«Уладзімір Пуцін 4 лістапада па відэасувязі паўдзельнічае ў пасяджэньні вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі», — спасылаецца ТАСС на прэс-сакратара Крамля Дзьмітрыя Пяскова.
Адпачатку плянавалася, што пасяджэньне адбудзецца ў вочным фармаце ў Менску, дзе бакі зьбіраліся падпісаць 28 саюзных праграмаў інтэграцыі.
28 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з генпракурорам Расеі Ігарам Красновым пацьвердзіў правядзеньне вышэйшага дзяржсавету 4 лістапада.
«За апошнія паўтара дзясятка гадоў мы зробім рашучы крок у нашай інтэграцыі», — падкрэсьліў ён.
Аднак незадоўга да анансаванай падпісаньня прапагандысты ў Маскве і Менску абмяняліся крытычнымі выпадамі ў адрас першых асобаў, што, на думку аналітыкаў, магло адкарэктаваць першапачатковыя задумы.
У верасьні Лукашэнка заявіў, што на пасяджэньні мяркуецца зацьвердзіць распрацаваныя праграмы саюзнай дзяржавы акурат у Дзень народнага адзінства ў Расеі. Дзеля гэтай падзеі плянавалася вочная сустрэча Пуціна і Лукашэнкі.