На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў, былы беларускі дыплямат Павал Сьлюнькін і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў.
Сьлюнькін
- Лукашэнка ня хоча адмаўляцца ад ідэі прымусіць ЭЗ да перамоваў.
- ЭЗ ня хоча ісьці на саступкі, ЭЗ хоча спыніць гэтую міграцыйную хвалю, каб Лукашэнка не атрымаў таго, чаго ён хоча.
- Яны спрабуюць працаваць з урадамі краінаў, зь якіх мігранты едуць у Беларусь, разглядаюць санкцыйныя мэханізмы.
- Пытаньне ў тым жа стане, у якім было месяц таму.
- Новы этап будзе, калі будзе ўведзены адмысловы пакет санкцыяў ЭЗ, «прысьвечаны» рэакцыі на дзеяньні беларускіх уладаў на межах Зьвязу.
- Эўразьвяз адмовіўся дапамагаць Літве і Польшчы будаваць муры на мяжы зь Беларусьсю.
- На гэта Лукашэнка і разьлічвае.
- З 2015 году Заходняя і Ўсходняя Эўропа занялі розныя пазыцыі адносна мігрантаў.
- У ЭЗ адбываецца дыскусія, як ставіцца да гэтых мігрантаў — як да ўцекачоў, як да эканамічных мігрантаў ці як да злачынцаў.
- Калі краіна хоча ператварыцца ў «прахадны двор» для мігрантаў, то зь ёю амаль нічога немагчыма зрабіць.
- Так рабіла Турэччына, яна вымусіла ЭЗ пайсьці на саступкі.
- Нядаўна была падобная сытуацыя ў стасунках Марока і Гішпаніі. Марока дамаглося свайго, і Гішпанія саступіла.
- Можна паглядзець, наколькі пасьпяхова ЭЗ уплываў на Лукашэнку праз Пуціна з пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі.
- І Макрон, і Мэркель тэлефанавалі Пуціну.
- Чаму Пуцін павінен саступаць? Што яму можа ўзамен саступіць Эўразьвяз?
- Невідавочна, што калі б Пуцін нават захацеў, Лукашэнка яго б паслухаўся і спыніў міграцыйную хвалю.
- У ЭЗ перабольшваюць уплыў Расеі на прынцыповыя рэчы ў Беларусі.
- Я шмат якім калегам з эўрапейскіх краінаў задаваў пытаньне — ці будзеце вы размаўляць з Лукашэнкам?
- І ўсе яны як адзін кажуць — не, ня будзем.
- Але мне здаецца, што пры нейкіх умовах будуць.
- Калі пяты пакет санкцыяў пачне дзейнічаць, а Лукашэнка адчуе, што сытуацыя для яго робіцца пройгрышнай (пакуль яна не такая), то ён будзе ізноў падвышаць стаўкі.
- Гэта гульня — хто першы міргне. І Лукашэнка — ня той чалавек, які любіць рабіць гэта першым.
Цыганкоў
- Не было «беларускага каналу», пакуль беларускія ўлады фактычна адкрыта не запрасілі мігрантаў ехаць у Беларусь і накіроўвацца ў Эўропу.
- З 2015 году ў ЭЗ абмяркоўваюць, як спыняць міграцыйныя хвалі.
- Перамовы з краінамі, зь якіх мігранты паходзяць, — гэта адзін са шляхоў.
- Галоўны шлях — гэта даказаць мігрантам, што яны не пяройдуць мяжу.
- Некалькі тысячаў мігрантаў здолелі трапіць у Нямеччыну.
- Лукашэнка не дасягнуў ніводнай сваёй мэты, акрамя як стварыць Эўразьвязу праблемы і раззлаваць яго.
- Левая апазыцыя ў Польшчы дэманстравала ў Сэйме фота пакутаў мігрантаў.
- Ну, а калі б у Польшчы цяпер былі ва ўладзе левыя — хіба яны інакш ставіліся б да сытуацыі на мяжы?
- Эўропа пашырае квоты на легальных мігрантаў.
- Нельга прадстаўляць ахвяраў мігранцкага крызісу толькі як ахвяраў.
- Яны ведалі, на што яны ідуць.
- Калі я паплыву ў мора, то я апынуся ў жахлівых умовах і патану. Гэта мая віна ці тых, хто мяне ня выратаваў?
- Я зьдзіўляюся, як можна здымаць адказнасьць з гэтых людзей.
- У 2015 годзе на мяжы Расеі і Фінляндыі зьявіліся сотні мігрантаў з блізкаўсходніх краінаў.
- Тады Хэльсынкі пайшлі на перамовы з Крамлём, і мігранты на мяжы як зьявіліся, так і зьніклі.
- Мэтадычка была распрацаваная раней і не Беларусьсю.
- Польшча пачала перасоўваць свае войскі да ўсходняй мяжы яшчэ ў 2014 годзе, пасьля расейскай анэксіі Крыму.
Што было раней
- У чацьвер, 28 кастрычніка, польскія памежнікі зафіксавалі 575 спробаў пераходу мяжы зь Беларусі па-за пунктамі пропуску. 7 мігрантаў затрымалі, астатніх завярнулі. За дапамаганьне мігрантам затрымалі 9 чалавек.
- Польшча зьбіраецца пабудаваць агароджу на мяжы зь Беларусьсю ўжо ў першай палове наступнага году, заявіў міністар замежных спраў Марыюш Камінскі.
- У Літве вырасла колькасьць спробаў парушэньня мяжы — 28 кастрычніка памежнікі завярнулі 186 нерэгулярных мігрантаў. Больш мігрантаў спрабавалі трапіць у Літву толькі на пачатку міграцыйнага крызісу ў жніўні, паведаміў Delfi. Памежнікі чулі стрэлы і бачылі сыгнальныя ракеты зь беларускага боку.
- Ад пачатку міграцыйнага крызісу ў жніўні літоўскія памежнікі не прапусьцілі ў краіну больш за 5 тысяч мігрантаў, звыш 4 тысяч мігрантаў зьмясьцілі ў лягеры ўцекачоў. Латвійскія памежнікі прадухілілі амаль 2 тысячы спробаў парушэньня мяжы, у цэнтры ўцекачоў зьмясьцілі больш за паўсотні чалавек.
- У кастрычніку было прадухілена больш за 15 тысяч спробаў пераходу мяжы па-за пунктамі пропуску ў Польшчы і больш за 2 тысячы — у Літве.
- Нямеччына дамовілася аб спыненьні палётаў уцекачоў з Іраку ў Беларусь. Ярданія таксама адмяніла некалькі рэйсаў.