Скарга тычыцца злачынстваў супраць чалавечнасьці. Прадстаўнік ECCHR Андрэас Шулер, дырэктар праграмаў у пытаньнях міжнародных злачынстваў і адказнасьці, расказаў Радыё Свабода, чым гэта можа пагражаць беларускім сілавікам.
Сьцісла:
- Злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя ў любой краіне, могуць разглядацца нямецкімі судамі і расьсьледавацца нямецкай пракуратурай.
- У кампэтэнцыі пракурора ў Нямеччыне — пачаць так званае структурнае расьсьледаваньне, але можна пачаць і індывідуальныя расьсьледаваньні супраць канкрэтных падазраваных.
- Злачынствы супраць чалавечнасьці ня маюць тэрміну даўнасьці. Адказнасьць за іх можа наступіць і праз 5, 10 ці 20 гадоў. Але важна сабраць доказы як мага хутчэй.
- Мы бачым адказнасьць, якая ляжыць на сілавых структурах за сыстэматычныя злачынствы, і мы таксама маем доказы супраць некаторых канкрэтных злачынцаў.
- Мы падалі першую скаргу супраць сырыйскіх службоўцаў у 2012 годзе. Цяпер у Нямеччыне ідзе судовы працэс, і быў ужо першы прысуд за злачынствы супраць чалавечнасьці з боку службоўца ў рэжыме Асада.
- У справе Беларусі пакуль што першыя крокі да судовага працэсу, але я спадзяюся, што гэта адбудзецца ў карацейшыя тэрміны — у наступныя месяцы і гады.
Пра ўнівэрсальную юрысдыкцыю і злачынствы супраць чалавечнасьці
— У Нямеччыне, як і ў многіх іншых краінах, існуе прынцып унівэрсальнай юрысдыкцыі для міжнародных злачынстваў. Гэта значыць, што такія злачынствы, як катаваньні, выкраданьні людзей, сэксуальны гвалт, забойствы і гэтак далей, зьяўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасьці і могуць разглядацца нямецкімі судамі і расьсьледавацца нямецкай пракуратурай.
Тое ж самае існуе ў шэрагу іншых эўрапейскіх краін, але таксама і ў іншых краінах сьвету. З дапамогай крымінальнай скаргі, якую мы падалі на гэтым тыдні датычна Беларусі, мы спрабуем ініцыяваць расьсьледаваньне з боку нямецкіх уладаў, але яно таксама павінна быць часткай агульнаэўрапейскіх намаганьняў расьсьледаваць злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя ў Беларусі.
— У кампэтэнцыі пракурора ў Нямеччыне — распачаць справу, пачаць зьбіраць доказы, пачаць так званае структурнае расьсьледаваньне, у якім напачатку нават ня будуць разглядацца асобныя падазраваныя, але, напрыклад, будуць зьбірацца паказаньні асобных сьведак, якія, напрыклад, жывуць у Нямеччыне і супраць якіх учынілі міжнародныя злачынствы.
Але яны таксама могуць пачаць і індывідуальныя расьсьледаваньні супраць канкрэтных падазраваных у такіх злачынствах. Гэта ўжо будуць больш мэтаскіраваныя расьсьледаваньні, якія могуць прывесьці да ордэраў на арышт такіх падазраваных.
Мы лічым, што ў гэтых справах існуе моцная сувязь зь Нямеччынай. Тут ёсьць відавочная геаграфічная блізасьць. Таксама ў Нямеччыну прыяжджаюць людзі, супраць якіх былі ўчыненыя гэтыя злачынствы, але патэнцыйна могуць прыехаць і тыя, хто гэтыя злачынствы ўчыніў.
Таму Нямеччына была б добрым і важным месцам, каб пачаць гэтыя расьсьледаваньні — зноўку ж, разам з уладамі іншых эўрапейскіх краінаў і тымі органамі, якія займаюцца расьсьледаваньнямі ваенных злачынстваў. Гэта быў бы эўрапейскі юрыдычны адказ на тое, што адбываецца ў Беларусі, на дадатак да таго, што робіцца няўрадавымі арганізацыямі, а таксама на ўзроўні ААН.
Пра доказы ў справе
— Тут няма вызначаных тэрмінаў па часе. Злачынствы супраць чалавечнасьці таксама ня маюць тэрміну даўнасьці. Важна пачаць расьсьледаваньне цяпер, бо адказнасьць за іх можа наступіць і праз 5, 10 ці 20 гадоў, як мы пабачылі ў многіх іншых сытуацыях.
Але важна сабраць доказы як мага хутчэй і не чакаць з гэтым надта доўга. Таму мы падалі скаргу цяпер і дамагаемся адкрыцьця структурных расьсьледаваньняў. І мы спадзяёмся, што гэта адбудзецца цягам некалькіх тыдняў.
— У нас ёсьць паказаньні сьведак — вядома ж, шмат ужо было задакумэнтавана няўрадавымі арганізацыямі, міжнароднымі арганізацыямі. Але мы таксама канкрэтна разглядаем структуры кіраваньня ў службах бясьпекі, дзе можна пабачыць найвышэйшы ўзровень адказнасьці за сыстэматычныя злачынствы. Тут мы гаворым не пра нейкі асобны выпадак, а пра сыстэму злачынстваў.
І калі мы гаворым пра злачынствы супраць чалавечнасьці, дык мы глядзім на званьні і пасады, якія тут зьяўляюцца ключавымі для падтрыманьня такой злачыннай сыстэмы, для яе стварэньня і яе працы. Але пры гэтым мы таксама глядзім і ніжэй у гэтай герархіі — на тых людзей, якія ўчыняюць канкрэтныя злачынныя дзеяньні.
Пры гэтым нашая галоўная ўвага — на вышэйшыя ўзроўні ў дзяржаўнай сыстэме, каб вызначыць тых, хто нясе найбольшую адказнасьць за сыстэматычныя злачынствы.
— Пакуль што мы не называем імёнаў і пасадаў гэтых службоўцаў, але гэта можа адбыцца пазьней. Але, зноўку ж, гэта прадстаўнікі сілавых структур. Мы бачым там адказнасьць, і мы таксама маем доказы супраць некаторых канкрэтных злачынцаў.
Пра параўнаньне справаў аб катаваньнях у Сырыі і Беларусі
— У сыстэме ААН таксама ёсьць мэханізмы для збору доказаў і падтрымкі справаў, заведзеных нацыянальнымі пракуратурамі ў Нямеччыне і ў іншых краінах. У ААН таксама могуць заводзіць свае справы.
Вядома ж, там ёсьць яшчэ і палітычнае вымярэньне. Гэта ў нечым узаемадапаўняльныя рэчы. Юрыдычны падыход да такіх злачынстваў патрабуе і палітычнага вымярэньня, каб былі наступствы для дзяржаўных службоўцаў. Але мы тут гаворым пра індывідуальную крымінальную адказнасьць.
— Мая арганізацыя — Эўрапейскі цэнтар канстытуцыйных правоў і правоў чалавека — працуе ў Нямеччыне ў справах міжнародных злачынстваў, у справах унівэрсальнай юрысдыкцыі ўжо больш за 10 гадоў. Але мы таксама працуем і ў іншых эўрапейскіх краінах.
Таму ў нас ужо ёсьць досьвед, як распачынаць такія справы, як падтрымліваць расьсьледаваньні, як падтрымліваць грамадзянскіх пазоўнікаў у судах.
У справе Сырыі мы пачалі першую скаргу ў 2012 годзе, праз год пасьля таго, як там пачаліся рэпрэсіі супраць руху пратэсту. Пазьней гэта ператварылася ў грамадзянскую вайну, але ўжо напачатку, у 2012 годзе, мы расьсьледавалі напады на мірных пратэстоўцаў, на прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Мы ініцыявалі гэтыя справы ў Нямеччыне.
Потым гэта перарасло ў расьсьледаваньні новых скаргаў, якія мы падавалі ў наступныя гады ў двух кірунках. Па-першае, быў выдадзены прынамсі адзін ордэр на арышт высокапастаўленага злачынцы, які заставаўся ў Сырыі. А па-другое, былі вызначаныя падазраваныя, якія падарожнічалі альбо жылі ў Нямеччыне. І яны пайшлі пад суд у Нямеччыне.
Судовы працэс працягваецца, але быў ужо першы прысуд за злачынствы супраць чалавечнасьці з боку службоўца ў рэжыме Асада. І мы спадзяёмся на мноства далейшых такіх прысудаў у гэтым працэсе даволі хутка. Таму гэта добры прыклад таго, чаго мы спрабуем дасягнуць сваёй працай.
У Сырыі мы займаемся гэтым ужо 9 гадоў. Мы пачалі гэтую працу рана, і таму мы хочам пачаць працу датычна Беларусі цяпер. Гэта будзе першы крок, але, вядома ж, не апошні.
— У справе па Сырыі спатрэбіліся гады, каб сабраць гэтыя доказы. Гэтым займаліся і нямецкая паліцыя, і нямецкая пракуратура, каб вылучыць афіцыйныя абвінавачаньні і пачаць судовы перасьлед. Але для гэтага трэба было пачынаць хутка.
І мы хочам, каб у выпадку Беларусі ўлады таксама пачалі зьбіраць доказы, які пракладуць шлях для наступных абвінавачаньняў, ордэраў на арышты і судовага перасьледу, Ужо сабрана даволі шмат доказаў зь Беларусі праз розныя арганізацыі і тых людзей, якія прыехалі ў Нямеччыну.
Гэта пакуль толькі пачатак, і трэба яшчэ, вядома ж, шмат зрабіць. І тут мы хочам значна большага ўдзелу ўладаў і ведамстваў у эўрапейскіх краінах, якія займаюцца ваеннымі злачынствамі. Мы спрабуем гэтага дасягнуць — каб быў эўрапейскі юрыдычны адказ на тыя рэпрэсіі, якія адбываюцца ў Беларусі.
Датычна Сырыі мы цяпер, праз 9 гадоў, маем значна больш доказаў, але ў справе Беларусі трэба пачынаць гэты працэс, каб дасягнуць судовага перасьледу. І я спадзяюся, што гэта адбудзецца ў карацейшыя тэрміны — у наступныя месяцы і гады.