Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста Дзяніса Івашына абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве»


Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

Цяпер яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Вольга Івашына.

Новае абвінавачаньне Івашыну выставілі яшчэ 2 верасьня, аднак нумар артыкулу стаў вядомы толькі нядаўна. Яго вінавацяць у «здрадзе дзяржаве» (частка 1 артыкулу 356 КК Беларусі). Пра гэта Вольгу Івашыну паінфармавалі з КДБ у адказ на ейны зварот.

Спачатку Івашына вінавацілі толькі ва ўмяшаньні ў дзейнасьць супрацоўнікаў унутраных справаў (артыкул 365 КК), яму пагражала да трох год калёніі. Абставіны справы не былі вядомыя. Аднак сваякі і калегі мяркуюць, што прычына ў тым, што Дзяніс расьсьледаваў як былыя ўкраінскія бэркутаўцы ўладкоўваюцца на працу ў беларускі АМАП.

Хто такі Дзяніс Івашын

  • Дзяніс Івашын нарадзіўся 6 чэрвеня 1979 году ў Горадні.
  • Журналіст-расьсьледавальнік. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Жанаты.
  • Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і рэдактарам-валянтэрам беларускай вэрсіі сайта міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны.
  • Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
  • Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 году, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкулу («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»).
  • Сваякі і калегі меркавалі, што затрыманьне Івашына зьвязана зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта тэлеканалу «Настоящее время».
  • Івашын высьветліў, што ў беларускім АМАПе налічваецца больш за дзесяць экс-беркутаўцаў, якія атрымалі грамадзянства і прынятыя на працу з парушэньнем закону. Паводле яго інфармацыі, экс-беркутаўцы ўдзельнічалі ў задушэньні масавых пратэстаў у 2020 годзе. Журналіст сьцьвярджаў, што ўсе зьвесткі для расьсьледаваньня браў з адкрытых крыніц.
  • Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.
  • У траўні 2021 году ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусьцілі разьвітацца зь ёй.
  • Са словаў сваякоў, ліставаньне зь Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць у абодва бакі.
  • У чэрвені стала вядома, што ў Дзяніса ў карцэры здарыўся сардэчны прыступ. Яму выклікалі кардыёляга, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі.
  • Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.
  • У верасьні 2022 году журналіста асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўленьня волі паводле арт. 356 (здрада дзяржаве) і арт. 179 (незаконны збор і распаўсюд зьвестак пра прыватнае жыцьцё) Крымінальнага кодэксу.
  • У канцы чэрвеня 2023-га Івашына перавялі на турэмны рэжым. Жонка палітвязьня Вольга адзначыла, што пра працэс па зьмене рэжыму ня ведалі ані сваякі, ані адвакат.
  • У ліпені 2023 году палітвязьня перавялі з магілёўскай калёніі № 15 у жодзінскую турму на падставе рашэньня суду Кастрычніцкага раёну Магілёву.
  • У красавіку 2024-га ад жонкі журналіста стала вядома, што Івашына пазбавілі перадач. Яна таксама паведаміла, што дасылаць вітаміны ў турму або калёнію можна толькі на падставе адмысловага дазволу лекара пэнітэнцыярнай установы. Раней такое правіла распаўсюджвалася толькі на неабходныя лекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG