Паводле Байдэна, плян аб’яднае дыпляматычныя, эканамічныя і палітычныя інструмэнты ЗША для таго, каб прадухіліць зьнікненьне лясоў і палепшыць землеўпарадкаваньне. Дзеяньні ЗША дапамогуць аднавіць да 2030 году як мінімум два мільёны гектараў лесу і іншых экасыстэм.
Раней у рамках саміту больш за 100 дзяржаў, у тым ліку Расея, Вялікая Брытанія, Канада і ЗША, дамовіліся ў бліжэйшыя дзевяць гадоў пакласьці канец зьнікненьню лясоў.
Прэзыдэнт Расеі ўстрымаўся ад паездкі ў Шатляндыю, але накіраваў удзельнікам канфэрэнцыі відэазварот, у якім падтрымаў сумесную дэклярацыю. Пуцін дадаў, што Расея ў сваёй стратэгіі па выхадзе на вугляродную нэўтральнасьць да 2060 году разьлічвае на ўласную лясную экасыстэму.
У сваю чаргу, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім выступе на саміце падкрэсьліў, што да 2030 году Кіеў мае намер скараціць выкіды парніковых газаў на 65 працэнтаў і да 2060 году дасягнуць кліматычнай нэўтральнасьці.
Кліматычная канфэрэнцыя ААН у Глазга пачалася 1 лістапада і працягнецца два тыдні. У ёй бяруць удзел больш за 25 тысяч чалавек з 200 краін. Удзельнікі маюць намер абмеркаваць пытаньні глябальнага пацяпленьня і падвесьці вынікі пяцігадовай працы Парыскага пагадненьня.
Перад самітам у Шатляндыю прыехалі некалькі сотняў актывістаў. Сярод іх — швэдзкая экаактывістка Грэта Тунбэрг. Яна паведаміла сваім прыхільнікам, што лічыць канфэрэнцыю ААН правалам, а сусьветных лідэраў, якія ў ёй удзельнічаюць, прытворшчыкамі, ня здольнымі нічога зьмяніць.