Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паўліна пытае, дзе тата». Ігар Лосік за кратамі 500 дзён


Журналіста Радыё Свабода затрымалі дома ў Баранавічах летась 25 чэрвеня. Суд па яго справе дагэтуль ня скончаны.

7 лістапада спаўняецца роўна 500 дзён зьняволеньня палітвязьня, кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка. Расказваем, што за гэты час здарылася зь ім за кратамі.

Тры турмы і ІЧУ

Ігара Лосіка затрымалі раніцай 25 чэрвеня 2020 году ў яго дома ў Баранавічах. Першыя тры дні трымалі ў ІЧУ на Акрэсьціна, затым ён зьмяніў тры турмы. У СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску выставілі першыя абвінавачаньні. Там палітвязень прабыў няпоўныя два месяцы.

Неўзабаве пасьля выбараў Ігара Лосіка перавезьлі ў сьледчую турму № 8 Жодзіна, дзе ён прабыў 10 месяцаў. Незадоўга перад пачаткам судовага працэсу, у сярэдзіне чэрвеня 2021 году, разам зь іншымі фігурантамі перавезьлі ў СІЗА-3 Гомля. Там яго трымаюць дагэтуль.

Колькі камэр зьмяніў за гэты час, ня можа сказаць нават жонка Дар’я Лосік. Па яе словах, мужа пастаянна перакідвалі з адной у іншую, спрабуючы такім чынам дамагчыся ад палітвязьня «добрых паводзінаў».

«Яго то ў добрую камэру зьмяшчалі, то вышморгвалі адтуль і пераводзілі ў камэру карцарнага тыпу, — расказвае Дар’я. — Спрабавалі такім чынам паказаць, што калі будзе сябе добра паводзіць, то і сядзець будзе добра. Такое вельмі часта адбывалася, немагчыма нават прасачыць колькасьць камэр. На Валадарскага мне ўвогуле не казалі, дзе ён. У Жодзіне магчыма было прасачыць. У Гомлі я таксама ня ведаю, куды Ігара пераводзяць і калі».

Тры артыкулы абвінавачаньня

Першыя абвінавачаньні Ігару Лосіку прад’явілі неўзабаве пасьля затрыманьня. Гэта артыкул 342 Крымінальнага кодэксу — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх».

15 сьнежня 2020 году, празь пяць месяцаў пасьля затрыманьня, Ігару прад’явілі дадатковыя абвінавачваньні па артыкуле 293 КК РБ — «Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках». Абвінавачваньні па трэцім артыкуле КК палітвязьню былі выстаўленыя 11 сакавіка 2021 году ў прысутнасьці адваката на тэрыторыі сьледчай турмы Жодзіна.

У чым яшчэ абвінавацілі Ігара Лосіка, невядома дагэтуль. Яго адвакат даў падпіску аб невыдаваньні і ня можа раскрыць падрабязнасьцяў нават блізкім сваякам.

Першыя два артыкулы абвінавачаньня, выстаўленага Ігару Лосіку, прадугледжваюць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі да 4 і да 8 гадоў адпаведна.

Дзьве галадоўкі і спроба парэзаць вены

За 500 дзён за кратамі Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі. Першы раз у сярэдзіне сьнежня 2020 году, калі яму прад’явілі абвінавачаньні па новым артыкуле. Разам зь Ігарам галадоўку на працягу шасьці дзён трымала яго жонка Дар’я. У выніку Ігар адмаўляўся прымаць ежу на працягу 42 дзён. Падчас галадоўкі яго разам з сукамэрнікамі перавялі ў іншую камэру, абсталяваную відэаназіраньнем.

Пасьля 30 дзён галадоўкі стан здароўя Ігара значна пагоршыўся, у яго пачаліся праблемы зь ціскам. На 42 дзень ён спыніў галадоўку, патлумачыўшы сваё рашэньне просьбамі соцень беларусаў, якія дасылалі яму лісты за краты.

«Я вырашыў спыніць галадоўку, — перадаў ён. — Чаму? Сапраўды па ўласным жаданьні. Я не прымаў ежу больш за 40 дзён і адчуваю ў сабе сілы і магчымасьці пратрымацца яшчэ. Але мяне ўзрушыла неверагодная хваля салідарнасьці. А таксама просьбы сотняў і тысячаў беларусаў спыніцца, дачакацца нашай агульнай перамогі здаровым. А яшчэ я ведаю, што многія таксама пачалі галадоўку, пакуль галадаю я. Я не магу ўзяць на сябе такі вялікі груз адказнасьці, не хачу, каб за мой сьвядомы выбар пакутавалі іншыя. Чытаючы вашы просьбы ў лістах, я зразумеў, што проста не магу прымушаць хвалявацца сваю сям’ю і ўсіх вас».

Другі раз галадоўку Ігар Лосік абвясьціў 11 сакавіка 2021 году, калі даведаўся пра новы артыкул абвінавачваньня. У той жа момант на вачах у сьледчага ён таксама пашкодзіў сабе руку на запясьці ў раёне венаў. За адмову ад ежы Ігара зьмясьцілі ў карцар. Ежу ён не прымаў чатыры дні.

Адна сустрэча з жонкай Дар’яй

За 500 дзён зьняволеньня Ігар Лосік пабачыў жонку Дар’ю толькі аднойчы. Гэта адбылося за месяц да пачатку суду па ягонай справе — 27 траўня 2021 году.

«Ігар бяз маскі быў, мы размаўлялі праз тэлефонную трубку, паміж намі было шкло, — расказвала пра тую сустрэчу Дар’я Лосік. — Эмацыйны стан у Ігара нестабільны крыху. Ён вельмі ўсьцешыўся, што нам далі спатканьне. Не чакаў, што яго дазволяць. Вельмі шмат распытваў пра дачку. Плакаў, калі я расказвала пра яе. Пра тое, як яна расьце, чаму навучылася ўжо за той час, як яго не было дома. Усе навіны пра дачку выклікалі ў Ігара сьлёзы».

Сустрэчы з сынам прасілі і бацькі Ігара Лосіка, аднак суд вырашыў, што гэта «немэтазгодна». Спатканьне з жонкай Дар’яй 27 траўня 2021 году — пакуль адзінае, на якім Ігар змог пабачыць блізкага чалавека.

За 500 дзён, што Ігар за кратамі, Дар’я атрымала ад яго каля 300 лістоў. Па яе словах, колькасьць допісаў, якія не прапусьціла цэнзура, ацаніць немагчыма. Пэрыяды актыўнага ліставаньня за гэтыя 500 дзён зьмяняліся пэрыядамі поўнага маўчаньня.

«Як толькі Ігара перавялі ў гомельскае СІЗА, было проста цудоўна зь лістамі, — кажа Дар’я Лосік. — Лісты адтуль да Баранавічаў даходзілі літаральна за тры дні. Але цяпер СІЗА-3 Гомля блякуе перапіску ўжо, напэўна, другі месяц. Лістоў адтуль няма ні для мяне, ні для бацькоў Ігара. Калі Ігар быў у Жодзіне, то ў гэтым пляне было крыху лепш».

500 дзён дачка ня бачыла бацьку

У момант арышту бацькі Паўліне Лосік было паўтара года. Па словах Дар’і Лосік, тады яна яшчэ не магла свабодна размаўляць.

«Цяпер гэта ўжо паўнавартасны чалавек, які можа весьці з табой размову, — кажа Дар’я. — Які ўжо сам усё робіць, які есьць сам. Паўліна ўжо гуляе сама, яе ня трэба неяк забаўляць. Яна сама сабе гаспадыня. Яна стала вельмі самастойнай. І гэты час, што Ігар за кратамі, — вельмі крыўдна за яго. Бо ён прапусьціў моманты сталеньня дачкі. Гэта этап, калі дзіця вельмі моцна мяняецца».

У сям’і Ігара вырашылі пакуль не расказваць Паўліне, што з бацькам. Яна думае, што ён у камандзіроўцы.

«Паўліна пытае, дзе тата і калі яна зможа пайсьці зь ім гуляць у парк, — расказвае Дар’я Лосік. — Калі ён павядзе яе ў краму, каб набыць ёй сюрпрыз. Хоць ёй было паўтара года, калі забралі Ігара, але яна памятае яго кубак, яго вопратку. Гэта ўсё вельмі сумна, папраўдзе».

Рэзалюцыя Кангрэсу ЗША і званок Джулі Фішэр

21 красавіка 2021 году Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла рэзалюцыю аб сытуацыі ў Беларусі, у якой выказалася ў падтрымку народу Беларусі і ягоных дэмакратычных памкненьняў, а таксама асудзіла фальсыфікацыі выбараў і наступныя жорсткія рэпрэсіі супраць мірных пратэстоўцаў.

У дакумэнце згадваўся і Ігар Лосік. «Незалежныя журналісты і свабодныя СМІ сутыкнуліся з запалохваньнем, гвалтам, масавымі арыштамі і перасьледам. Многіх замежных журналістаў пазбавілі акрэдытацыі», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Раніцай 20 кастрычніка Дар’і Лосік затэлефанавала прызначаная амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр.

«З Джулі Фішэр мы размаўлялі каля 20 хвілін, — кажа Дар’я. — Я расказала, што адбываецца зь Ігарам. Яна паведаміла мне, што пра Ігара ў Вашынгтоне гавораць практычна кожны дзень. І ніхто ні ў якім выпадку яго не забыў. Любымі спосабамі будуць яму дапамагаць, самае галоўнае — дапамагчы вярнуцца Ігару дадому. Джулі таксама сказала, што мы можам быць на сувязі ў любы момант. Калі раптам нешта здарыцца, альбо я буду ведаць пра тое, што зь Ігарам нешта адбывалася, заўсёды магу адразу пра гэта ёй паведаміць».

Чатыры месяцы тайнага суду

Суд па справе Ігара Лосіка пачаўся 24 чэрвеня 2021 году — амаль роўна праз год пасьля затрыманьня. Працэс ідзе ў памяшканьні СІЗА-3 Гомля. На яго змаглі трапіць толькі адвакаты абвінавачаных і журналісты дзяржаўных СМІ, у тым ліку супрацоўніца СБ Людміла Гладкая, якая апублікавала адтуль відэа. Родныя абвінавачаных на працэс трапіць не змаглі.

Акрамя Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага і Міколы Статкевіча, пад судом яшчэ Ўладзімер Цыгановіч, Дзьмітры Папоў і Арцём Сакаў.

Паседжаньні ідуць амаль бесьперапынна з аўторка па пятніцу. Дар’я Лосік кожны дзень працэсу праводзіць пад сьценамі СІЗА-3 Гомля. Адвакатам забаронена расказваць пра тое, што адбываецца ў залі паседжаньняў.

Вядома, што там няма Міколы Статкевіча, якога судзьдзя выдаліў з залі на трэці дзень працэсу, да моманту пачатку спрэчак бакоў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, суд па справе Ігара Лосіка і астатніх можа скончыцца ў першай палове лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG