Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«1937 год нікуды ня зьнік». Беларусы Кіева далучыліся да чытаньня вершаў расстраляных паэтаў


«Ноч расстраляных паэтаў», акцыя ў Кіеве
«Ноч расстраляных паэтаў», акцыя ў Кіеве

Людзі, якія ўцякалі зь Беларусі пад пагрозай крымінальнага перасьледу, далучыліся да ініцыятывы Ганны Севярынец і зладзілі імпрэзу ў памяць пра расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка ў 1937 годзе беларускіх паэтаў.

Арганізацыяй займалася гамяльчанка Аляксандра Молатава, якая вымушана летась зьехала ва Ўкраіну.

«Не далучыцца да гэтай ідэі было немагчыма, бо карані нашых праблемаў у 2020 годзе палягаюць у 1937 годзе. Тыя ж катаваньні і перасьлед беларускасьці, інтэлігенцыі... усё, што зьвязана з новай Беларусьсю, спачатку спрабавалі зьнішчыць у 1937-м», — перакананая Аляксандра.

Паводле яе, ініцыятыву падтрымалі і іншыя беларусы-ўцекачы — яны займаліся афармленьнем залі для імпрэзы і ўдзельнічалі ў ёй, дэклямуючы вершы расстраляных беларускіх паэтаў — Юркі Лявоннага, Юлія Таўбіна, Валера Маракова, Ізі Харыка, Міхася Чарота, Тодара Кляшторнага і Алеся Дудара.

Вядоўцамі імпрэзы сталі актор Яўген Казакевіч і тэлевядоўца і сьпявачка Кацярына Ваданосава, якая зьехала зь Беларусі пасьля пагрозы забраць дзяцей.

«На жаль, у школах ды ўнівэрсытэтах даюць вельмі мала інфармацыі пра гэты пэрыяд, і ён вельмі мала асьвятляецца. І мы ня ведаем усіх імёнаў, а гэта вельмі важна ведаць», — кажа Аляксандра.

На пачатку імпрэзы беларускі музыка і літаратар Алесь Плотка расказаў пра тое, што адбывалася ў Беларусі ў 20–30-я гады мінулага стагодзьдзя, у прыватнасьці, пра палітыку ў нацыянальным пытаньні.

Адзін з наведнікаў акцыі Мікола Семашчук тлумачыць, што зьехаў зь Беларусі, каб не плаціць падаткі рэжыму. Ён кажа, што пачаў знаёміцца зь беларускай гісторыяй малым дзіцем, калі «на плячох у таты» прыйшоў на адзін зь мітынгаў, дзе ўпершыню пабачыў і пачуў Зянона Пазьняка.

«Я даволі часта наведваў Курапаты. Мне было цікава, я бачыў тую атмасфэру... тыя падзеі выклікаюць у мяне сум і тугу праз тое, што сталася і каго ня стала», — дадаў Мікола Семашчук.

Мікола Семашчук
Мікола Семашчук

Удзельнікам імпрэзы паказалі відэаролік са зваротам Сьвятланы Ціханоўскай, якая таксама прачытала вершы. Было паказана відэа пра расстраляных у 1937 годзе паэтаў і пра тых беларусаў, якія загінулі ў часе акцыяў пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020-га.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG