Што насамрэч адбылося і чаму? Тлумачым у пяці пунктах.
1. Што папярэднічала перавароту?
Пасьля таго як у 2019 годзе быў зрынуты аўтарытарны прэзыдэнт Амар аль-Башыр, які кіраваў Суданам 30 гадоў, уладу падзялілі паміж сабой вайскоўцы і цывільныя палітыкі, кіруючы краінай пры дапамозе так званай Сувэрэннай рады. Аднак Сувэрэнная рада стала месцам пастаянных спрэчак і канфліктаў паміж прадстаўнікамі арміі і цывільнай адміністрацыі.
2. Што стаіць за сёньняшнім напружаньнем?
Вайсковыя лідэры ў Сувэрэннай радзе патрабавалі рэформаў ад сваіх цывільных калегаў і заклікалі зьмяніць кабінэт міністраў, які цяпер няздольны рэфармаваць эканоміку і абнавіць краіну. Цывільная частка рады адхіляла гэтыя патрабаваньні. У сваю чаргу, прэмʼер-міністар Абдала Хамдок абвінавачваў у праблемах краіны прыхільнікаў Башыра, многія зь якіх, як лічыцца, застаюцца яшчэ ў арміі, спэцслужбах і іншых дзяржаўных установах.
3. Магчымасьць палітычнага кансэнсусу
Яна невялікая. У сёньняшнім Судане ня менш за 80 палітычных партый. У папярэднія дзесяцігодзьдзі расколы і няздольнасьць палітычных партый дамагчыся кансэнсусу раз за разам адкрывалі шлях для ўмяшаньня вайскоўцаў, якія арганізоўвалі перавароты, матывуючы іх навядзеньнем парадку.
4. Што цяпер адбываецца?
Кіраўнік Сувэрэннай рады выступіў з прамовай, у якой абвясьціў надзвычайнае становішча і распусьціў як кабінэт, так і самую раду. Адзін з вайсковых лідэраў, генэрал Абдэль Фатах Абдэльрахман Бурхан, заявіў, што выбары ў краіне пройдуць у ліпені 2023 году. Дзяржаўныя тэлевізія і радыё апынуліся пад кантролем вайскоўцаў. У краіне абмежавалі карыстаньне інтэрнэтам.
5. Што можа адбыцца далей?
Як паведамляецца на старонцы Міністэрства інфармацыі ў Facebook, прэмʼер-міністар заклікаў людзей выступіць у падтрымку ўраду. У сталіцы краіны, Хартуме, адбываюцца вулічныя дэманстрацыі. Камэнтатары нагадваюць, што ў чэрвені 2019 году, да таго як быў дасягнуты кампраміс адносна дэмакратычнага пераходу ўлады, салдаты адкрылі агонь па дэманстрантах у Хартуме, у выніку чаго загінулі ня менш як 87 чалавек.