня чуць назвы «Белая Русь». А той факт, што яна ня трапіла ў ягоныя творы, паказвае на яго «рускі» патрыятызм і на ўсьведамленьне свайго адзінства ня толькі з жыхарамі Белай Русі, але і з жыхарамі Русі Чорнай, у якую ўваходзілі Наваградак і Пінск.

Да «Беларусі» заставаўся адзін крок, які зрабіў маладзейшы калега Скарыны, таксама ўраджэнец Полаччыны ў тым жа XVI стагодзьдзі — стагодзьдзі Скарыны.

Нараджэньне беларускай ідэнтычнасьці

У XVI стагодзьдзі продкі сучасных літоўцаў пачынаюць задумвацца над сваім паходжаньнем і сваёй ідэнтычнасьцю. Сьведчаньне гэтаму — дзейнасьць канцлера ВКЛ Альбрэхта Гаштольда і пісьменьніка Міхалона Літвіна.

І тады ж пра гэта ж пачынаюць задумвацца продкі сучасных беларусаў.

Векапомная падзея, сапраўдная інтэлектуальная рэвалюцыя адбылася ў другой палове XVI стагодзьдзя. У 1586 годзе зямляк Скарыны, ураджэнец Полаччыны, будучы знакаміты лацінскі паэт Салямон Рысінскі, паступаючы ва ўнівэрсытэт Альтдорфу, упершыню ў гісторыі сьвядома назваў сябе беларусам. Для гэтага ён выкарыстаў тэрмін «Leucorussus».

А праз два гады ў лісьце да свайго сябра, немца Конрада Рытэрсгаўзэна пратэстант Рысінскі ўпершыню ў гісторыі назваў сваю радзіму Беларусьсю — «Leucorossia».

Улічваючы, што трансфармацыя эндаэтноніма займае вельмі працяглы час, можна меркаваць, што ўжытая Рысінскім новая назва бытавала на Полаччыне і да яго нараджэньня. Так ці іначай гэта адбылося ў стагодзьдзе Францішка Скарыны. Іх аддзяляў вельмі малы па гістарычных мерках адрэзак часу — Рысінскі нарадзіўся ўсяго праз восем гадоў пасьля сьмерці Скарыны.

Неўзабаве, літаральна ў наступныя дзесяцігодзьдзі, новыя назвы нашага народу і краіны пачнуць ужывацца вельмі шырока. Гэта, дарэчы, таксама сьведчыць пра тое, што яны не нарадзіліся ў 1586 годзе.

Паралельна з новымі тэрмінамі яшчэ амаль два стагодзьдзі будуць бытаваць і назвы «Русь» і «русіны».

На шляху новай беларускай (як і новай літоўскай) ідэнтычнасьці яшчэ будуць два стагодзьдзі сарматызму, ліцьвінства і палянізацыі.

За гэтыя стагодзьдзі ў ВКЛ, фактычна, узьнік балта-славянскі польскамоўны субэтнас ліцьвінскай шляхты, у выніку чаго продкі сучасных літоўцаў і беларусаў страцілі эліты, засталіся плебейскімі народамі і зь цяжкасьцю нарадзілі свае нацыянальныя рухі толькі ў ХІХ стагодзьдзі.

Але так ці іначай трэба прызнаць, што паміж тэрмінамі «рускі» і «беларускі» або паміж назвамі «русін» і «беларусін» («беларусец», «беларус») і фармальная, і сутнасная адлегласьць — невялікая.

Пра палітычны бок праблемы і тактоўнасьць навукоўцаў

Разважаючы пра ўпартае выкарыстаньне тэрміну «рутэны», пра адмаўленьне прамой пераемнасьці сучасных беларусаў і ўкраінцаў ад русінаў ВКЛ і фактычнае абвяшчэньне «рутэнаў» ледзь не самастойным і самабытным этнасам, міжволі задаесься пытаньнем, ці толькі навука стаіць за гэтым? Ці няма тут палітычнага складніку?

Магчыма, тэрмін «рутэны» выкарыстоўваецца ў расейскім тэксьце для таго, каб не выкарыстоўваць тэрміны «русін» і «руская мова» ў значэньні XVI стагодзьдзя, бо інакш давядзецца тлумачыць розьніцу паміж ёй і сучасным «русским языком». Такія развагі непазьбежна прывядуць да тэрмінаў «старабеларускі» і «стараўкраінскі», а гэтага рабіць ня хочацца і непрыемна?

Мы жывём у эпоху нацый і нацыянальных дяржаваў, і з нацыянальнымі пачуцьцямі трэба лічыцца любому навукоўцу, які закранае гэтую сфэру. Нацыянальныя пачуцьці — тонкая і далікатная матэрыя, іх лёгка пакрыўдзіць і цяжка пасьля загладзіць віну.

Сёньня ў Беларусі жывуць мільёны людзей, якія перакананыя ў тым, што Скарына — іх продак. І маюць рацыю, магчыма, нічога ня ведаючы пра навуковыя падставы гэтай рацыі. А яны простыя і вельмі лягічныя — у XVI стагодзьдзі ў Полацку, Магілёве, Менску і Наваградку сапраўды жылі ня немцы, не літоўцы, не ўкраінцы і не этрускі, а продкі сучасных беларусаў, якія ў тым самым стагодзьдзі і пачалі сябе паступова беларусамі называць.

Навошта сёньня ў расейскім тэксьце настойваць на «рутэнстве» Скарыны, цяжка сказаць. Відавочна, што матыў навуковай дакладнасьці тут не працуе. Калі ж за гэтым стаяць нейкія палітычныя мэты, то гэта ўжо не навука.

І гэта тым больш дзіўна, што на «рутэнстве» Скарыны настойваюць людзі, якія грандыёзнай постацьцю беларускага рэнэсанснага гуманіста і яго даробкам шчыра захапляюцца.

Я наогул лічу, што нацыя, як гаспадыня ў сваім гістарычным доме, мае права са зваротнай сілай абвяшчаць сваім нацыянальным усё, што было створана продкамі на яе тэрыторыі.

Я б ня быў супраць таго, калі б сучасныя літоўцы запісалі Скарыну ў свой нацыянальны пантон і заняліся вывучэньнем ягонай спадчыны. Гэта дапамагло б Літве лепш зразумець кшталт і веліч Вялікага Княства Літоўкага, Рускага і Жамойцкага — некалі нашай супольнай шамтэтнічнай дзяржавы, якая была культурнай усходнеэўрапейскай імпэрыяй і стала калыскай для некалькіх усходнеэўрапейскіх народаў.

Я ня супраць і таго, каб Скарыну пачалі лічыць сваім у Чэскай Рэспубліцы і ў выніку яшчэ больш узяліся б за вывучэньне ягонай спадчыны. Гэта дапамагло б чэскім калегам нарэшце прачытаць Скарыну, каб зразумець і разгледзець глыбока патрыятычную місію беларускага генія Рэнэсансу.

Гэта дапамагло б і раскіданым па сьвеце беларускім гісторыкам у іх нялёгкай місіі ва ўмовах дыктатуры, якая за апошнія 20 гадоў зьнішчыла Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны, дзе я меў гонар працаваць, амаль цалкам разагнала Інстытут гісторыі Акадэміі навук, амаль цалкам зьнішчыла гуманітарныя інстытуты Акадэміі, зачыніла гістарычныя часопісы, зьнішчыла Горадзенскую гістарычную школу і працягвае сваю чорную справу задушэньня і ліквідацыі нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў.

Нам патрэбная салідарнасьць калегаў, а не «рутэнскі» нож у сьпіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG