«У канцы кастрычніка 1937 году па ўсёй Беларусі пракацілася хваля расстрэлаў вернікаў, а ў падвалах менскай турмы закатаваныя звыш сотні прадстаўнікоў культурнай і навуковай эліты. Менавіта таму і ў царкоўным, і ў грамадзянскім календары апошнія дні кастрычніка стаяць асобна, як дні нацыянальнага смутку, а дата 28 кастрычніка абраная днём памяці навапакутнікаў беларускіх», — адзначаецца на афіцыйным партале БПЦ.
Удакладняецца, што жалобная дата вызначаная рашэньнем Сьвятога Сынода Беларускай Праваслаўнай Царквы ў 2011 годзе. Зьдзяйсняць памінальныя службы належыць 28 кастрычніка пры супадзеньні зь нядзельным днём або ў бліжэйшую нядзелю пасьля таго.
У пералік навапакутнікаў і спавядальнікаў уключаны 30 імёнаў, у іх гонар узьведзеныя храмы ў Менску, Магілёве, Горадні, Гомлі, Дзятлаве, Скідалі ды іншых месцах.
Пры гэтым у паведамленьні гаворыцца, што сёлета 31 кастрычніка царква будзе памінаць ня толькі тых, хто пацярпеў за веру Хрыстову, а ўсіх ахвяраў рэпрэсій.