Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калесьнікава пра свой вырак і чаканы этап у калёнію: «Гэты шлях праходзяць многія, а разам ня страшна»


Марыя Калесьнікава ў судзе. Менск, 6 верасьня 2021 году.
Марыя Калесьнікава ў судзе. Менск, 6 верасьня 2021 году.

Марыя Калесьнікава рыхтуецца да разгляду яе скаргі на прысуд у Вярхоўным судзе, аднак дата паседжаньня пакуль не вядомая.

Бацька палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай расказаў «Народнай волі» пра ліст ад дачкі, які атрымаў на гэтым тыдні, а таксама падрабязнасьці сустрэчы зь ёю ў СІЗА на Валадарскага.

У сваім апошнім лісьце бацьку Марыя Калесьнікава, асуджаная на 11 гадоў калёніі агульнага рэжыму, напісала:

«За мяне не перажывай. Павер, што і калёнія, і дарога туды мяне наагул не палохаюць. Паўсюль людзі. І многія зь іх добрыя. Па-першае, гэты шлях, які я праходжу, праходзяць многія. А разам ня страшна. Па-другое, праз увесь гэты жах многія праходзілі і ў савецкай гісторыі, і ў наш час, але ўсё роўна выжывалі і заставаліся людзьмі.

Вельмі хачу пачаць перапіску зь Міхаілам Хадаркоўскім (расейскі бізнэсовец і палітык, які быў асуджаны і прызнаны „Міжнароднай амністыяй“ вязьнем сумленьня). Што думаеш з гэтай нагоды? Абдымаю цябе і ўсіх астатніх. Беражы сябе і памятай: я з табой усім сэрцам!»

На мінулым тыдні Аляксандар Калесьнікаў змог сустрэцца з дачкой у СІЗА на Валадарскага. Ён сказаў, што спатканьне доўжылася крыху больш за гадзіну:

«Маша вонкава выглядала досыць добра, была вясёлая. Размова праходзіла без напружаньня, хаця заўсёды непрыемна весьці шчырую гутарку, калі цябе падслухоўваюць. Але дачка так змагла пабудаваць дыялёг, што пра іншых прысутных нават забыўся і адразу палепшыўся настрой».

6 верасьня Менскі абласны суд асудзіў Марыю Калесьнікаву на 11 гадоў калёніі агульнага рэжыму і Максіма Знака, юрыста штабу Віктара Бабарыкі, — на 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта спробу дзяржаўнага перавароту.

Раней Марыя Калесьнікава паведаміла, што за час знаходжаньня ў няволі ў яе ўзьнік праект на будучыню — пераўтварыць Пішчалаўскі замак (гістарычны аб’ект, у якім цяпер знаходзіцца СІЗА № 1. — Аўт.) у вялікі культурны хаб, дзе знойдзецца месца і Музэю гісторыі сталінізму, і пляцоўкам для спэктакляў і музычных мерапрыемстваў... Маша верыць, што некалі яе ідэя зможа ажыцьцявіцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG