Паводле праваабаронцаў, у канцы лета Сьледчы камітэт заявіў аб адмове праводзіць расьсьледаваньне катаваньняў у ізалятарах на Акрэсьціна ў жніўні 2020 году.
У большай частцы выпадкаў, вядомых праваабаронцам, ніхто не высьвятляў асобаў і не апытваў датычных да катаваньняў супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. Таксама не зьбіралі доказаў вінаватасьці пэўных асобаў у катаваньнях і іншых службовых злачынствах.
Праваабаронцы заявілі, што зьбіраюць сьведчаньні людзей пра катаваньні ці бесчалавечнае абыходжаньне з боку сілавікоў пасьля падзей жніўня 2020 году. А таксама копіі пастановаў Сьледчага камітэту аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы.
Паводле юрыста «Вясны» Паўла Сапелкі, колькасьць ахвяраў катаваньняў, якім адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы, дагэтуль дакладна не вядомая.
«Тут няма афіцыйных зьвестак, але гэта ня менш за 680 чалавек, якім адмовіў цэнтральны апарат Сьледчага камітэту. Ёсьць яшчэ шмат адмоваў у завядзеньні крымінальных спраў, якія выносілі іншыя тэрытарыяльныя падразьдзяленьні Сьледчага камітэту», — кажа праваабаронца.
На перакананьне Паўла Сапелкі, калі не абскардзіць гэтых пастаноў, то «дакладна нічога ня будзе». Таму ідэя «Вясны» якраз у тым, каб менавіта абскардзіць і паказаць сваю нязгоду.
«Для тых, хто са зразумелых і вельмі сур’ёзных прычынаў ня можа ці ня хоча абскардзіць гэтую пастанову, асьцерагаецца абскардзіць, ёсьць варыянт проста атрымаць гэту пастанову, захаваць яе для сябе, падзяліцца пры магчымасьці з праваабаронцамі, — кажа Павел Сапелка. — Трэба захаваць гэта для будучыні, для таго расьсьледаваньня, якое калі-небудзь пазьней можа быць праведзена адносна вінаватых».
Паводле Паўла Сапелкі, цяпер дастаткова мэханізмаў, якія спрабуюць задзейнічаць праваабаронцы дзеля таго, каб не пакінуць беспакаранымі злачынствы супраць палітычных праціўнікаў рэжыму, супраць тых, хто зьведаў катаваньні і жорсткае абыходжаньне.
«Вясьне» літаральна з 12 жніўня мінулага году пачалі зьбіраць доказы парушэньняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасьці.
«Гэтая праца не спыняецца дагэтуль. „Вясна“ аказвае дапамогу мэханізмам ААН у зборы дадзеных, сьведчаньняў, доказаў злачынстваў супраць чалавечнасьці. Тое, што цяпер гаворыцца пра вынікі праверкі, гэта толькі адзін са складнікаў гэтай дзейнасьці», — кажа праваабаронца.
Часта ўлады, замест таго каб расьсьледаваць катаваньні і жорсткае абыходжаньне, пачынаюць рэпрэсіі супраць саміх аўтараў такіх заяў.
«Таму для тых, хто асьцерагаецца, ёсьць бясьпечныя мэханізмы збору зьвестак пра тое, што зь імі адбылося», — падсумоўвае Павал Сапелка.