Восеньню 2021 году прадстаўнікі беларускай кінапрэсы стварылі спэцыялізаваную прэмію «Чырвоны верас».
Яе мэта — вызначыць і ўзнагародзіць найлепшыя стужкі, створаныя беларускімі аўтарамі за апошнія 2 гады, паведамляе marketing.by.
Галасаваньне пройдзе па 13 намінацыях:
- Найлепшы поўнамэтражны гульнявы фільм.
- Найлепшы кароткамэтражны гульнявы фільм.
- Найлепшы поўнамэтражны дакумэнтальны фільм.
- Найлепшы кароткамэтражны дакумэнтальны фільм.
- Найлепшы анімацыйны фільм.
- Найлепшы рэжысэр.
- Найлепшы актор.
- Найлепшая акторка.
- Найлепшая праца апэратара.
- Найлепшы сцэнар.
- Найлепшае мастацкае рашэньне (праца мастака-пастаноўшчыка).
- Найлепшае музычнае афармленьне.
- Адкрыцьцё году.
Арганізатары прэміі — чацьвёра журналістаў: Ірэна Кацяловіч, Дар’я Амяльковіч, Максім Карпіцкі і Тарас Тарналіцкі. Дызайн прэміі стварыў прадпрымальнік і рэжысэр Іван Масьлюкоў.
Вырашаць лёс стужак будзе пашыраны склад журы, у які, апроч сябраў аргкамітэту прэміі, увайшлі вядомыя журналісты, кіназнаўцы, дасьледчыкі і блогеры, якія займаюцца тэмай кіно: Максім Жбанкоў, Ігар Сукманаў, Ірына Дзям’янава, Андрэй Расінскі, Антон Каляга, Ульяна Будзік, Юры Кастузік, Галіна Шур, Вольга Раманава і г.д. — усяго 18 асобаў, падрабязны сьпіс апублікуюць пазьней. Галасаваньне будзе праходзіць онлайн пасьля заканчэньня прыёму заявак.
«Прэмія супольнасьці беларускай кінакрытыкі мусіла нарадзіцца ў больш спрыяльны для нашага кіно час, але штуршком для яе заснаваньня сталі беспрэцэдэнтныя культурныя рэпрэсіі ў краіне. Ліквідацыя кампаній, якія садзейнічалі зьяўленьню і папулярызацыі беларускага (незалежнага) кіно, зьмяненьне выпрацаванай у папярэднія гады канцэпцыі Менскага міжнароднага кінафэстывалю „Лістапад“ (у сувязі са зьменай арганізатара паводле рашэньня Мінкульту) выносяць працу беларускіх кінэматаграфістаў на абочыну культурных працэсаў. У пошуках выйсьця з сытуацыі і ў мэтах падтрымкі беларускага (незалежнага) кінэматографу супольнасьць беларускіх кінакрытыкаў вырашыла заснаваць прэмію „Чырвоны верас“», — зазначае аргкамітэт прэміі.
Падаваць заяўкі ў якасьці прэтэндэнтаў на прэмію запрашаюцца аўтары каротка- і поўнамэтражных гульнявых, дакумэнтальных і анімацыйных фільмаў, прэм’ера якіх адбылася паміж пачаткам 2019 і канцом 2020 году.
Для ўдзелу неабходна запоўніць адмысловую форму. Тэрмін падачы заявак — з 21 кастрычніка да 21 лістапада 2021 году ўключна.