«Дачка захварэла 23 верасьня. З прычыны высокай тэмпэратуры і кашлю яна запісалася на прыём да тэрапэўта. У выніку яе адправілі на бальнічны. Ад тэмпэратуры лекар выпісала ёй толькі парацэтамол, спасылаючыся на тое, што ня ведае, чым лячыць цяжарных», — расказвае суразмоўца, якая не пажадала называць сваё імя.
25 верасьня, кажа маці, жанчыне ўжо выклікалі хуткую. Аднак класьці яе ў бальніцу лекары першапачаткова не хацелі, сьцьвярджае маці. Паводле суразмоўцы, такое рашэньне прынялі, толькі ўзяўшы аналіз крыві, вынік якога пацьвердзіў заражэньне каранавірусам.
«З той прычыны, што дачцэ было цяжка дыхаць, ёй падключылі кісларод, але з кожным днём яна адчувала сябе ўсё горш».
Па словах суразмоўцы, з 25 па 29 верасьня яе дачку нічым не лячылі, толькі зьбівалі тэмпэратуру.
«Калі яна скардзілася, што задыхаецца, лекар казала ёй: „Ляжы больш на жываце“. І гэта пры цяжарнасьці на 24 тыдні!» — кажа суразмоўца.
29 верасьня, па словах маці, жанчыну адвезьлі ў адзін са шпіталяў Гомля і паклалі ў рэанімацыю.
«У яе было 40% паражэньня лёгкіх, кожны дзень ёй мянялі [кіслародныя] маскі, але адчувала яна сябе толькі горш. Па 10 гадзін ёй капалі кропельніцы. Якія менавіта? Ніхто не казаў. 8 кастрычніка яна раніцай даслала [нам] фатаздымак у масцы і напісала: „Апошні дзень“. Што яна мела на ўвазе, я ня ведаю», — успамінае маці жанчыны.
Яна сьцьвярджае, што ўвесь дзень тэлефанавала ў рэанімацыю, але ёй адказвалі, што ўсе лекары занятыя.
«Казалі: „Тэлефануйце пазьней“. Я набірала праз кожную гадзіну. Калі вечарам урэшце датэлефанавалася, лекар мне сказаў, што дачка моцна нэрвавалася, зрывала маску. Таму ёй укалолі снатворнае, а маску зьнялі. Пасьля гэтага ў яе здарыўся шырокі інсульт, яе падключылі пад ШВЛ, і 12 кастрычніка дачкі ня стала».
Жанчына дадала, што, за некалькі дзён да сьмерці яе дачцэ рабілі паўторна кампутарную тамаграфію. На той момант, па яе словах, у яе ўжо было 85% паражэньня лёгкіх.
«Калі мы забралі яе з моргу, нам выдалі даведку аб сьмерці, у якой было напісана, што жанчына памерла на трэція суткі пасьля родаў, са спадарожным каранавірусам, — кажа суразмоўца. — Можа, ёй рабілі кесарава сячэньне, ці яшчэ што. Нам пра гэта не сказалі ні слова. Як жыць з тым, што здарылася, я ня ведаю. Дома ў дачкі засталося трое дзетак...»
Лекар і дасьледчыца пра сытуацыю зь цяжарнымі, якія хварэюць на COVID-19
Лекар-гінэколяг сталічнага шпіталя, які пажадаў застацца ананімным (прозьвішча ёсьць у рэдакцыі. — РС), кажа, што падчас хвалі штаму «Дэльта» хварэе шмат маладых — адпаведна, у тым ліку і цяжарных.
— Апошнім часам зьявіліся паведамленьні пра сьмерці цяжарных у розных беларускіх шпіталях ад каранавірусу. Афіцыйнае пацьверджаньне не заўсёды магчыма атрымаць. Што вам вядома пра гэта?
— Мне вядома пра дзьвюх жанчын, якія нядаўна памерлі пасьля таго, як нарадзілі, маючы COVID-19. Адна ў 6-й ГКБ, другую перавялі з 6-й ГКБ у МНПЦ, дзе яна неўзабаве памерла. Дзеці жывыя. Да таго ж цяпер у 6-й ГКБ ёсьць яшчэ цяжкія цяжарныя жанчыны ў рэанімацыі.
— У Беларусі заўсёды мэдычныя чыноўнікі ганарыліся нізкімі паказьнікамі сьмяротнасьці ў родах жанчын і немаўлятаў. Якая мае быць рэакцыя на такія сьмерці на ўзроўні шпіталя, Мінздароўя?
— На жаль, гэтая статыстыка (аб нізкай мацярынскай і дзіцячай сьмяротнасьці) таксама можа фальсыфікавацца. Рэакцыю прадказаць цяжка, бо ўлады занялі актыўную ковіддысыдэнцкую пазыцыю, таму чарговага разносу не прадбачыцца. Хоць некалькі гадоў таму быў выпадак у 3-й ГКБ, калі пасьля сьмерці пасьляродавай жанчыны супрацоўнікаў дапытваў спачатку Сьледчы камітэт. Калі нічога супрацьзаконнага не знайшлі, былі ўжо масавыя допыты супрацоўнікаў у КДБ.
— Ці была інфармацыйная кампанія сярод цяжарных пра меры засьцярогі ад каранавірусу?
— Наколькі мне вядома, не. Вакцынацыю цяжарных ухвалілі зусім нядаўна. Кампанія вакцынацыі ў нашай краіне, на маю думку, праваленая. Адсутнасьць абмежавальных захадаў у краіне ніяк не спрыяе абароне цяжарных ад ковіду.
— Ці рабіліся ў Беларусі прышчэпкі цяжарным? Ці ёсьць нейкія лічбы пра гэта?
— Лічбаў няма, але дазволілі прышчапляць зусім нядаўна. Да гэтага часу цяжарных афіцыйна прышчапляць было нельга.
— Як арганізм цяжарнай жанчыны рэагуе на каранавірус? Ці больш ён абаронены ў сілу цяжарнасьці, ці, наадварот, больш уразьлівы?
— Паводле наяўных дадзеных, цяжарныя ў 1–2 трымэстры ня моцна адрозьніваюцца па цячэньні ковіду ад нецяжарных.
А вось трэці трымэстар у некаторых замежных публікацыях прызнаецца фактарам рызыкі, асабліва пры наяўнасьці іншых фактараў рызыкі. Асаблівасьць цяперашняй хвалі — вялікая частата цяжкіх выпадкаў у маладых (адпаведна, у цяжарных таксама).
— Наколькі сытуацыя ў Беларусі з захворваньнем цяжарных на ковід і сьмерцямі ад ковіду адпавядае сусьветнай тэндэнцыі?
— Пра сусьветную сытуацыю: паводле апублікаваных дадзеных, пры шпіталізацыі цяжарных у стацыянар з ковіднай інфэкцыяй — гаворка аб шпіталізацыі цяжарнай у сувязі з ковідам (цяжкім ковідам) — сьмяротнасьць дасягае 6,4 працэнта.
У іншым дасьледаваньні прааналізаваныя 230 выпадкаў ковіду ў цяжарных, у выніку загінула 1 жанчына і 2 нованароджаных (варта ўлічваць, што цяжкае цячэньне covid-19 — істотны фактар рызыкі заўчасных родаў). З усіх жанчын 5,2% мелі патрэбу ў ШВЛ.
Варта ўлічваць, што дэльта можа працякаць цяжэй. Нашы рэаліі будуць відавочна ня лепшыя за агульнасусьветныя, але ў нас няма статыстыкі. А да таго, што публікуе наша Міністэрства аховы здароўя, няма даверу.
— Вашае меркаваньне наконт прышчэпак ад каранавірусу для цяжарных?
— Прышчапляцца, прышчапляцца і яшчэ раз прышчапляцца. Цяжарнасьць — не падстава адкладаць вакцынацыю.
Супрацоўніца Манчэстэрскага гарадзкога ўнівэрсытэту мікрабіёляг Вікторыя Дароніна кажа наступнае:
«На тэму вакцынацыі цяжарных жанчын ужо выйшла дасьледаваньне, паколькі ўжо пачалі прышчапляць у Брытаніі, напрыклад. І яно ня выявіла ніякай розьніцы ў выніках родаў паміж прышчэпленымі і непрышчэпленымі жанчынамі. Вага немаўляці, колькасьць няўдалых родаў — паказьнікі адны і тыя ж. Калі вы цяжарная або зьбіраецеся зацяжараць, проста прышчапіцеся Sinovac’ам [вакцына Sinovac-CoronaVac. — РС]. Цяжарных прышчапляюць ад іншых хвароб, і гэта будзе тое ж самае».