Дзяніс Янкоўскі у пачатку кастрычніка паехаў шукаць здымнае жыльлё ў Кракаве, дзе з 4-га кастрычніка ў яго пачыналася вучоба ў Эканамічным унівэрсытэце, расказаў бацька:
«Сын знаходзіўся зь лістапада мінулага году ў Польшчы. Выехаў пасьля таго, як яго затрымалі на Маршы студэнтаў. Ён адседзеў 15 сутак. І потым мы вырашылі, што яму тэрмінова трэба ехаць з краіны».
Па словах бацькі Дзяніса, некаторы час пасьля выезду зь Беларусі сын знаходзіўся ва Ўкраіне. У Варшаву ён прыехаў у студзені. Празь некаторы час хлопец паступіў на праграму Каліноўскага. Да ліпеня ён праходзіў моўныя курсы пры Варшаўскім унівэрсытэце, пасьля іх заканчэньня паступіў у Кракаўскі эканамічны ўнівэрсытэт. Да эміграцыі Дзяніс вучыўся ў БНТУ на другім курсе па спэцыяльнасьці «Інтэлектуальныя сыстэмы і абсталяваньне».
«У Варшаве Дзяніс жыў зь сябрамі на здымнай кватэры. У жніўні-верасьні ён працаваў у кавярні бармэнам і афіцыянтам практычна без выходных, каб больш зарабіць і паехаць на вучобу. Пакой у інтэрнаце ў Кракаве яму не далі, хоць ён падаваў заяву».
4 кастрычніка Дзяніс паехаў шукаць кватэру ў Кракаў. Ужо 8-га ён перастаў выходзіць на сувязь з роднымі і сябрамі.
«Адразу, як ён туды паехаў, бывала, што зьнікаў з сетак на некалькі дзён. Але ў пятніцу пісаў, што ў яго інтэрнэту не было: потым, што SIM-карту мяняў. Адным словам, казаў, што ў яго ўсё добра. Нам ён тады паведаміў, што спыніўся ў гостэле ў аднамесным нумары за 35 даляраў са сьняданкам».
Пашпарта, па словах родных і сяброў, Дзяніс ня браў. Усе асноўныя рэчы пакінуў у Варшаве, паехаў толькі з адным заплечнікам і тэлефонам.
«У яго была „карта паляка“ з сабой, яе было дастаткова, ды і згубіць ня так страшна, калі што. Плюс усе неабходныя дакумэнты для паступленьня ён раней ужо завёз у Кракаў».
Яўген Янкоўскі кажа, што першапачаткова мог растлумачыць адсутнасьць сувязі зь Дзянісам занятасьцю сына пошукам кватэры. Але ў выніку праз час ужо забіў трывогу.
«Учора таварышы Дзяніса, якія жылі разам зь ім, пачалі пісаць па групах у фэйсбуку, таму што ён рэзка перастаў адказваць на званкі, не зьяўляецца ў сетках. Адзін зь яго сяброў зьвярнуўся ў паліцыю, але там сказалі, што заяву можа пісаць толькі блізкі сваяк. Дзяжурны толькі адказаў, што ў іхных участках ён не затрымліваўся, напрыклад у выцьвярэзьніках і г.д. У шпіталях таксама нічога канкрэтнага сказаць ня могуць, маўляў, інфармацыя канфідэнцыйная».
Бацька Дзяніса кажа, што зьвяртаўся ў польскі кансулят у Берасьці, аднак безвынікова.
«Мне сказалі, што дапамагчы ніяк ня могуць, таму што ён грамадзянін Беларусі на тэрыторыі Польшчы і трэба зьвяртацца да прадстаўніцтва нашай краіны на тэрыторыі Польшчы. Але я зь імі зьвязвацца не хачу, паколькі ня веру, што яны могуць мне ў чымсьці дапамагчы».
Цяпер бацька Дзяніса стараецца перадаць заяву ад свайго імя на прапажу сына ў польскую паліцыю.
«Проста, каб запрасілі хоць нейкую інфармацыю па лякарнях, моргах. Асьцерагаюся толькі, каб, калі ён паехаў на пошук кватэры ўвечары, не сутыкнуўся выпадкова зь нейкім звычайным крыміналам».