Зьмест новага абвінавачаньня, аднак, невядомы. Тэрмін утрыманьня Дзяніса Івашына пад вартай падоўжылі, паведамляе «Новы час».
Жонка журналіста Вольга Івашына атрымала дакумэнт ад начальніка сьледчага аддзелу УКДБ. Там гаворыцца пра прад’яўленыя абвінавачаньні: у зьдзяйсьненьні «менш цяжкага» і «асабліва цяжкага злачынства».
Першае можа тычыцца «ўмяшаньня ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў», за гэта Івашына і затрымалі. А што за другое абвінавачаньне, сваякам палітвязьня пакуль невядома.
«А скончыцца тэрмін „дасудовага“ ўтрыманьня па гэтым невядомым артыкуле, яшчэ нешта прыдумаюць?» — пытаецца Вольга Івашына.
Хто такі Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын — журналіст-расьсьледавальнік з Горадні, пад вартай ужо амаль паўгода. Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкула («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»).
Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына зьвязана зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта расейскамоўнаму тэлеканалу «Настоящее время».
Дзянісу Івашыну 42 гады, ён жанаты. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.
У траўні ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусьцілі разьвітацца зь ёй.
Са словаў сваякоў, ліставаньне зь Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць. Пасьля таго як ён выйшаў з карцару ў чэрвені, стала вядома, што ў яго там здарыўся сардэчны прыступ. Выклікалі кардыёляга, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі.