Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ў сухім астатку па выніках дзяржсавету «саюзнай дзяржавы»?


Масква, 9 верасьня. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна. Ілюстрацыйнае фота.
Масква, 9 верасьня. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна. Ілюстрацыйнае фота.

На чыю карысьць цяперашнія рашэньні Вышэйшага дзяржсавету так званай «саюзнай дзяржавы»? Парадак дня паседжаньня відавочна расейскі.

Сьцісла:

  • Вышэйшы дзяржсавет сабраўся пасьля больш як трохгадовай паўзы.
  • Скандалу не адбылося, вонкава ўсё выглядала збольшага бесканфліктна, паводле традыцыйнага рытуалу.
  • 28 саюзных праграм, ваенная дактрына саюзнай дзяржавы — гэта тэмы, у якіх больш зацікаўленая Расея.
  • Пуцін і іншыя расейскія кіраўнікі ў Менск не прыехалі, пасяджэньне ВДС прайшло празь відэасувязь. І гэта абнуліла піяраўскі складнік дадзенага мерапрыемства для кіраўніцтва Беларусі.
  • Завісла пытаньне пралянгацыі пагадненьня аб разьмяшчэньні на беларускай тэрыторыі двух расійскіх вайсковых аб’ектаў.


Паводле самога статусу Вышэйшы дзяржсавет (ВДС) «саюзнай дзяржавы» ягоныя паседжаньні павінны праходзіць кожны год. Бо ў яго функцыі ўваходзіць зацьвярджэньне гадавога бюджэту саюзнай дзяржавы, заслухоўваньне штогадовай справаздачы Саўміну «саюзнай дзяржавы» аб рэалізацыі прынятых рашэньняў. Між тым апошні раз ВДС засядаў 19 чэрвеня 2018 году, прычым у Менску. Сам факт больш як трохгадовай паўзы ў паседжаньнях гэтага органа шмат што кажа пра стан рэчаў у саюзнай дзяржаве.

Напярэдадні цяперашняга паседжаньня ВДС у адносінах паміж Менскам і Масквою здарылася чарговае напружаньне, нават канфлікт, бакі абмяняліся балючымі інфармацыйнымі ўколамі. Таму было шмат меркаваньняў, што з правядзеньнем заплянаванага на 4 лістапада ВДС магчымы скандал. Ці то ён будзе перанесены, ці то на ім ня будуць зацьверджаныя 28 саюзных праграм.

Аднак скандалу не адбылося, вонкава ўсё выглядала збольшага бесканфліктна, паводле традыцыйнага рытуалу.

На чыю карысьць цяперашнія рашэньні ВДС? Парадак дня паседжаньня відавочна расейскі. Менавіта Крэмль настойваў на рэалізацыі дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы. Яшчэ ў канцы 2018 году Масква пачала рэалізоўваць плян «прымусу да інтэграцыі», пад яе ціскам увесь 2019 год ішлі перамовы аб 31 «дарожнай мапе». Аднак тады нічога падпісаць не ўдалося. Цяпер Крэмль, карыстаючыся пэўнай уразьлівасьцю Лукашэнкі пасьля стрэсу 2020 году, даціснуў яго. Няхай сабе і ва ўрэзаным выглядзе, 28 саюзных праграм падпісаныя.

Дарэчы, іх зьмест так і застаецца сакрэтам. Нягледзячы на абяцаньні, яны так і не прадстаўленыя публіцы. І гэта таксама шмат кажа аб працэсе беларуска-расейскай інтэграцыі, зьмест якога хаваецца ад народаў дзьвюх краін.

Таксама відавочна расейская тэма — ваенная дактрына саюзнай дзяржавы. Яна зацьверджаная Пуціным яшчэ ў 2018 годзе. А Лукашэнка сабатаваў яе зацьвярджэньне. Цяпер ён вымушаны быў пагадзіцца.

А якія дывідэнды афіцыйнага Менску? Плянавалася, што яны будуць, найперш, піяраўскія. Бо меркавалася, што ВДС пройдзе ў Менску. Пра гэта гаварылася як пра цалкам вырашаную справу. 10 верасьня прэс-сакратар расейскага лідэра Дзьмітрый Пяскоў паведаміў, што візыт у Менск у гэты дзень стаіць у працоўным графіку Пуціна.

Важна адзначыць, што ў склад ВДС уваходзяць прэзыдэнты, кіраўнікі ўрадаў, сьпікеры палат парлямэнтаў дзьвюх дзяржаў. Гэта значыць, меркавалася, што 4 лістапада ў Менск прыбудзе ўсё вышэйшае кіраўніцтва РФ. І гэта падняло б статус Лукашэнкі, дазволіла б беларускім дзяржаўным СМІ гаварыць пра адсутнасьць міжнароднай ізаляцыі Беларусі, стала б дадатковым фактарам зьнешняй легітымізацыі рэжыму, які тут правіць.

Але выйшаў аблом. Пуцін і іншыя расейскія кіраўнікі ў Менск не прыехалі. Крэмль не дараваў сюжэт пра «бункер» і «ботакс». Пасяджэньне ВДС прайшло празь відэасувязь. І гэта абнуліла піяраўскі складнік дадзенага мерапрыемства.

Застаецца спадзявацца на эканамічныя бонусы з боку Расеі ў адказ на згоду падпісаць саюзныя праграмы і ваенную дактрыну саюзнай дзяржавы.

Дарэчы, завісла пытаньне пралянгацыі пагадненьня аб разьмяшчэньні на беларускай тэрыторыі двух расейскіх вайсковых абʼектаў. Гледзячы па ўсім, наконт гэтай праблемы не дамовіліся. Можна меркаваць, што Лукашэнка выстаўляе нейкія новыя ўмовы знаходжаньня тут гэтых аб’ектаў, імкнецца прадаць гэты тавар даражэй.

Варта таксама адзначыць, што падчас паседжаньня ВДС быў зроблены яшчэ адзін рытарычны крок па прызнаньні Лукашэнкам Крыму расейскім.


Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG