Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дар’я Лосік: Мой муж — герой


Дар'я Лосік
Дар'я Лосік

Жонка палітвязьня Ігара Лосіка расказала Свабодзе, як яна кожнае судовае пасяджэньне сядзіць каля СІЗА ў Гомлі, дзе судзяць Ігара, як ставяцца да яе гамельчукі і што ёй кажа дачка.

Сьцісла

  • Як толькі пачаўся суд — лісты як адрэзала.
  • Яму маральна цяжка, ужо больш за год чалавек сядзіць у СІЗА.
  • Ён мне напісаў у лісьце, што гэта ня суд, а судзілішча, гэта паказальнае пакараньне сьмерцю.
  • Сапраўдны суд быў бы адкрытым, на ім бы прысутнічалі незалежныя СМІ, а ня толькі спадарыня Гладкая з кампаніяй.
  • 24 чэрвеня пачаўся суд, і ўсе дні, калі праходзяць пасяджэньні, я знаходжуся побач зь СІЗА, дзе ён адбываецца.
  • Я сяджу на лаўцы каля СІЗА да моманту сканчэньня пасяджэньня.
Ігар Лосік. Архіўнае фота
Ігар Лосік. Архіўнае фота
  • Прадстаўнікі праваахоўных органаў пэрыядычна падыходзяць да мяне, пытаюцца, чаму і навошта я тут сяджу.
  • Я абяцала сабе і Ігару, што кожны дзень, калі будзе ісьці суд, я буду там, гэта справа гонару.
  • Мне здаецца, што суд будзе доўжыцца яшчэ прыкладна месяц.
  • Былі выпадкі, што людзі на вуліцы падыходзілі і абдымалі.
  • Такія ўчынкі людзей даюць мне сілы.
  • Дачка ведае, куды я адʼяжджаю кожны панядзелак.
  • Яна кажа — ты павязеш у Гомель прадукты тату. Я не тлумачу ёй, што такое суд і што такое СІЗА.
  • Яна робіцца больш дарослай, пачынае лепш разумець, нарэшце ёй давядзецца сказаць праўду.
  • Але я не саромеюся, бо мой муж — герой.

Працэс у справе Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча, Уладзімера Цыгановіча, Дзьмітрыя Папова, Арцёма Сакава пачаўся ў Гомлі 24 чэрвеня. Ён праходзіць у закрытым рэжыме ў памяшканьні СІЗА-3.

Усіх шасьцёх затрымалі ў траўні–чэрвені 2020 году і абвінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў: «масавыя беспарадкі», «перашкода працы ЦВК», «распальваньне сацыяльнай варожасьці».

Распачаты працэс — самы значны ў так званай «справе Ціханоўскага», адной з найбольш маштабных крымінальных справаў у 2020–2021 гадах у РБ. Большасьць яе фігурантаў (паводле зьвестак праваабаронцаў — каля 30 чалавек) ужо асуджаныя.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG