Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 1 лістапада. Смаргонца асудзілі на два гады «хіміі» за камэнтар у «Аднаклясьніках»

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі штодня адбываюцца разгляды і прысуды ў крымінальных справах, заведзеных на ўдзельнікаў пратэстаў супраць кіраваньня Лукашэнкі і фальсыфікацыі выбараў у 2020 годзе.

У Смаргонях на два гады «хіміі» асудзілі Дзьмітрыя Дудойця.

Яго абвінавацілі ў зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК).

Паводле абвінавачаньня, Дзьмітры Дудойць 21 чэрвеня 2020 году у «Аднакласьніках» на старонцы Вольгі Карач пакінуў абразьлівы камэнтар пад фатаграфіяй начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталя Куляшова.

Прысуд 29 кастрычніка агучыў судзьдзя Сяргей Боландзь, паведаміла «Вясна».

Менчука аштрафавалі за непадпарадкаваньне міліцыі

1 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна Менску прайшоў суд над Раманам Сербантовічам. Яго абвінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП), паведаміла «Вясна назірае».

Міліцыянты затрымалі хлопца ўвечары 29 кастрычніка на Рэвалюцыйнай вуліцы, 3 (там месьціцца ГУБАЗіК) і абвінавацілі ў тым, што Раман адмовіўся прайсьці ў РУУС Цэнтральнага раёну, упіраўся, хапаў за форму. Сербатовіч віну прызнаў.

Сьведка Александровіч у судзе сказаў, што Сербантовіча затрымалі паводле падазрэньня ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

У выніку судзьдзя Вікторыя Шабуня аштрафавала Рамана Сербантовіча на 1450 рублёў (50 базавых велічынь).

У Магілёве затрымлі палітыка Алега Аксёнава

Алег Аксёнаў, архіўнае фота
Алег Аксёнаў, архіўнае фота

Каардынтара аргкамітэту партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Алега Аксёнава затрымалі 31 кастрычніка міліцыянты Ленінскага РАУС.Прычына затрыманьня пакуль невядомая, паведаміў тэлеграм-канал Mayday.

У кастрычніку ў «палітычных» крымінальных справах асудзілі ня менш за 95 чалавек

Усім ім агулам прысудзілі 67 гадоў і 9 месяцаў пазбаўленьня волі, 54,5 года «хіміі» і 70 гадоў «хатняй хіміі», паведаміла «Вясна».

Паводле праваабаронцаў, цяпер больш судзяць за выказваньне поглядаў, чым за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Такім чынам, задушыўшы пратэсты, улады маняцца задушыць іншадумства, лічаць праваабаронцы.

За кастрычнік колькасьць колькасьць палітвязьняў павялічылася на 117 чалавек — усяго іх цяпер 831.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG